Навіны і артыкулы

У Бруселі адбылася сустрэча экспертнай групы ЕФЖ па фрыланс-журналістыцы
| Падзеі 1028

У Бруселі адбылася сустрэча экспертнай групы ЕФЖ па фрыланс-журналістыцы

Першае пасля сёлетняга Кангрэсу Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) паседжанне экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы (ФРЭГ) адбылося 18 лістапада ў Бруселі. Упершыню ...

Прадстаўнікі суполак фрылансераў з журналісцкіх аб’яднанняў Францыі, Нямеччыны, Швецыі, Нарвегіі, Бельгіі, Аўстрыі і Вялікабрытаніі ўзялі ўдзел у сустрэчы.

Падчас сустрэчы сябрам ФРЭГ давялі інфармацыю пра прававое становішча журналістаў-фрылансераў у Беларусі, пра намаганні кіраўніцтва ГА “БАЖ” у справе замацавання статусу журналіста-фрылансера ў беларускім заканадаўстве, пра выклікі, з якімі сутыкаюцца журналісты-пазаштатнікі. Чальцы ФРЭГ выказалі падтрымку памкненню ГА “БАЖ” далучыцца да Хартыі фрыланс-журналістыкі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Яны заявілі таксама пра сваю гатовасць звярнуцца да дзяржаўных органаў Беларусі з заклікам аднавіць канстытуцыйнае права журналістаў-фрылансераў Беларусі на свабодны збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, а таксама вызначыць іх прававы статус і даць прававыя гарантыі на ўзроўні закона.

Прадстаўнік Французскага саюза журналістаў SNJ-CGT Патрык Каменка асабліва падкрэсліў важнасць замацавання ў законе прававых і сацыяльных гарантый для журналістаў-пазаштатнікаў на ўзор Францыі – каб пазбегнуць дыскрымінацыйнага стаўлення да вольных журналістаў з боку рэдакцый і ўладаў. Ён прапанаваў папулярызаваць нацыянальнае заканадаўства, якое найлепш абараняе правы журналістаў-фрылансераў, на агульнаеўрапейскім узроўні. Таксама спадар Каменка прапанаваў ФРЭГ правесці адну з наступных сустрэч экспертнай групы ў Беларусі на знак салідарнасці з беларускімі калегамі.

Асобная сесія была прысвечана магчымасцям супрацоўніцтва ФРЭГ і Экспертнай камісіі па працоўных правах (LAREG) у справе распрацоўкі і прасоўвання эфектыўных фінансавых мадэляў і варыянтаў занятасці для журналістаў-фрылансераў. Удзельнікі сустрэчы падкрэслівалі няспынны рост колькасці журналістаў-фрылансераў на тле крызісу і скарачэння штатаў ды палітыкі “зацягвання паясоў” у еўрапейскай медыйнай сферы.

Прадстаўнік Нямецкага саюза журналістаў Майкл Хіршлер распавёў пра магчымасці атрымання дадатковай адукацыі для журналістаў-фрылансераў праз удзел у бясплатных вэбінарах. (Па ўзгадненні з нямецкім калегам абвесткі пра вэбінары будуць размяшчацца ў рубрыцы“Конкурсы і навучанне” на сайце ГА “БАЖ”, мовы камунікацыі – нямецкая, часам ангельская).

Напрыканцы сустрэчы сябры ФРЭГ падрыхтавалі прапановы ў Маніфест ЕФЖ, які будзе распаўсюджаны напярэдадні выбараў у Еўрапарламент у маі 2014 года. Асобная рэкамендацыя ў Маніфесце будзе тычыцца неабходнасці падтрымкі правоў журналістаў-фрылансераў на прафесійную дзейнасць і доступу да інфармацыі ў краінах-суседзях Еўразвязу праз звяртанне ўвагі ўрадаў на міжнародныя прававыя абавязальніцтвы гэтых краін.

 

Даведка:

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) аб’ядноўвае журналісцкія згуртаванні з усёй Еўропы. Значная частка дзейнасці ЕФЖ звязаная з выпрацоўкай унутранай і знешняй медыя-палітыкі Еўрасаюза.

Экспертная група ЕФЖ па фрыланс-журналістыцы (FREG) забяспечвае абмен інфармацыяй паміж згуртаваннямі-чальцамі ЕФЖ пра юрыдычны статус, сацыяльныя гарантыі і аўтарскія правы, а таксама пытанні прафесійнай дзейнасці, датычныя журналістаў-фрылансераў.

FREG уносіць прапановы па стратэгічных падыходах у Кіруючы камітэт ЕФЖ і з’яўляецца дарадчым органам ва ўсіх сферах, датычных пазаштатнай журналісцкай дзейнасці. Сярод іншага, у мінулыя гады FREG распрацаваў Хартыю фрыланс-журналістыкі ЕФЖ і ўнёс прапановы ў кіруючыя структуры ЕФЖ па ўдасканаленні працоўнага заканадаўства і іншых нарматыўных прававых актаў дзеля захавання правоў журналістаў-фрылансераў нароўні з іх штатнымі калегамі.      

Чальцы FREG з’яўляюцца журналістамі-фрылансерамі і/ці займаюцца праблемамі фрыланс-журналістаў у прафесійных журналісцкіх аб’яднаннях, якія ўваходзяць у ЕФЖ.

FREG шчыльна супрацоўнічае з іншымі экспертнымі групамі ў рамках ЕФЖ, сярод якіх Экспертная група па аўтарскіх правах, Экспертная група па працоўных правах і экспертная група па тэле-радыёвяшчанні.

Паседжанні FREG адбываюцца каля двух разоў на год, пераважна ў Бруселі.

Чальцы Экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы (FREG):

Джудыт Райтстэтар, DJUP Sektion Journalisten (Аўстрыя) - сустаршыня

Джон Тоўнер, Нацыянальны саюз журналістаў – NUJ (Вялікабрытанія) - сустаршыня

Майкл Хіршлер, Нямецкі саюз журналістаў – Deutscher Journalisten Verband (Нямеччына)

Доктар Франк Б’ерман, ver.di (Нямеччына)

Іван Дэклерк, AGJBP/VVJ (Бельгія)

Патрык Каменка, SNJ-CGT (Францыя)

Фелікс Іглесіяс, CC.OO (Іспанія)

Андрусь Клікуноў, БАЖ (Беларусь)

Лейла Мануца, FNSI (Італія)

Оса Ольсан, Шведскі саюз журналістаў (Швецыя)

Марцін Расар, SNJ (Францыя)

Торальф Сандокер, Нарвежскі саюз журналістаў (Нарвегія)

Урс Тальман, чалец Кіруючага камітэта ЕФЖ, Impressum (Швейцарыя) 

Адказны супрацоўнік ЕФЖ: Рэната Шродэр

Крыніца  Андрусь Клікуноў, сябра Рады ГА “БАЖ”