Навіны і артыкулы

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў у перыяд снежань 2010 года — верасень 2012 года

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў у перыяд снежань 2010 года — верасень 2012 года

У аснову даследвання пакладзеныя дадзеныя прававога маніторынгу парушэння правоў журналістаў, якое праводзіць служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". У ...

Для  маніторынгу быў абраны міжвыбарчы перыяд, бо ціск на незалежных журналістаў актывізуецца менавіта падчас выбараў, і гэты адрэзак часу з’яўляецца найбольш паказальным.

Паводле атрыманых дадзеных, у залежнасці ад сітуацыі парушэнні правоў фрылансераў падзяляюцца на дзве вялікія катэгорыі.

Такім чынам, мы маем справу з двума відамі парушэнняў:

А. Парушэнні, якія адбываюцца падчас непасрэднага выканання фрылансерам прафесійных абавязкаў, падчас збору інфармацыі.

Б. Парушэнні правоў у сітуацыях, не звязаных з непасрэдным выкананнем прафесійных задач, — гэта мы называем адтэрмінаваным пераследам за прафесійную дзейнасць.

Найчасцей правы фрылансераў парушаюцца ў момант выканання прафесійнага задання (63%). У маніторынг патрапілі выпадкі перашкодаў працы на масавых мерапрыемствах, працы ў наўпрост грамадскіх месцах, працы на адкрытых судовых слуханнях і падобныя да іх.

Чые правы парушаюць

Часцей за іншых пад удар трапляюць відэааператары і карэспандэнты (пішучыя журналісты). На іх долю прыпадае па траціне выпадкаў. Парушэнні правоў тэлекарэспандэнтаў і фатографаў складаюць каля 12% і 10% выпадкаў. Прадусэры, памочнікі рознага кшталту, дызайнеры, мантажысты (“іншыя”) трапляюць у прававы маніторынг фрылансераў у прыкладна аднолькавай ступені з радыёкарэспандэнтамі — 6% і 5%.

Папулярнасць катэгорыі відэааператараў тлумачыцца іх большай заўважнасцю для крыўдзіцеляў, бо яны звычайна маюць пры сабе камеры са штатывамі. Таксама значэнне мае іх неабходнасць быць у гушчыні падзеяў, каб паказаць гледачу самае цікавае.

Папулярнасць катэгорыі карэспандэнтаў можа таксама тлумачыцца апошняй акалічнасцю. Прычынай, чаму правы карэспандэнтаў так часта парушаюцца падчас збору інфармацыі, можа быць і тое, што доля пішучых журналістаў у прафесійнай супольнасці найвышэйшая — папросту іх многа.

Хто і як парушае правы фрылансераў падчас збору інфармацыі

Сумнае лідэрства сярод суб’ектаў, што парушаюць права фрылансераў на збор інфармацыі, займае міліцыя. Яе доля сярод усіх выпадкаў складае 76%. На другім месцы суды — 18%.

Агулам малюнак выглядае наступным чынам. Міліцыя затрымлівае, суды судзяць. Таксама і тыя і другія чыняць банальныя перашкоды ў атрыманні інфармацыі — забараняюць здымаць, фатаграфаваць, выдаляюць з месца падзеяў, залы судовага паседжання ды інш. Сумнае лідэрства сярод суб’ектаў, што парушаюць права фрылансераў на збор інфармацыі, займае міліцыя. Яе доля сярод усіх выпадкаў складае 76%. На другім месцы суды — 18%.

Збіццё карэспандэнтаў і пашкоджанне апаратуры — заганная практыка нашых праваахоўных органаў, да якой яны прыбягаюць дастаткова часта. Гэта не адзінкавыя здарэнні. Сярод неправамерных дзеянняў у дачыненні да фрылансераў яны складюць 8% і 7% выпадкаў.

Падагульнім. Паводле сталай практыкі, этап збору інфармацыі найбольш небяспечны для журналістаў-фрылансераў у аспекце парушэння іх прафесійных і грамадзянскіх правоў. Найчасцейшымі ахвярамі становяцца відэааператары і пішучыя журналісты.

Да фрылансераў прымяняюцца затрыманні міліцыяй, збіццё і пашкоджанне абсталявання, здзяйсняюцца арышты на суткі паводле рашэння судоў. У меншай долі зафіксавана колькасць выпадкаў адмовы даваць інфармацыю або перашкодаў падчас збору інфармацыі з боку іншых суб’ектаў. Іх здзяйснялі службы аховы камерцыйных або дзяржаўных установаў (крамы, пракуратура).

З маніторынгу ды асабістага досьведу зразумела, што працаваць на масавых мерапрыемствах, у зонах рызыкі, больш небяспечна. І ў нашым даследаванні такіх прыкладаў мноства. Але гэта не значыць, што менш цяжкія правапарушэнні, напрыклад, адмова ў інфармацыі, здараюцца радзей.

Адтэрмінаваны пераслед

Нагадаем, што адпаведна з  вынікамі прававога маніторынгу, парушэнні правоў свабодных журналістаў падзяляюцца на дзве сітуатыўныя катэгорыі. Гэта выпадкі, што адбывацца непасрэдна ў час выканання прафесійных задач, і выпадкі адтэрмінаванага пераследу журналістаў-фрылансераў. Першую катэгорыю правапарушэнняў мы разглядалі вышэй. Зараз час для другой катэгорыі, доля якой сярод усіх правапарушэнняў складае 37%.

Пад адтэрмінаваным пераследам за прафесійную дзейнасць мы разумеем ціск, парушэнне правоў журналістаў з боку розных суб’ектаў. Суб’екты прымяняюць супрацьпраўныя меры і дзеянні з прычыны сваёй незадаволенасці: а) вынікамі прафесійнай дзейнасці журналістаў, б) наўпростым фактам такой дзейнасці або в)фактам дачынення журналіста да нейкага непрымальнага для ўлады СМІ.

Адтэрмінаваны пераслед: чые правы парушаюць

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў дазваляе прасачыць, хто ды як прыціскае ў Беларусі людзей непажаданай прафесіі.

Найчасцейшымі ахвярамі адтэрмінаванага пераследу становяцца пішучыя карэспандэнты (46% выпадкаў), на другім месцы — тэлекарэспандэнты (22%), на трэцім — відэааператары (17%), чацвёртае — за радыёкарэспандэнтамі (8%). Аб’ектаў астатніх здарэнняў немагчыма ўкласці ў пэўную катэгорыю паводле роду заняткаў журналістаў, мы назвалі яе “іншыя” — 7%.

 З чым звязана тое, што тут часцей за ўсё пад раздачу трапляюць журналісты, якія пішуць ды трымаюць мікрафон? Тут усё проста: дзякуючы магчымасці ідэнтыфікацыі. Пішучы журналіст пазначае сваё імя пад “нязручным” артыкулам, а тэлекарэспандэнт свеціць сваім тварам у кадры. Такія катэгорыі працаўнікоў прасцей ідэнтыфікаваць і завесці на іх нейкую справу постфактум.

Адтэрмінаваны пераслед: хто і як парушае правы фрылансераў

У наш маніторынг патрапілі выпадкі адтэрмінаванага пераследу журналістаў з боку выключна дзяржаўных структур. Гэты ціск ды бачны за ім намер скасаваць свабоду слова ў краіне маюць моцную палітычную матывацыю.

Сітуацыя, вядома, абуральная. Аднак, разам з адмоўнымі, у ёй можна разгледзець і станоўчыя бакі. Кожны такі выпадак суправаджаецца складаннем афіцыйных дакументаў. Вядзенне справы звычайна патрабуе выканання працэсуальных патрабаванняў. Заўсёды застаецца магчымасць спадзявацца на справядлівае вырашэнне праблемы ці, хаця б, на адтэрмінаваную рэабілітацыю. Вось гэта і ёсць пазітыўны бок, перавага дзяржаўнага пераследу над пераследам крымінальным, які ў нашай краіне, на шчасце, распаўсюду не мае.

Інструменты, якімі карыстаюцца дзяржаўныя органы, каб пакараць журналістаў за іх дзейнасць.

Пракурорскае папярэджанне — найчасцейшы від адтэрмінаванага пераследу журналістаў-фрылансераў за прафесійную дзейнасць. Папярэджанне звычайна мае фармулёўку “аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства РБ”, афармляецца на імя фрылансера, якога пракуратура падазрае ў працы ў якасці журналіста іншаземнага СМІ без акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, пальма першынства па атрыманні такіх папярэджанняў належыць журналістам, што прадаюць сваю працу тэлеканалу “Белсат”.

Ператрусы ў жылых памяшканнях фрылансераў — другое па распаўсюджанасці парушэнне прафесійных ды грамадзянскіх правоў. Яны адбываюцца ў межах заведзенай крымінальнай справы, а таксама без яе, на падставе “ананімнай” заявы аб злачынстве, што адбываецца ў дадзеным памяшканні. Звычайна ператрус суправаджаецца канфіскацыяй тэхнікі і абсталявання. Ціск на журналістаў такого роду складае траціну выпадкаў.

Допыты, арышты, размовы і завядзенне крымінальнай справы — у такім парадку ідуць дадзеныя правапарушэнні ў нашым рэйтынгу распаўсюджанасці. Найцяжэйшыя для фрылансера па наступствах адбываюцца радзей і могуць выглядаць як выключнае здарэнне, аднак гэта ніяк не адмяняе іх недапушчальнасці.

Крыніца: "Анатомія фрылансу"