Навіны і артыкулы

Як фрылансеру зарэгістраваць ІП і ці варта?

Як фрылансеру зарэгістраваць ІП і ці варта?

Рана ці позна, кожны фрылансер задае сабе пытанне, ці варта легалізаваць свой даход. Паспрабуем разабрацца, якія асаблівасці рэгістрацыі журналісцкай дзейнасці і навошта ...

 

У адрозненні ад фрылансераў-праграмістаў ці бухгалтэраў, журналіст можа без дадатковай рэгістрацыі супрацоўнічаць з рэдакцыямі і атрымліваць свае законныя аўтарскія ганарары. Аднак можна зарэгістраваць сябе як ІП і тады заключаць дамовы падраду з рэдакцыямі і іншымі арганізацыямі на выкананне журналісцкіх паслуг.

Этап 1. Рэгістрацыя

На сёння рэгістрацыя ІП выглядае досыць проста, хоць юрыдычныя кампаніі актыўна прапаноўваюць сваю дапамогу. 
Для рэгістрацыі трэба звярнуцца ў выканкам (адміністрацыю раёна), да якога вы належыце паводле рэгістрацыі. Пакет дакументаў складаецца з квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай мыты (каштуе 0.5 базавай велічыні), заявы, фотаздымку і пашпарту або віду на жыхарства. Узор заявы можна адшукаць на сайце Міністэрства юстыцый. У бланку трэба пазначыць код дзейнасці, якой вы будзеце займацца. Напрамую журналісцкая дзейнасць у класіфікатары не прапісана, а таму журналістам рэкамендуюць упісваць “іншыя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву”. Супрацоўнік выканкама ў гэты ж дзень разглядае дакументы і ўносіць запіс у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў аб рэгістрацыі ІП. Па законе пасведчанне аб рэгістрацыі выдаецца на наступны пасля падачы заявы дзень. Але на практыцы яго выдаюць у той самы дзень. Наяўнасць пасведчання дазваляе звярнуцца ў банк і адкрыць рахунак. І абавязвае стаць на ўлік у падатковы орган і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Этап 2. Падаткі і сацыяльная адказнасць

Праз пяць дзён пасля рэгістрацыі трэба вярнуцца ў выканкам, каб узяць дакументы на пастаноўку на ўлік у падатковую і ФСАН. У падактовай аформіць усё за адзін дзень не атрымаецца. Спачатку ў “Адным акне” вы падаеце заяву, пасля вас накіроўваюць да персанальнага інспектара, які выдае цэлы спіс бланкаў і дакументаў, якія трэба запоўніць. Але спачатку іх трэба набыць. Так-так, пустыя бланкі, кнігі скаргаў, уліку не выдаюцца, а  прадаюцца ў той жа падатковай інспекцыі. У спісе абавязковых дакументаў значыцца падпіска на часопіс “Індывідуальны прадпрымальнік” (выпускае Міністэрства па падатках і зборах), аднак варта памятаць, што прымусіць вас падпісацца на яго ніхто не мае права.

У падактовай інспекцыі вы абіраеце сістэму падаткаабкаладання. Дзейнасць журналіста падпадае пад спрошчаную сістэму – дэкларацыя раз на тры месяцы, падатак складае 5% (без ПДК) ад сумы, якая паступіла на ваш рахунак за справаздачны перыяд.

На першы погляд падаецца, што можна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю адразу ж пасля выдачы пасведчання. Але калі ў вас не аформленая належным чынам кніга скаргаў і прапановаў, пачатак дзейнасць будзе прызнаны правапарушэннем. Таму заключаць дамову з заказчыкам лепш, калі закрытыя ўсе пытанні з падатковай інспекцыяй.

У Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва трэба прынесці копію пасведчання і таксама напісаць заяву на пастаноўку на ўлік. Справаздачнасць – раз на год (да 1 красавіка). У ФСАН вы плаціце адлічэнні, якія на звычайным месцы працы за вас плаціць працадаўца. Ад таго, колькі вы заплацілі, будзе залежаць, колькі вам пасля выдасць фонд у выпадку бальнічнага ці сыходу ў адпачынак па даглядзе за дзіцёнкам. Паколькі ў сацыяльна арыентаваную дзяржаву верыць далёка не кожны, многія пераводзяць мінімальныя адлічэнні.

Этап 3. Банкаўскае абслугоўванне

Каб заключыць дамову з заказчыкам, вам трэба мець не толькі пасведчанне аб рэгістрацыі ІП, але і банкаўскі рахунак, на які вам пасля будуць пераводзіць грошы. Са свайго вопыту не раю звяртацца ў буйныя дзяржаўныя банкі, дзе нікому няма справы да дробнага кліента. За абслугоўванне рахунку ў большасці банкаў прыблізна аднолькавы тарыф. Каб атрымаць са свайго рахунку рэальныя грошы, трэба завесці дадатковую картку фізічнай асобы. І вы як прадпрымальнік будзеце налічваць самому сабе на гэтую картку заробак. Плацяжы ажыццяўляюцца праз сістэму кліент-банк. Кожны перавод мае сваё прызначэнне і ўзгадняецца з аператарам у банку. Гэта значыць, што грошы з рахунку могуць паступаць толькі на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці.  

ІП: за ці супраць?

Працэдура рэгістрацыі і вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці за апошні час значна спрасцілася, але дагэтуль выклікае шмат пытанняў. Журналісту рэгістраваць ІП мае сэнс, калі ён працуеце па дамове падраду. Або калі праз уласны сайт спрабуе прадаць свае тэксты ці сюжэты. У большасці выпадкаў журналісты працуюць непасрэдна з рэдакцыямі па аўтарскіх дамовах, атрымліваючы штомесяц ганарары. У такім выпадку заводзіць ІП не мае асаблівага сэнсу.

Адар’я Гуштын для FBB