Навіны і артыкулы

Запрашаем журналістаў да ўдзелу ў Школе талерантнасці, Львоў
| Падзеі 931

Запрашаем журналістаў да ўдзелу ў Школе талерантнасці, Львоў

З 19 па 21 ліпеня 2013 г. у Львове адбудзецца першая Школа талерантнасці для журналістаў – “Разнастайнасць свету і СМІ: выклікі сучаснасці і шляхі рэагавання на іх”. ...

Пад кіраўніцтвам вядомага ўкраінскага праваабаронцы Аляксандра Вайтэнкі пад эгідай арганізацыі “ТУПІЛАК” (Швецыя) ва украінскім Львове адбудзецца першая Школа талерантнасці для беларускіх журналістаў. Ідэя Школы належыць групе нашых калегаў, зацікаўленых у павышэнні стандартаў якасці асвятлення праблематыкі “ўразлівых” сацыяльных групаў у беларускіх СМІ.

Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца беларускія журналісты – як штатнікі, гэтак і фрылансеры, матываваныя актыўна садзейнічаць фармаванню талерантнасці і павагі прынцыпаў роўнасці ў беларускім грамадстве.

Падчас семінару ўдзельнікі даведаюцца пра сучасныя погляды і разнастайныя стандарты асвятлення пытанняў талерантнасці ў СМІ. Журналісты будуць мець магчымасць паслухаць вядомых ва Украіне і Расіі экспертаў па пытаннях талерантнасці і правоў чалавека, абмеркаваць стандарты асвятлення праблематыкі “ўразлівых” сацыяльных групаў у СМІ.

Фармаванне групы ўдзельнікаў будзе адбывацца паводле вынікаў конкурснага адбору. Крытэры адбору для ўдзелу ў Школе талерантнасці для журналістаў:
• актыўная супраца  з дзеючымі беларускімі і/ці замежнымі СМІ;
• прынамсі мінімальны досвед падрыхтоўкі журналісцкіх матэрыялаў у сферы сацыяльных канфліктаў, талерантнасці, дыскрымінацыі;
• гатоўнасць удзельнічаць ва ўсіх занятках у межах семінара.

Матывацыйны ліст (максімум – 0.5 старонкі) і, калі ёсць, уласныя публікацыі ці іншыя журналісцкія матэрыялы (сканы, лінкі) па тэматыцы, блізкай да тэмы семінара, неабходна накіраваць на адрас tupilak2013@gmail.com не пазней за 12 ліпеня 2013 г. (пятніца). Вам будзе накіраванае паведамленне аб залічэнні на Школу талерантнасці для журналістаў не пазней за 14 ліпеня 2013 г. (нядзеля).

Арганізатары забяспечваюць пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў, кампенсуюць выдаткі на праезд да месца правядзення Школы талерантнасці для журналістаў і ў зваротным кірунку ў межах кошту праезду ў купэйным вагоне цягніка. Выезд з Мінску – вечар, 18 ліпеня. Вяртанне ў Мінск – 22 ліпеня, зранку.