Навіны і артыкулы

Журналіста-фрылансера Змітра Лупача зноў аштрафавалі
| Падзеі 35

Журналіста-фрылансера Змітра Лупача зноў аштрафавалі

Дзявяты па ліку суд адбыўся сёлета над глыбоцкім журналістам-фрылансерам Змітром Лупачам па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. ...

Гэтым разам суддзя Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка аштрафавала журналіста на 25 базавых велічыняў, што складае 612,5 беларускіх рублёў. Падставай стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаванне памяці ахвяр нацыстаў і камуністаў на Глыбоччыне.

Усяго працэс па адміністрацыйнай справе доўжыўся каля 20 хвілін, але калегі Змітра змаглі трапіць толькі на выніковую частку пасяджэння суда. Незалежныя журналісты прыйшлі падтрымаць калегу, міліцыянты праверылі ў іх дакументы і сказалі чакаць, а потым не пускалі ў пакой, дзе слухалася справа Лупача. Яны спасылаліся на тое, што працэс ужо пачаўся і там вядзецца допыт. Да таго ж праваахоўнікі дадалі, што журналісты самі вінаватыя ў тым, што не трапілі на суд,  бо трэба было ісці.

Па словах Таццяны Смоткінай, такое нахабства міліцыянтаў яе вельмі здзівіла: 

— Спачатку ў нас дзяжурны міліцыянт праверыў дакументы і сказаў чакаць. Потым з’явіўся капітан міліцыі Сяргей Цырбан і параіў дзяжурнаму праверыць дасканала нашы рэчы. Сказаў, што яшчэ невядома адкрыты гэта суд ці закрыты.

Я зразумела, што такімі дробязямі, яны нас затрымліваюць. Толькі пасля таго, калі я зноў сказала, што буду пісаць скаргу на імя галоўнага суддзі, нам дазволілі зайсці ў кабінет, дзе судзілі Змітра. Але нам удалося трапіць туды толькі напрыканцы пасяджэння, былі мы там усяго 3-4 хвіліны. Хутка было аб’яўленае рашэнне суда. Але склалася ўражанне, што ўсё напісана і абмеркавана было ўжо загадзя, — распавяла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Таццяна Смоткіна.

Самога Змітра Лупача не пусцілі ў будынак суда з відэакамерай. Да таго ж доўга трымалі перад рамкай-металадэтэктарам. Прапусцілі толькі пасля таго, як ён сказаў, што яму трэба азнаёміцца са справай.

 — Судзілі мяне ў пакоі для наведнікаў. На пачатку слухання я заўважыў, што няма маіх калег, якія прыйшлі мяне падтрымаць. І калі заходзілі міліцыянт і сакратар сказаць, што ёсць людзі, якія хочуць прысутнічаць на працэсе, суддзя Людміла Вашчанка крычала на іх. Але пасля слоў сакратаркі, што тэлефанавалі са следчага камітэта і сказалі прапусціць, яна пагадзілася пусціць у кабінет журналістаў.

Па словах Змітра Лупача, не дазволіла суддзя яму і поўны выступ. У абарону сябе журналіст падрыхтаваў спасылкі на шэраг артыкулаў Канстытуцыі Беларусі. Напрыклад, арт. 8, які прызнае прыярытэт міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць заканадаўства, арт. 33, які кожнаму гарантуе свабоду меркаванняў, перакананняў і свабоднае выказванне і іншыя артыкулы асноўнага закона. А таксама вытрымку з Хельсінскага акта 1974 года і артыкул 19 Міжнароднага пакта, які быў падпісаны Рэспублікай Беларусь.

Суддзя сказала прамаўляць толькі па сутнасці.

— Але я паспеў зазначыць, што калі прадстаўнікі Беларусі падпісалі гэтыя міжнародныя дакументы, яны ўзялі на сябе адказнасць выконваць іх. Таксама дадаў, што не лічу людзей, якія працуюць у Міністэрстве інфармацыі і Міністэрстве замежных справаў разумнейшымі і маральна чысцейшымі за сябе, каб яны мне штосьці забаранялі ці давалі нейкія дазволы на працу, — кажа Зміцер Лупач.

Пасля працэсу ля будынка суда з’явіўся аўтамабіль ДАІ. Паводле аднаго з прысутных журналістаў, да супрацоўніка аўтаінспекцыі падыйшоў капітан Цырбан і нешта сказаў яму на вуха. Пасля гэтага машыну з журналістамі спынілі для праверкі дакументаў. Паколькі ўсе дакументы былі ў парадку, журналістам пажадалі шчаслівай дарогі.

Нагадаем, сёлета гэта ўжо дзявяты суд над Змітром Лупачам. Але ў хуткім часе яго і Таццяну Смоткіну чакае суд у Міёрах за матэрыялы пра сацыяльныя праблемы людзей і закрыццё ашчаднай касы ў аграгарадку Язна. 22 снежня капітан глыбоцкай міліцыі Сяргей Цырбан перадаў ім ад міёрскіх міліцыянтаў дапрацаваныя пратаколы.

Крыніца