Навіны і артыкулы

Ваенкамат рыхтуе “партызанскія рагаткі” для фрылансера Жукоўскага
| Падзеі 61

Ваенкамат рыхтуе “партызанскія рагаткі” для фрылансера Жукоўскага

Журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага чарговы раз выклікаюць у гарадскі ваенкамат на медыцынскую камісію, каб прызваць на вайсковыя зборы. ...

Папярэдняя камісія, якая праводзілася ўлетку, прызнала 44-гадова сяржанта запаса Жукоўскага годным да вайсковай службы з невялікімі абмежаваннямі.

Гомельскі гарваенкамат прызначаў нават дату адпраўкі на зборы — 31 ліпеня, аднак у вызначаны дзень Жукоўскага ў “партызаны” так і не адправілі.

“На медыцынскую камісію ўлетку я затраціў 15 дзён асабістага часу. Цяпер мяне пускаюць на другі круг. Не выключаю, што ўсе гэтыя  “партызанскія рагаткі” ўчыняюцца адмыслова з падказкі ўплывовых асобаў, каб перашкодзіць мне займацца фрылансам,  не даць магчымасці збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра сацыяльныя і эканамічныя падзеі ў рэгіёне”, —  сказаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.

Ён звярнуўся з адкрытым лістом на імя ваеннага камісара Гомеля Аляксандра Савянка, у якім патлумачыў, што не адмаўляўся па позве з’явіцца на вайсковыя зборы. І просіць пісьмова патлумачыць прычыны, паводле якіх летам яго не адправілі на такія зборы, а зараз выклікаюць у ваенкамат.на паўторную медкамісію.

Жукоўскі таксама нагадвае, што перашкоды грамадзяніну Рэспублікі Беларусь у зборы і распаўсюдзе інфармацыі пераследуюцца паводле закону.

Тым часам намеснік начальніка мабілізацыйнага аддзела Гомельскага ваенкамата Захар Смірноўдаслаў на 23 лістапада позву  Жукоўскаму, каб скласці на яго адміністрацыйны пратакол за неяўку ў ваенкамат на медыцынскую камісію.

Нагадаем, што на падставе адміністрацыйных пратаколаў толькі сёлета раённыя суды Гомельскай вобласці 13 разоў штрафавалі Кастуся Жукоўскага за фрылансерскую дзейнасць.

Крыніца