Навіны і артыкулы

Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйныя скаргі журналіста-фрылансера Змітра Лупача
| Падзеі 68

Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйныя скаргі журналіста-фрылансера Змітра Лупача

У Віцебскім абласным судзе 15 мая адбыўся разгляд касацыйных скаргаў журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Суддзя Святлана Іванова ніводную з іх не задаволіла. ...

Журналіст спрабаваў аспрэчыць пастанову Глыбоцкага раённага суда ад 11 красавіка. У той дзень суддзя Станіслаў Трапук аштрафаваў Змітра Лупача на 40 базавых велічыняў паводле двух адміністрацыйных артыкулаў: за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).

Другая касацыйная скарга тычылася суда ў Шаркаўшчыне 15 красавіка. Тады суддзя Шаркаўшчынскага райсуда Аксана Табола пакарала журналіста штрафам у памеры 35 базавых велічыняў ізноў за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці стаў відэасюжэт “Як жыве сёння самы бедны раён краіны”, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

Паведамленне пра разгляд касацыйных скаргаў у судзе Зміцер Лупач атрымаў загадзя, але вырашыў не ехаць, бо яго прысутнасць была неабавязковай, і ў гэты дзень ён быў заняты іншымі важнымі справамі. Пра вынікі суда журналіст даведаўся ад віцебскіх праваабаронцаў.

Як кажа Зміцер Лупач, асаблівых спадзяванняў на тое, што Віцебскі абласны суд задаволіць яго скаргі задаволіць, не было. Далей ён намераны звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Там ужо зарэгістраваныя дзве скаргі журналіста на парушэнне Рэспублікай Беларусь яго правоў.

Крыніца