Навіны і артыкулы

FBB прымае працы на конкурс для журналістаў-фрылансераў “Свабодны палёт-2014”
| Падзеі 1055

FBB прымае працы на конкурс для журналістаў-фрылансераў “Свабодны палёт-2014”

Конкурс “Свабодны палёт-2014” раздае прызы за працы, якія стануць лепшымі ў двух намінацыях. Прыём творчых конкурсных прац ідзе з 2 снежня 2014 па 2 студзеня 2015 года. ...

 

“Свабодны палёт” — гэта літаральны пераклад тэрміну фрыланс. Гэтая ідэя свабоды і пакладзеная ў аснову конкурсу. Яго арганізатары адмаўляюць традыцыйныя рамкі ды абмежаванні. На конкурс прымаюцца работы, незалежна ад жанру, даты ды месца апублікавання, і нават сам факт апублікавання не такі ўжо істотны. Галоўнае — каб гэта было пра беларускі фрыланс. Конкурс праводзіцца з 2012 года.

На конкурс прымаюцца

У 2014 годзе мы шукаем пераможцаў у двух намінацыях. Першая намінацыя з аднайменнай назвай “Свабодны палёт” створаная для найлепшай фрыланс-гісторыі, прэзентацыі сябе або калегаў у якасці фрылансераў. Тэматычны прастор неабсяжны: вы можаце распавесці пра свой шлях у фрыланс-журналістыку, расказаць выключную гісторыю, што здарылася ў часе вашай прафесійнай дзейнасці, а таксама паспрабаваць раскрыць фрыланс з даследчыцкай пазіцыі.

Дасылайце і праблемныя артыкулы пра становішча фрыланс-журналістаў у нашай краіне, і парады пачаткоўцам, і разважанні аб прафесіі, допісы ў блогу з фантазіямі пра будучыню фрылансу… Усё гэта заслугоўвае ўвагі журы конкурсу аб фрылансе “Свабодны палёт”. Галоўнае — каб гэта было пра беларускіх журналістаў-фрылансераў.

Партнёры FBB — правабарончыя арганізацыі — абвяшчаюць пошук пераможцаў удругой намінацыі “Свабоднае права”. На конкурс прымаюцца работы на тэму правоў чалавека ў самым шырокім разуменні. Адзіная ўмова, каб аўтарам работы быў журналіст, які працуе ў рэжыме фрыланс.

Вітаюцца розныя формы выражэння журналісцкай ідэі: тэкст, фота, відэа, аўдыё, графіка і нават малюнкі.

Пераможцаў чакае

Аўтары найцікавейшых прац будуць запрошаныя на цэрэмонію ўзнагароджання ў Мінску. Аўтар лепшай работы ў намінацыі “Свабодны палёт” атрымае падарунак-сюрпрыз — прыладу, незаменную для сучаснай журналісцкай прафесіі. Пераможца намінацыі “Свабоднае права” атрымае спецыяльны прыз ад нашых партнёраў.

Крытэры ацэнкі

Работы будуць ацэньвацца па 10-бальнай шкале паводле двух суб’ектыўных крытэрыяў: цікавасць і арыгінальнасць зместу. Пра найлепшыя работы журы мусіць сказаць “ваў!” і праз іх адкрыць для сябе штосьці новае ў беларускім фрылансе.

Журы конкурсу

У склад журы ўваходзіць 10 чалавек з ліку беларускіх прафесійных журналістаў і праваабаронцаў. Гэта прадстаўнікі розных рэдакцый, розных рэгіёнаў, у тым ліку журналісты-фрылансеры. Галасаванне за найлепшыя працы будзе празрыстым, за атрыманымі баламі можна будзе сачыць у інтэрнэце.

Як удзельнічаць

Дасылайце свае працы з пазнакай “Свабодны палёт” на адрас freelance@baj.by да 2 студзеня 2015 года ўключна. У лісце таксама пакіньце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя. Будзем рады, калі дадасцё кароткі расповед пра сваю прафесійную дзейнасць і дачыненні з фрыланс-журналістыкай.

З пажаданнямі натхнення і плёну запрашаем да “Свабоднага палёту”!

FBB