News and articles

Цяперашні стан фрыланс-журналістыкі зводзіць яе ў тупік: Журналіст-фрылансер пра свае погляды на стан прафесіі
| Hereby freelancer 143

Цяперашні стан фрыланс-журналістыкі зводзіць яе ў тупік: Журналіст-фрылансер пра свае погляды на стан прафесіі

Гуратка з журналістам-фрылансерам Тарасам Тарналіцкім распавядае пра тое, як пачаў супрацоўнічаць з рознымі медыямі і якой яму бачыцца перспектыва фрылансу ва ўмовах ...

Як прыйшоў да фрылансу

–       Тарас, калі і з чаго пачаўся твой досвед фрылансерства?

–       Фрылансерам я пачаў працваць з пачатку мінулага году. А да таго працаваў у газеце “Белорусы и ранок”, карэспандэнтам у Нацыянальным цэнтры маркетынгу, звольніўся. Крыху паспрабаваў папрацаваць без дамовы на Улей, ёсць такая краўндфандынгавая пляцоўка, але мне не спадабалася і я вырашыў вярнуцца ў журналістыку.

 

 

–       А адукацыя ў цябе журналісцкая?

–       Не. Паводле адукацыі я гісторык-архівіст. Працаваў пэўны час у Нацыянальным архіве Беларусі. Але мне хацелася, каб праца была цікавая і давала пэўныя грошы. А архівістам, на жаль, немагчыма нармалёва зарабіць. А да таго я таксама пісаў. Як кінакрытык я пісаў з 2008 года. І я вырашыў, што чаму не? І з 2014 года я зарабляю выключна як журналіст.

–       З кім супрацоўнічаў, як фрылансер?

–       З лета 2017 года я спрабаваў уладкавацца кудысьці на пастаянную працу. Але, ці то мне не пашанцавала, ці тое, што ў мяне няма гэтага журналісцкага дыплома, але пастаянную працу журналіста ў мяне знайсці не артымалася. Усе прапаноўваюць працаваць на ганарарнай аснове, але браць у штат ніхто не хоча. Я паспрабаваў на некалькі сайтаў напісаць. Шмат з кім супрацоўнічаў. Нават з вельмі нялюбым для беларускамоўных сайтам “Спутник”. Мяне тады яшчэ ў “Нашай Ніве” назвалі прапагандыстам, бо гэта, маўляў, прапагандысцкі рэсурс. Але я нічога дрэннага туды не пісаў – пісаў пра культуру і некалькі сацыяльных матэрыялаў, кшталту таго, што матацыклісты ўлетку ездзяць у жылых раёнах і замінаюць спаць.

–       А хто зараз асноўныя твае замоўцы?

–       У рэшце рэшт я стаў працаваць на сайт “Беларусский журнал” як журналіст культурніцкай тэматыкі, і для “Зялёнага парталу” пішу пра экалогію. Часам пішу для Ідэі, для Будзьмы – таксама ў культурнай тэматыцы. Для baj.by таксама часам нешта пішу.

Ці можна з гэтага жыць

–       І як? Ці корміць цябе гэтая праца?

–       “Папяцьсот” можна зарабляць! Але такая не вельмі ўдзячная гэтая праца. Па-першае, заканадаўства ў нас на гэты конт “дзіравае”. Ты можаш працаваць паводле дамовы падраду, атрымліваць наяўныя грошы, але ў сацыяльным плане ты аніякім чынам не застрахаваны. Ты не атрымоўваеш стаж. Многія ж гэтага смяюцца, але я да гэтага стаўлюся даволі сур’ёзна. Нельга на гэта заплюшчваць вочы.

–       А як ты лічыш, чаму рэдакцыі не хочуць браць журналістаў у штат?

–       Бо так жа нашмат прасцей. Навошта плаціць за кагосьці падаткі? Рынак фрылансераў досыць шырокі - народу цяпер шмат. Не будзе той пісаць – будзе пісаць нехта іншы. Насамрэч, мяне вельмі раздражняе шмат у якіх рэдакцыях нейкае спажывецкае стаўленне да аўтараў. Часам нават калі ты добра падрыхтаваў кантэнт, будуць цягнуць, табе будуць яго ўзгадняць, не публікаваць. Адпаведна – не плаціць. У мяне была гісторыя, калі доўга не друкавалі тэкст, больш за месяц. Я патэлефанаваў, спытаў калі надрукуюць, мне, усё ж патрэбна за нешта жыць, патрэбныя грошы, а ў мяне спыталі: “Ты нам пагражаеш?”. Карацей, ніяк гэты рынак фрылансу не рэгулюецца і таму ўзнікаюць гэтыя пергібы. Перагібы з боку працадаўцаў.

Пра будучыню фрылансу

 

 

–       Але ж у развітых краінах зараз гэта трэнд. Рынак фрылансу развіваецца даволі актыўна. Рэдакцыям і сапраўды выгадней працаваць з фрылансерамі, але і фрылансерам заканадаўча створаныя ўмовы, калі тыя ж падаткі не зробяць іх жабракамі і ўзаемаадносіны рэдакцыя-аўтар урэгуляваныя. Чаму ў нас такога няма?

–       Ну там жа іншыя ганарары. Там журналіст абаронены законамі. Там з гэтага можна жыць даволі заможна. А за нашыя ганарары можна працаваць літаральна за ежу. І гэта адбіваецца і на якасці кантэнту, і на стане прафесіі. Апошнія гады зусім неахвотна людзі ідуць у гэтую справу. Я ведаю рэдакцыі, якія шукаюць аўтараў і ў іх ёсць з гэтым праблемы. І ў той жа час, стаўленне да аўтараў з іх боку гэта не змяняе.

–       Але ж, у фрылансе, мабыць, ёсць і станоўчыя бакі?

–       Ну канешне, тут ёсць і адваротны бок медаля. Найперш – твая асабістая свабода. Ты можаш размяркоўваць свой час, можаш пісаць на тыя тэмы, якія табе цікавыя, не звязаны нейкімі межамі так званай карпаратыўнай этыкі (тут прыгадваецца апошні выпадак з Іванам Шылам). Але з іншага боку, ты абмежаваны фінансава. Нават тыя невялікія ганарары, якія сёння можна атрымаць у Беларусі, табе могуць своечасова не заплаціць, могуць не друкаваць твой тэкст. Тут ты ў цалкам залежным стане ад рэдакцыяў.

–       Атрымліваецца, што з твайго гледзішча мінусы пераважваюць?

–       Ну асабіста я ўжо амаль вычарпаны. Я не бачу зараз у гэтай сферы магчымасцяў для росту. Нават, калі паглядзець так званы гендарны чыннік, то тут працуюць у асноўным жанчыны, ды і то – прыходзяць і хутка сыходзяць. Бо годна зарабіць у гэтай сферы зараз цяжка. Калі штосьці кардынальна не зменіцца, калі не з’явіцца заканадаўства, калі рэдакцыі не пачнуць плаціць фрылансерам гэтак жа, як штатаным супрацоўнікам, наўрад ці будзе нейкае развіццё гэтага напрамку. З аднаго боку, рэдакцыі пазбаўляюцца ад вялікай колькасці штатных журналістаў, бо ствараць кантэнт з дапамогай фрылансераў больш выгадна, а з іншага, самі ж сякуць гэтую галіну. Але той стан, які зараз ёсць, шкодзіць развіццю прафесіі журналіста-фрылансера і папросту зводзіць яе ў тупік. 

 Гутарыў Андрусь Гаёвы

Гомельская вясна