Навіны і артыкулы

Аб кампаніі "За Фрыланс!"

Аб кампаніі "За Фрыланс!"

Рэсурс Freelance.baj.by з’яўялецца дачынным праектам кампаніі ў падтрымку правоў журналістаў-фрылансераў “За Фрыланс”. Кампанія “За Фрыланс” ажыццяўляецца ГА ...

Беларускі журналіст-фрылансер — з’ява парадаксальная. Адначасова ён ёсць і яго няма. Ён фактычна працуе журналістам, але яго стараюцца не заўважаць, бо для закона фрылансер — “мёртвая душа”. І гэта няправільна.

У 2011 годзе маладыя лідары БАЖ ініцыявалі кампанію падтрымкі журналістаў-фрылансераў, у межах якой запланавана юрыдычная, асветніцка-інфармацыйная і кансультацыйная дапамога па аптымізацыі дзейнасці вольных журналістаў у сённяшняй Беларусі, дзе паняцце “журналіста-фрылансера” юрыдычна не замацавана.

У сучасным свеце дастаткова шырока распаўсюджаны фармат працы журналістаў па фрылансе, г.зн. вольнай журналістыцы.

Да прыкладу, каля 800 асобаў з 10000 сябраў Нарвежскага саюзу журналістаў (NJ) з’яўляюцца фрылансерамі, што складае блізу 8% ад агульнага складу арганізацыі.

У нацыянальных журналісцкіх саюзах Швецыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі ды іншых краінаў Еўропы існуюць асобныя суполкі журналістаў-фрылансераў, якія дапамагаюць сваім сябрам у пошуку заказчыкаў, у перамовах пра ўмовы працы, у навучанні і іншым.

Аднак, у той жа Нарвегіі, паводле закону, кожны можа быць журналістам. Калі Вы не працаўладкаваныя, то Вы – фрылансер. У юрыдычнай тэрміналогіі не існуе паняцця фрылансера. Гэта  ўсяго-толькі апісанне вашага метаду працы.

Іншая справа - фрыланс у беларускай журналістыцы. На жаль, паводле закону, журналістам у Беларусі лічыцца толькі журналіст СМІ, што значна абмяжоўвае канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны на бесперашкодны збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, замацаваныя ў артыкуле 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя праблемы:

Слабое ці ніякае ўяўленне журналістаў-фрылансераў пра свой статус, правы, формы працы, ролю фрылансераў у сусветнай медыя-супольнасці, магчымасці прафесійнага росту ў ролі журналіста-фрылансера.

Ускладнены доступ да інфармацыі, ціск і перашкоды з боку праваахоўных органаў, пракуратуры, судоў, адмаўленне ў легалізацыі.

Праблема ўзаемадачыненняў з працадаўцамі і заказчыкамі (аўтарскія правы, змаганне за тарыф, захаванне сацыяльных правоў).

Унікальная псіхалагічная праблема. У фрылансера недзе ў падкорцы сядзіць ідэя, што ён недажурналіст. Ён не мае сталых стасункаў з рэдакцыямі, калектыывам, пры кантактах з чыноўнікамі чамусьці цяжка пазбавіцца ад спакусы заняць пазіцыю просьбіта. Фрылансер часцяком пачувае сябе вельмі няпэўна, бо за яго плячыма не стаіць магутная рэдакцыя.

Вырашыць гэтыя генеральныя праблемы можна як мінімум праз два сцэнары: альбо змяніць заканадаўства, а потым стаўленне ў грамадстве, альбо наадварот. У любым выпадку, праблемы, з якімі сутыкаюца фрылансеры, сядзяць у галовах. І ніякія заканадаўчыя змены не пачнуць працаваць на карысць фрылансераў без трансфармацыі стаўлення да вольных журналістаў у грамадстве.

Вось на гэта і скіраваная кампанія “За фрыланс!”.

Шчыра запрашаем далучацца з любымі ідэямі, пытаннямі, заўвагамі і прапановамі. Пра хаду кампаніі вы заўсёды зможаце даведацца на нашай старонцы.

Кантакты:

Электронная пошта: freelance@baj.by 

Старонка ў фэйсбуку (Трэба аўтарызавацца)

Твітэр