News and articles

У Брэсце міліцыя на некалькі гадзін затрымлівала журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву
| Developments 65

У Брэсце міліцыя на некалькі гадзін затрымлівала журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву

3 сакавіка журналісты-фрылансеры накіроўваліся да прыпынку грамадскага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва ...

Да журналістаў падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі праследаваць з імі ў апорны пункт аховы правапарадку. Калі Алесь Ляўчук паспрабаваў запярэчыць гэтай прапанове, міліцыянты ўжылі фізічную сілу і нават спрабавалі выкарыстаць наручнікі.

Падчас затрымання Мілана Харытонава вяла трансляцыю у Facebook.

Яна выказала меркаванне, што супрацоўнікі міліцыі атрымалі загад не дазволіць журналістам трапіць на чарговую сустрэчу праціўнікаў акумулятарнага завода і зрабіць рэпартаж з гэтай падзеі.

У выніку на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву ў міліцэйскім пастарунку склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 22.9 КаАП  (за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі, маючы на ​​ўвазе тэлеканал “Белсат”). Адпусцілі прыкладна праз дзве гадзіны пасля затрымання.

Заўтра журналістаў чакае суд.

Летась паводле гэтага артыкула Ляўчука і Харытонаву судзілі шэсць разоў (агульны штраф склаў больш за 10 тысяч рублёў), а сёлета — яшчэ двойчы і менавіта за асвятленне акцый праціўнікаў акумулятарнага завода.

Так, 9 студзеня суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын аштрафаваў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонава на 50 базавых велічынь кожнага (1275 рублёў). 30 студзеня гэты ж суддзя вынес новае пакаранне журналістам, якое таксама склала па 50 базавых велічынь. У судовым рашэнні было адзначана, што віна Ляўчука і Харытонавай палягала ў тым, што яны, “выконваючы функцыі журналістаў замежнага сродку масавай інфармацыі без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў злоўжывалі правамі і парушылі абавязкі журналістаў”, калі бралі інтэрв’ю на плошчы — падрыхтавалі матэрыял, які пазней быў размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

Крыніца