Навіны і артыкулы

Найбуйнейшыя журналісцкія арганізацыі свету і “БАЖ” зацвердзілі абавязкі па абароне фрылансераў
| Падзеі 722

Найбуйнейшыя журналісцкія арганізацыі свету і “БАЖ” зацвердзілі абавязкі па абароне фрылансераў

Найбуйнейшыя інфармацыйныя кампаніі і журналісцкія арганізацыі падпісаліся пад дакументам, што зацвярджае ўсеагульныя стандарты абароны фрылансераў у гарачых кропках. ...

“За апошнія два гады колькасць забойстваў, турэмных зняволенняў і захопаў журналістаў дасягнула гістарычнага максімуму. Гэтыя замахі нясуць пагрозу не толькі асобным прафесіяналам, але і незалежнай журналістыцы ў цэлым.

На сённяшні дзень мясцовыя журналісты ў найбольшай ступені церпяць ад забойстваў, турэмнага зняволення і выкраданняў. Мы заклікаем ўрады, камбатантаў (бакі – удзельнікі ўзброеных канфліктаў ­– заўв. БАЖ) і групы ва ўсім свеце паважаць нейтралітэт журналістаў і разарваць кола беспакаранасці, што ўтварылася вакол журналістаў”, – адзначаюць аўтары дакумента.

Ніжэйпадпісаныя групы пацвярджаюць наступныя прынцыпы бяспекі і практыкі для міжнародных навінавых арганізацый і фрылансераў, якія працуюць з імі.

 

ДЛЯ ЖУРНАЛІСТАЎ НА НЕБЯСПЕЧНЫХ ЗАДАННЯХ:

- Перш чым адпраўляцца на заданне ў зону канфлікту ці ў любую небяспечную абстаноўку, журналісты павінныя мець базавыя навыкі самадапамогі ці дапамогі параненым калегам.

- Мы заклікаем усіх журналістаў прайсці курс першай дапамогі, мець адпаведную аптэчку і працягваць сваё навучанне, каб заставацца ў курсе стандартаў забеспячэння дапамогі – як фізічнай, так і псіхалагічнай. Перш чым выконваць заданне ў такіх зонах, журналісты павінныя аформіць належную медыцынскую страхоўку для зоны канфлікту або тэрыторыі інфекцыйных захворванняў.

- Журналісты ў актыўных зонах ваенных дзеянняў павінныя ўсведамляць неабходнасць і важнасць наяўнасці ахоўнай вопраткі, у тым ліку браніраваных куртак і шлемаў. Журналісты, якія працуюць у зоне канфліктаў ці ў небяспечных умовах, павінныя імкнуцца прайсці курсы па знаходжанні ў неспрыяльным асяроддзі.

- Журналісты павінныя працаваць з калегамі на месцах і з журналісцкімі арганізацыямі для поўнай ацэнкі рызыкаў перад паездкай у любую варожую або небяспечную абстаноўку, і суаднесці журналісцкую каштоўнасць задання з рызыкай.

- На заданні журналісты павінныя планаваць і прадумваць дэталі таго, як яны будуць працаваць – у тым ліку вызначаць маршруты, транспарт, кантакты і камунікацыйныя стратэгіі. Журналісты павінныя зрабіць адпаведныя захады перасцярогі, каб забяспечыць мабільную і інтэрнэт-камунікацыю, абараніцца ад перахопу ці адсочвання.

- Журналісты павінныя шчыльна супрацоўнічаць са сваімі арганізацыямі, альбо тымі арганізацыямі, што замовілі заданне, або са сваімі калегамі па прафесіі, калі дзейнічаюць самастойна, каб зразумець рызыкі канкрэтнага задання. Пры гэтым яны павінныя запытаць і прыняць да ўвагі інфармацыю пра бяспеку і парады прафесійных калегаў, знайсці мясцовыя кантакты, кантакты пасольстваў і супрацоўнікаў службаў бяспекі. Таксама яны павінныя абменьвацца інфармацыяй па бяспецы з калегамі, каб дапамагчы прадухіліць шкоду.

- Журналісты павінныя пакінуць кантакты родных у навінавых арганізацыях, гарантуючы, што кантактныя асобы маюць выразныя інструкцыі і планы дзеянняў у выпадку        траўмы, выкрадання або гібелі падчас працы.

 

ДЛЯ НАВІНАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ, ЯКІЯ ЗАМАЎЛЯЮЦЬ ЗАДАННІ Ў НЕБЯСПЕЧНЫХ МЕСЦАХ:

- Рэдактары і навінавыя арганізацыі прызнаюць, што мясцовыя журналісты і фрылансеры, у тым ліку фатографы і відэааператары, адыгрываюць усё больш значную ролю ў міжнародным асвятленні небяспечных тэмаў.

- Рэдактары і навінавыя арганізацыі павінныя клапаціцца пра дабрабыт мясцовых журналістаў і фрылансераў гэтак жа, як пра сваіх штатных супрацоўнікаў.

- Навінавыя структуры і рэдактары павінныя імкнуцца ставіцца да фрылансераў гэтак жа, як яны ставяцца да штатных супрацоўнікаў, калі гаворка ідзе пра бяспеку, аказанне першай дапамогі і іншую тэхніку бяспекі, а таксама пра адказнасць у выпадку траўмы або выкрадання.

- Рэдактары і навінавыя арганізацыі павінныя быць у курсе і ўлічваць дадатковыя выдаткі на навучанне, страхаванне і абсталяванне для забеспячэння бяспекі ў зонах баявых дзеянняў. Яны павінны выразна акрэсліць яшчэ да выканання задання, колькі фрылансеру заплацяць і якія выдаткі будуць пакрытыя.

- Рэдактары і навінавыя арганізацыі павінныя прызнаваць важнасць своечасовай аплаты для фрылансераў. Пры вызначэнні задання навінавыя арганізацыі павінны імкнуцца забяспечыць узгодненыя выдаткі загадзя ці як мага хутчэй пасля завяршэння працы, і плаціць за выкананую працу своечасова, як толькі гэта магчыма.

- Рэдактары і навінавыя арганізацыі павінныя забяспечыць справядлівае прызнанне фрылансераў у захаванні аўтарства і ўзнагародаў за працы, якія яны выконваюць – як у момант працы, так і пазней, падчас прадстаўлення на ўзнагароды. За выключэннем выпадкаў, калі навінавыя арганізацыі і фрылансер згодныя, што ўказанне аўтарства можа паставіць пад пагрозу бяспеку фрылансера або яго сям'і.

- Навінавыя арганізацыі не павінныя даваць заданне фрылансерам у зоне канфлікту або ў небяспечных умовах, калі гэтая арганізацыя не гатовая ўзяць на сябе такую ​​ж адказнасць за лёс фрылансера ў выпадку яго выкрадання або ранення, як за штатнага супрацоўніка. Навінавыя арганізацыі нясуць маральную адказнасць за падтрымку журналістаў, якім яны даюць заданні ў небяспечных раёнах, калі фрылансеры дзейнічаюць у адпаведнасці з правіламі і інструкцыямі навінавай арганізацыі.

У заключэнне мы, ніжэйпадпісаныя, заклікаем усіх штатных і пазаштатных журналістаў і навінавыя арганізацыі, з якімі яны працуюць, далуччыца да стандартаў  бяспекі і новага духу калегіяльнасці і ўзаемнага клопату.

Сярод падпісантаў (апроч ГА “БАЖ”) – “Еўрапейская федэрацыя журналістаў”, “Frontline Club”, “Global Journalist Security”, “International Center for Journalists”, “International News Safety Institute”, “International Press Institute”, інфармацыйныя агенцтвы “The Associated Press”, “Agence France Press”, “Bloomberg”, “British Broadcasting Corporation” і іншыя.