Навіны і артыкулы

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі, які з прычыны пераследу ўладаў эміграваў з Беларусі, атрымаў на свой былы хатні адрас паведамленне пра шэсць судовых пастановаў на выплату адміністрацыйных штрафаў. Даслаў дакумент судовы выканаўца Цэнтральнага раёна Гомеля Леанід Макарэвіч, а Жукоўскаму за мяжу паведаміла пра штрафы сваячка.

Дзве нясплочаныя пастановы на штрафы вынес Светлагорскі раённы суд: адзін штраф паводле ч. 2 артыкула 22.9 КаАП за сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра флэш-моб гараджан супраць “смярдзючага” завода беленай цэлюлозы і другі за непавагу да суда — артыкул 24.1 КаАП. Яшчэ два штрафы на фрылансера Жукоўскага наклаў напрыканцы 2018 года суд Гомельскага раёна за нібыта незаконнае інтэрв’юраванне жыхароў прыгараднага пасёлка Чырвоны Багатыр і відэасюжэт на “Белсаце” пра перасяленне чыноўнікаў у вёску за бюджэтныя грошы. Таксама за супрацоўніцтва з тэлеканалам, які транслюе перадачы па-беларуску з тэрыторыі Польшчы, Жукоўскі аштрафаваны Буда-Кашалёўскім раённым судом і судом Цэнтральнага раёна Гомеля.

Судовы выканаўца патрабуе сплаціць агулам 3969 рублёў. Яшчэ 433 рублі і 65 капеек склала нядоімка — прымусовы збор па ўсіх штрафах.

“Сваячка пераказала мне, — паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі з-за мяжы праз сацыяльную сетку, — што калі я не сплачу штрафы, то служба прымусовага выканання пакарання канфіскуе на пагашэнне штрафаў легкавы аўтамабіль, які належыць маёй жонцы. Маўляў, гэта сумесна нажытая маёмасць, і паводле беларускага закона яна можа быць канфіскаваная”.

Фрылансера Жукоўскага найбольш штрафавалі за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”, інакш кажучы, за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі пры беларускім Міністэрстве замежных спраў.

За 2015 – 2018 гады раённыя суды Гомельскай вобласці сорак разоў каралі фрылансера буйнымі штрафамі на падставе пратаколаў, складзеных міліцыяй паводле артыкула 22.9 КаАП, і адзін раз за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў за гэты час склала 30622,5 рублёў.

Апроч таго, Жукоўскі атрымліваў пагрозы на свой адрас праз электронную пошту і сацыяльныя сеткі. З гэтай нагоды ён звяртаўся ў міліцыю, але праваахоўнікі не знайшлі вінаватых. Вылічылі толькі, што пагрозы дасылаліся з электроннай скрыні, зарэгістраванай у Канадзе.

У сярэдзіне студзеня пасля чарговай правакацыі Кастусь Жукоўскі разам з жонкай і дачкой выехаў з Беларусі ў адну з краін Заходняй Еўропы, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Краіну прабывання ён не называе, бо лічыць, што пагроза ягонаму жыццю і здароўю ўсё яшчэ захоўваецца.

Крыніца