Навіны і артыкулы

Віцебскі абласны суд пакінуў ў сіле штраф журналісту-фрылансеру Змітру Лупачу
| Падзеі 22

Віцебскі абласны суд пакінуў ў сіле штраф журналісту-фрылансеру Змітру Лупачу

Пасяджэнне Віцебскага абласнога суда адбылося 10 верасня і доўжылася каля дзвюх хвілін. Суддзя Святлана Іванова пакінула пастанову раённай інстанцыі суда без зменаў. ...

Журналіст-фрылансер абскарджваў рашэнне Браслаўскага райсуда ад 4 верасня. Тады суддзя Аляксандр Вязіцкі пакараў Змітра Лупача штрафам у памеры 36 базавых велічыняў паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Фрылансера Змітра Лупача пакаралі штрафам за сюжэт пра карупцыю экс-старшыні Браслаўскага райвыканкама

Журналіста судзілі за матэрыял на сайце спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” пад назвай “Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянеры Лукашэнкі — на свабодзе”. Сюжэт датычыўся карупцыйнай справы былога старшыні Браслаўскага райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага і яго жонкі.

На пасяджэнне суда Зміцер Лупач з’явіўся ў цішотцы з надпісам:
Суд зямны – не суд нябескі,
На хаду сякуць з пляча:
Грошы драў з людзей Дранеўскі —
Штраф злупілі з Лупача!

Але на гэты надпіс, па словах Змітра Лупача, суддзя ўвагу не звярнула або зрабіла выгляд, што не ўбачыла нічога цікавага. Як кажа журналіст, такім чынам ён хацеў выказаць сваё стаўленне да несправядлівасці, якая пануе ў беларускіх судах. А на тое, што яго скаргу задаволяць, ён і не спадзяваўся.

“Вось толькі сёння, у адрозненне ад папярэдніх судоў у Віцебску, мяне “абслужылі” ў судзе першым”, – адзначае Лупач.

Затое словы на цішотцы кранулі жыхароў Віцебска, якія прыйшлі падтрымаць журналіста.

“На нашы суды не ўплываюць ні майкі з падобнымі надпісамі, ні аргументы. На суды ўплываюць зусім іншыя рэчы. Закон яны трактуюць адназначна. І нават не задумваюцца пра тое, ці адпавядае гэта нейкім міжнародным стандартам”, – кажа Сяргей Салодкі, які прысутнічаў на слуханні касацыйнай скаргі журналіста.

Зміцер Лупач цягам года прыцягваўся да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП ужо восем разоў. На думку журналіста, такім чынам улады ціснуць на яго за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.

Крыніца