Навіны і артыкулы

Журналістку-фрылансерку Марыю Булавінскую не пакаралі за кіно “Бяздомны горад”
| Падзеі 49

Журналістку-фрылансерку Марыю Булавінскую не пакаралі за кіно “Бяздомны горад”

У Гомелі суд спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні сябра ГА “БАЖ” Марыі Булавінскай-Ляпінай за стварэнне дакументальнага фільма “Бяздомны горад”. ...

Адпаведную пастанову вынес суддзя Сяргей Кармановіч, адзначыўшы, што сышоў двухмесячны тэрмін для накладання адміністрацыйнага спагнання. Справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Гомеля.

Адміністрацыйны пратакол супраць журналісткі  Булавінскай за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9  КаАП склаў у кастрычніку ўчастковы інспектар Цэнтральнага РАУС Гомеля Аляксандр Гусеў. Фільм быў паказаны на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”, які транслюе свае перадачы з тэрыторыі Польшчы. На сайце тэлеканала Марыя Булавінская пазначаная як рэжысёр і аўтарка фільма.

У Гомелі будуць судзіць рэжысёра за дакументальны фільм

У дакументальнай стужцы ідзе гаворка пра разбурэнне гістарычнай драўлянай забудовы горада, пра мастака-рэстаўратара, прафесійнага цесляра Андрэя Скідана, які ратуе ад поўнага знішчэння розны дэкор з драўляных дамоў. На злом пайшоў нават арыгінальны дом, у якім, паводле падання, правяла свае апошнія дні княгіня і мецэнатка Ірына Паскевіч. (Высілкамі неабыякавых гомельцаў дом  уратаваны і захоўваецца ў разабраным стане за горадам, чакаючы рэканструкцыі на новым месцы ў цэнтры горада.)

Гомельскія міліцыя і суды пастаянна пераследуюць журналістаў-фрылансераў, чые сюжэты на сацыяльныя і эканамічныя тэмы з’яўляюцца на тэлеканале “Белсат”. Адміністрацыйны пратакол супраць Марыі Булавінскай за дакументальны фільм быў складзены ўпершыню.

Крыніца

Фота: TUT.by