Навіны і артыкулы

Журналістка з Магілёва патрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка міліцыі
| Падзеі 81

Журналістка з Магілёва патрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка міліцыі

Аліна Скрабунова 13 лютага паскадзілася ў Магілёўскі СК і абласны УУС. Яна хоча, каб міліцыянт Яўген Слаўнікаў панёс адказнасць за парушэнне яе права на распаўсюд інфармацыі. ...

У лістападзе 2018 года інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва маёр міліцыі Яўген Слаўнікаў склаў на Аліну Скрабунову і аператара Міхаіла Аршынскага адміністрацыйныя пратаколы за «незаконнае стварэнне прадукцыі СМІ» для тэлеканала «Белсат». (Сюжэт выйшаў у эфір 26 верасня 2018 года, у ім распавядалася пра парушэнні аховы працы на фабрыцы «Магілёўдрэў».)

Паколькі Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях не прадугледжвае адказнасці за ўдзел у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ», суддзя Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна двойчы вяртала ў міліцыю пратаколы на дапрацоўку. У выніку адведзены заканадаўствам двухмесячны тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці мінуў, і 28 лістапада праверка па справе Аліны Скрабуновай і Міхася Аршынскага была спыненая.

Журналістка ў сваіх скаргах у Следчы камітэт і УУС Магілёўскага аблвыканкама вінаваціць супрацоўніка Ленінскага РАУС маёра Слаўнікава ў бессэнсоўным растрачванні дзяржаўных сродкаў, спробе прыцягнуць яе да адказнасці за правапарушэнне, якое адсутнічае ў КаАП.

«Слаўнікаў у перыяд з кастрычніка па лістапад 2018 года задзейнічаў вялікую колькасць людзей і сродкаў, каб забяспечыць яўку мяне і Аршынскага ў РАУС, але, як аказалася, усё гэта было цалкам бескарысна. Па розных адрасах нашых сваякоў і знаёмых у Магілёве кожны тыдзень прыходзілі міліцыянты і цікавіліся нашым месцазнаходжаннем, у кустах пад дамамі ладзіліся засады на мяне і на Аршынскага міліцыянтамі ў цывільным, суседзі і сваякі былі апытаныя без пратаколаў і з надуманай нагоды. Уся гэтая праца ад самага пачатку была бессэнсоўнай. А тое, што справа супраць нас закрытая з прычыны заканчэння тэрміну прыцягнення да адказнасці і што суд двойчы вярнуў справу назад у РАУС на выпраўленне памылак, сведчыць аб тым, што Слаўнікаў патраціў дзяржаўныя рэсурсы марна, ён здзяйсняў неабгрунтаваную і бессэнсоўную працу на працягу двух месяцаў», — напісала ў сваіх скаргах Аліна Скрабунова.

Таксама Скрабунова лічыць супрацоўніка міліцыі вінаватым у парушэнні яе правоў на бесперашкодны распаўсюд інфармацыі, замацаваны ў артыкулах 33 і 34 Канстытуцыі.

Раней журналістка ўжо накіроўвала скаргі на дзеянні маёра міліцыі Яўгена Слаўнікава з патрабаваннем прыцягнуць яго да адказнасці за некампетэнтныя і незаконныя дзеянні, непавагу да суда і неналежнае выкананне службовых абавязкаў у пракуратуру Магілёва, УУС Магілёўскага аблвыканкама і Ленінскі РАУС Магілёва, але скаргі былі адхіленыя.

Крыніца