Навіны і артыкулы

Як паспяхова прадаць матэрыял або ідэю: парады журналістам-фрылансерам. Частка 1
FBB

Як паспяхова прадаць матэрыял або ідэю: парады журналістам-фрылансерам. Частка 1

Як журналісту-фрылансеру прадаваць свае ідэі ды артыкулы з найвялікшай эфектыўнасцю? FBB публікуе парады ад прызнаных профі Мікаэля Бэрглінга і Фрэдрыка Нэймана са Швецыі. ...

Быць фрылансерам у медыясферы ў аснове сваёй – гэта дробнае прадпрымальніцтва як любое іншае, нават калі вы прадаяце артыкулы, здымкі, ідэі, перакладчыцкія паслугі.

Незалежна ад таго, што вы прадаяце, вам трэба як мага больш ведаць пра сваю сферу дзейнасці. У тым ліку і тое, што хочуць кліенты.

Часам можа быць так, што ідэі, якія вам здаюцца перспектыўнымі для кліентаў, іх не цікавяць, а ідэі, пра якія вы б і не падумалі, што іх можна прадаць, знаходзяць пакупніка.

Галоўны прынцып пры любым продажы – мець як мага дакладную і ясную ідэю. Яе можна прадставіць у некалькіх радках, і яна ўсім будзе зразумелая.

Не забывайце, што праца фрылансераў можа быць запатрабаваная не толькі ў буйных медыя, але і ў тысячы іншых месцаў: газетах, часопісах, дзяржустановах, радыёканалах, выдавецтвах, сайтах, на прадпрыемствах. У пошуку магчымых замоўнікаў вас можа абмежаваць толькі вашая фантазія. І, магчыма, этыка.

Дзе фрылансеру знайсці працу?

1. Штодзённыя газеты

Звычайна ў такіх газетах асноўную працу выконвае штатны персанал. Матэрыял такія газеты звычайна калі закупляюць, то з інфарагенцтваў, але таксама могуць звяртацца і да фрылансераў.

Прасцей кажучы, такія газеты звычайна купляюць у фрылансераў спецматэрыялы, які самі стварыць не могуць, хаця, вядома, ад вельмі добрага навіновага артыкула яны не адмовяцца таксама.

2. Часопісы, прафесійныя і галіновыя газеты

Іх існуе процьма, і пра большасць з іх вы ніколі не чулі. Калі вы зацікавіліся нейкай газетай, спярша пачытайце яе, вывучыце. Можна пайсці ў бібліятэку і пашукаць цікавыя для вас газеты сярод падшывак.

3. Газеты для кліентаў

Многія прадпрыемствы выпускаюць газеты, якія рассылаюць сваім кліентам. Наклады могуць быць самыя розныя.

Арганізацыі, якія займаюцца выпускам такіх газет для прадпрыемстваў, звычайна звяртаюцца да фрылансераў.

Юхан Сотэшэф-рэдактар

- Якія матэрыялы вы замаўляеце?

- Буйныя рэпартажы, ілюстрацыі і фота.

- Якім мусіць быць добры фрылансер?

- Прытрымлівацца тэрмінаў і іншых умоваў. Добры фрылансер пераўзыходзіць чаканні, ён звоніць, каб абмеркаваць дадаткова нейкія дэталі, што можа падняць працу на новы ўзровень.

-Якія звычайна памылкі робяць фрылансеры?

- Яны недастаткова інфармаваныя пра тое, якога кшталту прадукт робіць іх заказчык. У іх могуць быць слабыя і размытыя ідэі. Будзьце дбайныя, але трымайце тэрміны, старайцеся трымацца пастаянных заказчыкаў, выбудоўвайце сетку кантактаў, збірайце добрыя водгукі і партфоліа.

Лота Ісаксанжурналіст-фрылансер, Стакгольм

-Як вы знаходзіце заказы?

-Паколькі я шмат гадоў працавала ў штаце перад тым як стаць фрылансерам, то я змагла выкарыстоўваць сваю вялікую сетку кантактаў адразу. Таксама мой старт не быў рэзкі, я ўзяла водпуск на працы і паспяхова перайшла цалкам на свой бізнес.

-Ці цяжка атрымаць замову?

- Можа быць складана пачаць працу з новымі газетамі, але ўсё ж гэта не так цяжка, як я думала. Часам вельмі напружаныя перыяды ідуць, і тут важна не перагружаць галаву.

 

4. Радыё і ТВ

Многія радыё і ТВ-каналы здаўна давяраюць многую працу фрылансерам, пры гэтым фрылансеры звычайна могуць карыстацца іх абсталяваннем і памяшканнямі. Цяпер зрабіць радыёвыпуск няцяжка і самастойна, з недарагім абсталяваннем.

Таксама шмат матэрыялу замаўляецца ў спецыяльных кампаній, якія перадавяраюць заданні фрылансерам.

Часам камерцыйныя арганізацыі або арганізацыі грамадскіх паслуг наймаюць фрылансераў на праекты, якія могуць цягнуцца ад тыдня да некалькіх месяцаў.

5. Дзяржустановы

Газеты, інфармацыйныя матэрыялы і сайты – дзяржустановы выпускаюць процьму самага рознага матэрыялу. Частку яны робяць сваімі сіламі, частку праз фрылансераў.

Многія фрылансеры атрымліваюць замовы праз свае кантакты. Яны ведаюць пра нейкі праект, або дзяржустанова ведае, якія магчымасці мае фрылансер.

Шмат залежыць ад супрацы. Калі заданне – гэта выпуск кнігі, газеты ці стварэнне сайта, то адному фрылансеру тут хутчэй за ўсё не справіцца. Часта такую працу замаўляюць праз фірму або звяртаюцца да фрылансераў, з якімі працуюць пастаянна і якія гарантуюць якасць прадукту.

6. Кніжнае выдавецтва

Выданне кнігі – доўгі працэс. Першы крок – звярнуцца ў выдавецтва. Яны могуць быць як прафесійныя, так і проста як чыёсьці хобі.

Анонс: 12 крокаў ад ідэі да продажу артыкула

Чытайце неўзабаве→ 

Нягледзячы на тое, для каго вы робіце працу, важна быць падрыхтаваным. Нічога так не раздражняе рэдактара, як тое, калі вы прапаноўваеце матэрыял, які яны ўжо змяшчалі ў мінулым нумары, або працу, якая зусім не ўпісваецца ў іх сферу. Таму спачатку вывучайце прадукцыю вашага заказчыка...

 

Паводле кнігі Frilanshandboken 

Mikael BerglingFredrik Nejman

Пераклад са шведскай мовы Алесі Башарымавай