Навіны і артыкулы

На аукцыёне Ebay прадаюцца пасведчанні для журналістаў-фрылансераў

На аукцыёне Ebay прадаюцца пасведчанні для журналістаў-фрылансераў

На аукцыёне Ebay можна набыць пасведчанне журналіста-фрылансера. Фірма Ide ...

Прапануем агляд некаторых мадэляў прэсавых картак для фрылансераў, што прапануюцца на амерыканскім аукцыёне.

Гэты і далейшыя фотаздымкі з сайта identityprops.com

Найбольш прыстойны, на наш густ, выгляд мае картка ўмоўнага відэарэдактара і вэб-дызайнера ў адным флаконе, які працуе на наймальніка Freelancer U.S. Navy. Картка аздобленая штрых-кодам, металічным чыпам. Вытворца кажа, што гэта высакаякасны палстыкавы прэс-пашпарт для фрылансераў. Асабістыя дадзеныя і фотаздымак вытворца змяшчае на пасведчанні толькі пасля аплаты паслугі.

Асабістыя пасведчанні, прапанаваныя для журналістаў, падаецца, маюць бледнаваты выгляд. Аднак фірма паведамляе, што дызайн у цэлым або нейкія асобныя элементы могуць быць змененыя на жаданне замоўніка. Таксама фірма прапануе друк картак па вашым эскізе.

Фатографам прапануецца шырокі выбар пасведчанняў з лагатыпам Flickr.com. Кампанія тлумачыць, для чаго можа спатрэбіцца прэс-картка з вышэйназваным лагатыпам: “Афіцыйныя прэс-карткі Flickr маюць многія карыстальнікі фотарэсурсу з тым, каб ідэнтыфікавацца на вуліцы або заявіць пра сваю прафесію ці хобі”.

Пры апісанні прапанаваных прафесійных пасведчанняў кампанія не кажа, наколькі яны легальныя. Магчыма, з прычыны таго, што прадстаўнікі ўлады ЗША не так востра рэагуюць на нібыта нелегальную дзейнасць журналістаў, як гэта адбываецца ў Беларусі. З пункту гледжання логікі ды заканадаўтва, дзейнасць фрылансера па зборы і распаўсюдзе інфармацыі ў прынцыпе не можа быць налегальнай. Дарэчы, усё пра пасвечанне журналіста-фрылансера ў Беларусі вы можаце знайсці ў тэматычных раздзелах электроннага даведніка “Анатомія фрылансу”.

Як паведамляе сайт кампаніі Identity Props, фірма пачала сваю дзейнасць у 2007 годзе. Зараз яна прапануе каля шасці соцень картак на любы густ: ад забаўляльных да праваабрончых.

Да прыкладу, можна замовіць і пасвечанне спецыяльнага агента ФБР Даны Скалі з серыяла “Сакрэтныя матэрыялы”, і карткі з тэкстам Агульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама правы кіроўцы – як для людзей, так і жывёл. 

Што да прафесійных пасведчанняў, то іх кола ўключае карткі для людзей творчых заняткаў, ахоўнікаў, супрацоўнікаў службы бяспекі, а таксама журналістаў-фрылансераў, фатографаў і працаўнікоў сеціўных медыяў.

Тэкст Таццяны Бублікавай