Навіны і артыкулы

Пасля працяглага зацішша аднавіўся пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з «Белсатам»
| Падзеі 22

Пасля працяглага зацішша аднавіўся пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з «Белсатам»

Новы віток ціску на журналістаў з-за супрацы з “Белсатам” у рэжыме фрыланс. Магілёўскую журналістку вінавацяць з-за сюжэту пра новапрызначанага галоўнага ідэолага ...

19 верасня журналістку-фрылансерку з Магілёва Дар’ю Чульцову выклікалі ў Бялыніцкі раённы аддзел унутраных спраў для апытання. Малодшы ўчастковы інспектар, лейтэнант міліцыі Павел Барашкоў склаў у дачыненні да яе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

У якасці правапарушэння журналістцы інкрымінавалі сюжэт, які выйшаў на тэлеканале “Белсат” 22 жніўня 2019 года ў тэлепраграме “Аб’ектыў” пад назвай “Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. “Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь”.

У завяршэнне Чульцовай уручылі позву ў суд Бялыніцкага раёна. Разгляд  адміністрацыйнай справы прызначаны на 26 верасня а 10 гадзіне раніцы.

У міліцэйскім пратаколе, у прыватнасці, пазначана, што 21 жніўня Дар’я Чульцова праводзіла інтэрв’ю з людзьмі ў сярэдняй школе № 1 г. Бялынічы і незаконна вырабіла прадукцыю СМІ, што парушае ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

У якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс па гэтай жа справе, праходзіць таксама магілёўскі журналіст Міхась Аршынскі. Пакуль невядома, ці адбудзецца разгляд яго справы ў судзе Бялыніцкага раёна 26 верасня, бо позву ў суд Аршынскі не атрымліваў.

18 верасня супрацоўнік Ленінскага РАУС Магілёва Яўген Пугін хацеў ўручыць Аршынскаму позву ў Бялыніцкі суд, але замест гэтага неспадзявана ўручыў дакумент магілёўскаму журналісту і праваабаронцу Аляксандру Буракову (малодшаму).

Крыніца