Навіны і артыкулы

Планаванне ганарараў: ператвараем стратную тэму ў прыбытковую
| Падзеі 728

Планаванне ганарараў: ператвараем стратную тэму ў прыбытковую

Не кожны апублікаваны матэрыял прыносіць фрылансеру задавальненне, асабліва фінансавае. А над некаторымі журналісты працуюць нават сабе ў мінус: страцяць процьму часу, а ...

Як загадзя пралічыць “стратную” тэму і зрабіць яе прыбытковай – чытайце ў нашых парадах.

Журналіст і мэнэджэр у адным флаконе

Журналістам-фрылансерам не так шчасціць, як штатным калегам: калі апошнім плацяць за працоўны час, дык першым — за колькасць апублікаваных радкоў, здымкаў, хвілін гуку ці відэа, што выйшлі ў эфір. І рэдка які рэдактар накіне лішні рубель за час, што пайшоў у журналіста на працу. Калі вы хочаце атрымліваць за свае намаганні адпаведную суму, няма іншага выйсця акрамя як аптымізаваць сістэму прыбыткаў. Прыйдзецца стаць мэнэджэрам свайго часу.


Клеменс Хофман, фота DW

Адным з метадаў планавання ганарараў дзеліцца наш калега з Нямеччыны Клеменс Хофман. Ён з’яўляецца вольным журналістам, пісьменнікам, трэнерам і мэнэдэжрам праектаў у Акадэміі “Дойчэ Вэлле”. У межах аднаго з праектаў спадар Хофман і раскрыў свае фінансавыя сакрэты.

З тамтэйшага жыцця

Спадар Хофман — аматар ежы і напояў, ён любіць пра гэта пісаць. Журналіст даўно марыў зрабіць артыкул пра мадэру — віно, якое вырабляюць на выспе Мадэйра. Перад тым як ірвануць у Партугалію, ён старанна пралічыў выдаткі ды спосабы іх пакрыцця прыбткамі.

уЖурналіст лічыць выдаткі на тэму

У спісе выдаткаў былі пералёт (369,47 еўра) і гатэль (3 ночы за 210 еўра). Сілкаванне журналіст у выдаткі не дадаваў з той логікі, што дома ён таксама харчуецца. Аплату арэнды офіса, сувязь, кошт канцылярскіх прыладаў таксама не лічыў, бо частку гэтых грошай можна вярнуць з падаткаў (у Беларусі таксама).

Далей журналіст пачаў весці перамовы з рэдакцыямі: прапаноўваў матэрыялы пра партугальскае віно ды запытваў, ці могуць яны пакрыць частку выдаткаў на дарогу і гатэль. Радыё “Дойчэ Вэлле” пагадзілася даць на дарогу 250 еўра з умовай, што спадар Хофман прывязе 2 радыёстужкі. Газета “А” абяцала апублікаваць 1 артыкул і 4 фотаздымкі і, акрамя ганарараў, аплаціць 100 еўра падарожных. Газета “Б” на выдаткі нічога не дала, аднак пагадзілася ўзяць артыкул з 5-ю фотаздымкамі і дадаткам.

Адна паездка прынесла каля 1245 еўра “бруднымі”. Разгледзім падрабязней, як складалася гэтая сума.

Ад радыё журналіст атрымаў 250 еўра падарожных + двойчы па 317,52 еўра (за 2 сюжэты).

Ад газеты “А” — 100 еўра на выдаткі + ганарар 374,50 (артыкул +5 фота).

Ад газеты “Б” — 0 еўра на выдаткі, ганарар 465 еўра (артыкул +4 фоткі +дадатак).

Агульны прыбытак склаў 1824,54, ад якога трэба адняць 579,47 еўра выдаткаў. Зрэшты, прыбытак “бруднымі” быў 1245,07 еўра. Каб атрымаць “чыстыя” грошы, трэба адняць шчэ 25% падатку. У выніку выйшла сума ў 933 еўра.

Падлічым час

Атырмаць каля тысячы еўра за адну паездку — гэта многа ці мала? Журналіст Клеменс Хофман прапануе ізноў узяць калькулятар і падлічыць. На гэты раз не грошы, а выдаткаваны час.


Журналіст лічыць прыбытак ад працы

Паездка заняла 4 дні, напісанне артыкулаў — 6 дзён, камунікацыі — каля паловы дня (53 мэйлы + тэлефанаванні). Агулам на працу пайшло 10,5 дзён. Калі падзяліць грошы на час, то сярэдні заробак за дзень склаў 93,3 еўра. Гэткая сума, як прызнаў сп. Хофман, адпавядае сярэдняму нямецкаму заробку ў галіне.

Шэсць крокаў да добрых ганарараў

Базуючыся на парадах калегі Хофмана, прапануем алгарытм фінансавага планавання:

1. Перад тым, як кідацца ў вір новай тэмы, палічыце, колькі будзе каштаваць яе асвятленне.

2. Сплануйце, каму і за колькі вы прадасцё вынікі сваёй працы. Каб не аддаць прадукт танней, даведайцеся пра сярэднія кошты — колькі атрымліваюць калегі за аналагічную працу.

3. Паспрабуйце дамовіцца пра кампенсацыю вашых выдаткаў, магчыма, частковую.

4. Падлічыце, колькі часу вам спатрэбіцца на збор інфрамацыі і падрыхтоўку матэрыялаў.

5. Ацаніце, ці задавальняе вас сума запланаваных ганарараў у суадносінах з выдтакамі па фінансах і часе.

6. Калі не задавальняе, пашукайце, каму і ў якім выглядзе можна яшчэ прапанаваць матэрыялы па вашай тэме.

Спадзяемся, гэтыя парады дапамогуць журналістам-фрылансерам пазбегнуць банкруцтва і дазволяць працаваць толькі сабе ў прыбытак.

Падрыхтавала Таццяна Бублікава