Навіны і артыкулы

У Магілёве вайскоўцы забараняюць фрылансерам здымаць шкілеты часоў ВАВ

У Магілёве вайскоўцы забараняюць фрылансерам здымаць шкілеты часоў ВАВ

Аператар Яўген Глушкоў натрапіў на неагароджаную будаўнічую пляцоўку практычна ў цэнтры гораду. Увагу прыцягнула тое, што працамі займаліся жаўнеры. Падышоўшы бліжэй, ён ...

На пытанні жаўнеры адказваць адмаўляліся, паведаміўшы толькі, што нават інфармацыя пра іхную вайсковую частку – сакрэтная. Праз момант да журналістаў падбег старшы сяржант Еўтух (вядомыя толькі ягоныя ініцыялы Н. А. – хутчэй за ўсё, таксама з “сакрэтнай” часткі) і запатрабаваў акрэдытацыю ад Міністэрства абароны.

Як будаўнічая пляцоўка ператварылася ў вайсковы аб’ект і чаму раскопкамі займаюцца шараговыя жаўнеры замест археолагаў – сяржант не патлумачыў, толькі ўпарта спрабаваў перашкодзіць здымкам і біў па камеры. Чалавек у цывільным адзенні ды камуфляжных споднях нахабна заявіў, што пляцоўка агароджаная і журналісты без дазволу праніклі на аб’ект.

На відэа выдатна бачна, што ніякага плоту вакол няма і за некалькі метраў ад глыбокіх ямаў гуляюць дзеці. Урэшце сяржант выклікаў на дапамогу міліцыянтаў, але журналіст вырашыў не чакаць прыезду праваахоўнікаў. 

Цікава, што інфармацыйны партал “Могилёвские ведомости” прыадкрыў таямніцу чалавечых рэшткаў. Гэта былі целы жаўнераў, загінулых падчас Другой сусветнай вайны, а “сакрэтная” частка аказалася 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны. Навошта было ісці на канфлікт з незалежнымі журналістамі ды пагражаць затрыманнем, замест таго, каб проста патлумачыць сітуацыю – незразумела.

Каментар ад FBB

Юрыст Сяргей Зікрацкі ў аналізе “Закона пра СМІ” звяртае ўвагу, што “журналіст абавязаны атрымліваць згоду фізічных асобаў на ажыццяўленне аўдыё- і відэозапісу, кіна- і фотаздымкаў, за выключэннем іх ажыццяўлення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах…”  — п.4.7 артыкула 34 Закона пра СМІ.

Гэта значыць, што забараняць здымкі ў звычайным магілёўскім двары жаўнеры не мелі права. Часта афіцыйныя асобы спасылаюцца на нейкую сакрэтнасць або рэжымнасць аб’екта, які трапляе ў аб’ектыў. Трэба зазначыць, што на тэрыторыі Беларусі такія аб’екты ствараюць закрыты спіс, які зацвярджае Савет міністраў РБ.

Грунтоўную інфармацыю пра доступ да здымкаў у крамах, на выставах, у бібліятэках — карацей, у адкрытых для наведвання месцах — знойдзеце тут.   

Крыніца Belsat.eu