Навіны і артыкулы

Новая адміністрацыйная справа супраць журналіста-фрылансера, гэтым разам у Віцебску
| Падзеі 333

Новая адміністрацыйная справа супраць журналіста-фрылансера, гэтым разам у Віцебску

Пратакол пра адміністрацыйнае парушэнне паводле артыкула 22.9 КаАП (парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ), складзены на фрылансера Сяргея Русецкага. ...

Паводле словаў Сяргея Русецкага, напачатку яго вінавацілі па іншым артыкуле — за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Дзень волі:

“Пра распачатую супраць мяне справу паведаміў па тэлефоне старшы інспектар аддзелу аховы парадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС, капітан Сяргей Вяракса. Распавеў, што ў яго маюцца матэрыялы пра парушэнне артыкула 23.34. Запрасіў даць тлумачэнні. Давялося тлумачыць, што ў акцыях я не ўдзельнічаў, і што мэты ў мяне былі іншыя — прафесійныя. Я асвятляў віцебскае святкаванне Дня Волі, калі людзі прайшлі па горадзе, ускладаючы кветкі ў памятных мясцінах — да мемарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава, да помніка Караткевічу… Урэшце супрацоўнік міліцыі вырашыў гэтую справу, заведзеную супраць мяне, скасаваць. І распачаць іншую — за парушэнне артыкула 22.9”  

Сяргей Русецкі азнаёміўся з пратаколам, яму сказалі чакаць позву ў суд.

Нагадаем, пасля затрымання 25-га сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў штрафамі мінскіх журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела, якія рабілі для “Белсата” наўпроставую трансляцыю. Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў, што яны парушылі адміністрацыйны артыкул 22.9 КаАП. А журналіст-фрылансер з Оршы Арцём Сізінцаў, таксама затрыманы 25-га сакавіка, быў вымушаны правесці 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання: суддзя Валянціна Міхасёва не пагадзілася з тым, што хлопец выконваў прафесійныя абавязкі і пакарала паводле арыткулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Паводле таго ж артыкулу былі пакараныя арыштамі  і віцебскія БАЖаўцы Леанід Свецік і Канстанцін Мардзвінцаў. Іх таксама звінавацілі за ўдзел у падзеях 25-га сакавіка, якія яны збіраліся асвятляць на мясцовым сайце “Віцебская вясна”.

Baj.by