Навіны і артыкулы

Амаль 900 рублёў штрафу атрымаў журналіст-фрылансер з Глыбокага
| Падзеі 81

Амаль 900 рублёў штрафу атрымаў журналіст-фрылансер з Глыбокага

За сюжэт пад назвай “Як жыве сёння самы бедны раён краіны”, паказаны на тэлеканале “Белсат” фрылансер Зміцер Лупач атрымаў штраф у 35 базавых велічыняў. ...

Шаркаўшчынскі суд 15 красавіка ў асобе суддзі Аксаны Табола наклаў на журналіста-фрылансера штраф памерам 35 базавых велічыняў.  Змітра Лупача зноў судзілі за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). 

.

У ходзе разгляду справы Зміцер Лупач выявіў падробку дакумента, а менавіта копіі пратакола, складзенага міліцыянтам, і заявіў пра гэта ў судзе.  Суддзя Табола абяцала накіраваць ліст у Шаркаўшчынскі РАУС пра выяўленае парушэнне.

У сваёй прамове падчас судовага пасяджэнння журналіст звяртаў увагу, што права на свабоду слова гарантаванае яму Канстытуцыяй і Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але на рашэнне суда гэта не паўплывала.

Як кажа Зміцер Лупач, перад пэўнымі палітычнымі падзеямі ўзмацняецца ціск на незалежных журналістаў, палітыкаў і праваабаронцаў. Яму вядома, якая “кантора” гэта ўсё ініцыюе.

“У маёй справе была фармулёўка, што быццам бы здымаў з мэтай, каб у гледачоў склалася негатыўнае ўражанне пра раён. Але не я працую, каб стварыць негатыўнае ўражанне, якраз яны самі на гэта працуюць”, — адзначае журналіст.

Сёлета гэта ўжо трэці штраф, прызначаны судом Змітру Лупачу паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9.  Агулам сума штрафаў склала 2805 беларускіх рублёў. У 2018 годзе па гэтым артыкуле незалежны журналіст прыцягваўся да адказнасці шэсць разоў.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"