Навіны і артыкулы

| Падзеі 1150

Карэспандэнта «Белсату» Алеся Сіліча адпусцілі з пастарунка ў Стоўбцах

16 чэрвеня ў Стаўбцоўскім раёне міліцыянты затрымлівалі журналіста Алеся Сіліча, які супрацоўнічае з незалежным тэлеканалам «Белсат». На журналіста склалі пратакол, а ...

Алесь Сіліч рабіў рэпартаж пра загадкавы мор свіней на Стаўбцоўшчыне. Людзям пра гэта нічога не тлумачылі, а міліцыя некалькі разоў усталёўвала пасты на ўездах і выездах з вёсак і правярала машыны на наяўнасць мяса. З’яўляліся неафіцыйныя версіі, што свінні маглі дохнуць ад чумы, завезенай з Расеі, сапсаванага камбікорму або гэта вынік запланаванай акцыі, каб кантраляваць цэны на мяса.

Выконваць сваю працу журналісту не дазволіла міліцыя. Карэспандэнта "Белсату" пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезлі ў раённае аддзяленне міліцыі ў Стоўбцах для высвятлення асобы. Пасля допыту на журналіста склалі пратакол і адвезлі на чыгуначную станцыю. Відэакасета з матэрыялам, які ўдалося зняць на Стаўбцоўшчыне перад затрыманнем, засталася ў карэспандэнта.

Некалькі дзён таму Алесь Сіліч атрымаў афіцыйнае папярэджанне з пракуратуры за сталую супрацу з тэлеканалам, які не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі. Падставаю сталася рыхтаванне сёлета ў красавіку сюжэту пра кітайскі тэхнапарк у Смалявіцкім раёне, супраць будаўніцтва якога пратэстуюць мясцовыя жыхары.

Крыніца: belsat.eu