Навіны і артыкулы
У Гомелі міліцыя пераследуе тых, хто трапіў у кадр “Белсата”
Журналіст-фрылансер з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў нямала быў здзіўлены, калі да яго прыехаў міліцыянт апытаць пра незаконны вырабу прадукцыі СМІ для польскага ...
Патрабаванне на апытанне і складанне пратаколу паступіла ў Рэчыцкі РАУС ад старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падпалкоўніка міліцыі А.Зуева. Падчас маніторынгу сайта інспектар вырашыў, што раз Андрэй Мядзведзеў разам з героем сюжэту “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў” трапіў у кадр, значыць, незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ.
“Я адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні з прычыны абсурднасці прэтэнзіяў”, — паведаміў Службе маніторынгу БАЖ фрылансер Мядзведзеў. — Калі я ў кадры разам з героем чытаю афіцыйныя паперы, значыць, нас здымае нехта іншы. Думаю, мяне запалохваюць прывентыўна, каб і не думаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а тым больш пра дзеянні ўладных структураў”.
У сюжэце, змешчаным 13 верасня са сайце “Белсата” пад назовам “Змагаешся за свае правы — будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”, гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі.
Сам Барсукоў звязвае “рэанімацыю” прэтэнзій міліцыі з ліпенскім канфліктам у мясцовай палікліцы, дзе ён праходзіў медкамісію, каб уладкавацца на працу. Велізарныя чэргі ды зачыненыя кабінеты дактароў расцягнулі паход у паліклініку на 5 дзён. Дзяніс меўся з гэтай нагоды зрабіць запіс у кнігу скаргаў і прапаноў. Аднак яму адказалі, што “кнігу скаргаў яшчэ друкуюць”. Тады мужчына стаў здымаць на відэа беспарадкі з прыёмам пацыентаў. На гэта нервова адрэагавала доктарка Алена Цямчык.
Штурханіна паміж доктаркай і пацыентам скончылася ўзаемнымі заявамі ў міліцыю. Відэа з’явілася ў інтэрнэце. Аднак праваахоўнікі дагэтуль не скончылі праверку. А да таго ж аднавілі закрытую крымінальную справу, не паведаміўшы пра тое самому фігуранту.
Медкамісію Дзяніс Барсукоў хоць і з перашкодамі, але ўрэшце ўсё ж такі прайшоў. Лекары прызналі яго здаровым і прыдатным для прапанаванай працы. Але адрабіў малады мужчына толькі адзін дзень. На працы яму стала блага, і яго амаль на месяц паклалі ў шпіталь.
Калі ж Дзяніс Барсукоў выпісаўся і прыйшоў на прадпрыемства,то даведаўся, што яго звольнілі. А ў мужчыны праблемы з сэрцам, і не толькі. Працягваць лекавацца Барсукову проста няма за што: ён ужо год жыве з бацькам на 300 рублёў пенсіі апошняга.
Фрылансер Мядзведзеў з яшчэ адным рэчычаніным трапіў у сюжэт “Белсату”, калі разглядаў шматлікія афіцыйныя дакументы Барсукова. Праўдападобна, у міліцыі палічылі, што гэтага дастаткова, каб абвінаваціць журналіста ў адміністрацыйным правапарушэнні.
Фота deskgram.net



