Навіны і артыкулы

Затрыманы блогер Кабанаў. Па Берасьці прайшоў марш праціўнікаў акумулятарнага заводу
| Падзеі 24

Затрыманы блогер Кабанаў. Па Берасьці прайшоў марш праціўнікаў акумулятарнага заводу

Апоўдні 24 лютага ў Берасьці быў затрыманы блогер Аляксандар Кабанаў. Гэта адбылося на выхадзе з кватэры Сяргея Пятрухіна — ад раніцы ў двары дому дзяжурыў АМАП. ...

Затрыманьне адбылося перад пачаткам штотыднёвай акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. Ужо год кожную нядзелю берасьцейцы зьбіраюцца на несанкцыянаваныя акцыі «кармленьня галубоў».

Ад плошчы Леніна берасьцейцы рушылі да кінатэатру «Беларусь»

Паводле розных падлікаў, на акцыю пратэсту выйшлі ад 150 да 180 чалавек. Людзі пастаялі на плошчы Леніна і а 12:40 рушылі шэсьцем па цэнтру Берасьця. Пратэстоўцы прайшлі да кінатэатру «Беларусь» — ужо тры тыдні акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці праходзяць у такім фармаце. Каля 13:20 пратэстоўцы разышліся, аб затрыманьнях на акцыі (акрамя затрыманьня Кабанава да мітынгу) не паведамлялася.

Як паведаміла Служба маніторынгу ГА "БАЖ",  Аляксандра Кабанава выпусцілі з пастарунка неўзабаве пасля завяршэння сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода. Само затрыманне ў міліцыі патлумачылі тым, што на Кабанава складзены новы адміністрацыйны пратакол і яму была даслана позва, але блогер яе нібыта праігнараваў.

Новы пратакол складзены па факце знявагі, аднак у чым сутнасць справы пакуль не вядома: блогер адмовіўся ад азнаямлення з заявай без удзелу адваката.

Берасьцейскія ўлады забаранілі больш як паўсотні мітынгаў супраць заводу, дазволілі толькі адзін мінулым летам. Цяперашнюю забарону зьвязалі з тым, што ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў (дазволеным уладамі для «мітынгаў без заявак») праводзяцца мерапрыемствы, зьвязаныя з Днём абаронцаў айчыны.

Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.

Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​Берасьцейскія ўлады ўжо ня раз забаранялі мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, а берасьцейскіх блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.

Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.

У траўні актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».

У верасьні на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.

Крыніца