Навіны і артыкулы

Журналіста памежнікі знялі з цягніка і ажыццявілі дагляд "з прыстрасціем"
| Падзеі 20

Журналіста памежнікі знялі з цягніка і ажыццявілі дагляд "з прыстрасціем"

На беларуска-польскай мяжы "Тэрэспаль-Брэст" з цягніка знялі журналіста "Новага Часу" і "Зялёнага Партала" Аляксандра Вялітчанку і актывістку Аліну Сцяцову, калі яны ...

Праваабаронцам "Вясны" 22 верасня стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы "Тэрэспаль-Брэст" з цягніка знялі журналіста "Новага Часу" і "Зялёнага Партала" Аляксандра Вялітчанку і актывістку Аліну Сцяцову, калі яны вярталіся дадому ў Беларусь. 

Па словах Аляксандра, у іх адразу забралі пашпарты, а пасля таго, як правялі дагляд рэчаў у цягніку, адвялі на асабісты дагляд. Аднак, каб яго ажыццявіць, работнікі мытнай службы павінны атрымаць подпіс начальніка, у якога зараз выходны. Вядома, што мытнікі паехалі за подпісам. Вялітчанку і Сцяцову зачынілі ў зале пагранічнага кантролю. Яны чакаюць ужо больш за гадзіну, спазніўшыся на бліжэйшыя цягніка.

Пры даглядзе ў іх пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.

"Потым параілі падумаць, чаму гэта адбываецца тут і цяпер", — кажа журналіст.

У 15:30 памежнікі пачалі асабісты дагляд журналіста. Праз 20 хвілін дагляд скончыўся. 

"Праверылі ўвесь заплечнік. Сказалі, распрануцца да майткоў.

Здаецца, усё было па працэдуры. Прысутнічаў паняты, памежнік, які здымаў з цягніка і чалавек, які даглядаў мяне. Аформілі пратаколам, які далі падпісаць", — распавядае Аляксандр Вялітчанка.

Праз некаторы час даглядзелі і актывістку Аліну Сцяцову. Асабісты дагляд актывісткі ажыццяўлялі жанчыны. 

Пра прычыны такой увагі да журналіста і актывісткі беларускія мытнікі не паведамілі. Уся працэдура заняла больш за дзве гадзіны.

Пасля гэтага, як распавёў Аляксандр Вялітчанка, начальнік змены папрасіў прабачэння за ўсё гэта і сказаў, што яму гэтая працэдура таксама непрыемная і што гэта не яго жаданне.

"І паўтарыў, каб я задумаўся, "дзе, калі, з кім і чаму", бо гэта можа працягвацца кожны раз пры перасячэнні мяжы", — дадаў журналіст.

Канчаткова Вялітчанку і Сцяцову вызвалілі толькі а 18 гадзіны, пратрымаўшы такім чынам чатыры гадзіны. Кампенсаваць квіткі ім адмовіліся. Растлумачылі свае дзеянні па асабістаму дагляду "загадзе зверху". Але больш ніякай інфармацыі не паведамілі, спаслаўшыся на тое, што загад засакрэчаны.

Крыніца

Фота з ФБ Аляксандра