Навіны і артыкулы

Журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову з Гомеля судзяць паводле чатырох пратаколаў
| Падзеі 291

Журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову з Гомеля судзяць паводле чатырох пратаколаў

12 сакавіка ў Гомельскім раённым судзе будуць разглядацца ажно 4 адміністрацыйныя пратаколы супраць журналісткі-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай. ...

Два з пратаколаў датычныя незаконнага вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі, яшчэ два — за  няяўку ў міліцыю.

“Судзяць мяне за стрым мітынгу, які зладзілі  на Дзень волі  ўдзельнікі “Маршу недармаедаў-2” каля Палацу таварыства глухіх. Стрым трансляваў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.

Яшчэ адзін матэрыял, паказаны на “Белсаце”,  называўся “Беларускія бальніцы ставяць вопыты над пацыентамі”. У ім распавядалася, што ва Улукаўскай участковай бальніцы пацыентка засталася  без своечасовай медычнай дапамогі і атрымала інсульт,  а іншыя, малалетнія, — пакутавалі ад зробленых тут прышчэпак. 

"Мне прыпісваюць, што я злоўжываю  правамі і абавязкамі замежнага журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2,4,6 артыкула 34 закону аб СМІ. Спачатку мяне запісалі ў замежныя журналісты, а пасля пералічылі, што я парушыла. Вельмі выйгрышная пазіцыя”, — кажа Шчыракова.

Пратаколы на  журналістку складалі супрацоўнікі  Гомельскага РАУСу Ігар Новак і Рустам Цітоў.

У міліцыю Шчыракову выклікалі ў выходныя дні — 25 і 26 сакавіка,  калі грамадзяне маюць права на законны адпачынак. За няяўку ў суботу і спазненне ў нядзелю дадаліся  яшчэ два пратаколы на падставе артыкула 24.6 КаАП.

Апроч таго, 25 сакавіка  міліцыя затрымлівала  Шчыракову і  пад прымусам адвезла ў гарадскую пракуратуру, дзе ёй  уручылі афіцыйнае папярэджанне  за супрацоўніцтва  без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч.

17 сакавіка  журналістку  судзілі за ўдзел у мірным сходзе “недармаедаў” у Рагачове. Старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Кавалевіч аштрафавала Шчыракову на 7 базавых велічыняў (161 рубель) нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Гэта без уліку папярэдніх буйных штрафаў, сума якіх перавысіла ў эквіваленце тысячу долараў.

Baj.by