Навіны і артыкулы

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў у 2013 годзе

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў у 2013 годзе

У аснову даследвання пакладзеныя дадзеныя прававога маніторынгу парушэння правоў журналістаў, якое праводзіць служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". У ...

Паводле атрыманых дадзеных, як і ў 2011-2012 гадах, калі праводзіўся маніторынг, у залежнасці ад сітуацыі парушэнні правоў фрылансераў падзяляюцца на дзве вялікія катэгорыі:

  1. Парушэнні, якія адбываюцца падчас непасрэднага выканання фрылансерам прафесійных абавязкаў — падчас збору інфармацыі.
  2. Парушэнні правоў у сітуацыях, не звязаных з непасрэдным выкананнем прафесійных задач, — гэта мы называем адтэрмінаваным пераследам за прафесійную дзейнасць.

Найчасцей правы фрылансераў парушаюцца ў момант выканання прафесійнага задання — 33 выпадкі, што складае 65% ад агульнай лічбы. У маніторынг патрапілі выпадкі перашкодаў працы на масавых мерапрыемствах, працы ў наўпрост грамадскіх месцах, працы на адкрытых судовых слуханнях і падобныя да іх. Для параўнання, ў мінулых гадах доля такіх перашкод складала 63%, што сведчыць пра тое, што сітуацыя ўстойлівая.

Выпадкаў адтэрмінаванага пераследу журналістаў-фрылансераў у 2013 годзе па дадзеным маніторынгу зафіксавана 18, што складае 35% ад усіх парушэнняў правоў журналістаў-фрылансераў.

Агульны аналіз становішча з парушэннямі прафесійных правоў журналістаў-фрылансераў

Суб’екты парушэння правоў журналістаў-фрылансераў

Найчасцей парушала правы журналістаў-фрылансераў міліцыя — 21 выпадак, што складае 41% ад агульнай карціны. Далей ідуць рознага кшталту прадстаўнікі служб аховы, старшыні, загадчык будоўлі, адвакат і гэтак далей — на іх прыпадае агулам 11 выпадкаў парушэнняў, якія складаюць 21%. Пракуратура мае 9 выпадкаў (18%). Затым ідуць невядомыя людзі, якіх амаль немагчыма ідэнтыфікаваць — у іх 5 выпадкаў, ці 10%. ДАІ — выпадкі з 3 фрылансерамі (6%) і Следчы камітэт 2 выпадкі, ці 4%.

Аб’екты парушэння правоў журналістаў-фрылансераў

Найчасцей у 2013 годзе парушаліся правы тэлежурналістаў і відэааператараў — па 11 выпадкаў, то бок па 21% у кожнай з катэгорый. Потым ідуць пішучыя журналісты (10 выпадкаў, 20%); радыёжурналісты (7 выпадкаў, 14%); фатографы (5 выпадкаў, 10%); блогеры (4 выпадкі, 8%) і рэдактары незалежных сайтаў (3 выпадкі, 6%).

Спосабы парушэння правоў журналістаў-фрылансераў

Больш за ўсё журналісты фрылансеры сутыкаліся з перашкодамі ў доступе да інфармацыі — 17 выпадкаў, якія складаюць 33%. Далей па распаўсюджанасці парушэння правоў ідуць затрыманні на кароткі тэрмін (12 выпадкаў, 23%), пракурорскія папярэджанні (7 штук за 2013 год, 14%), арышты на 3-12 сутак (5 разоў, 10%), знявагі, пагрозы і абразы (2 — 4%), ператрусы (2 — 4%), прафілактычныя размовы (2 — 4%) і прыцягненне да сведчання па крымінальнай справе (1 выпадак, 2%). 

ІПракурорскае папярэджанне — найчасцейшы від адтэрмінаванага пераследу журналістаў-фрылансераў за прафесійную дзейнасць. Папярэджанне звычайна мае фармулёўку «аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства РБ», афармляецца на імя фрылансера, якога пракуратура падазрае ў працы ў якасці журналіста іншаземнага СМІ без акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, пальма першынства па атрыманні такіх папярэджанняў належыць журналістам, што прадаюць сваю працу тэлеканалу «Белсат».

Допыты, арышты, прафілактычныя «размовы» і прыцягненне сведкай па крымінальнай справе. Агулам у 2013 годзе служба маніторынгу БАЖ зафіксавала 45 выпадкаў затрымання журналістаў. На долю журналістаў-фрылансераў, паводле гэтых дадзеных, прыпадае 12 выпадкаў затрыманняў, што складае каля 30%. Чатыры арышты на тэрмін ад 3 да 12 сутак, якія адбыліся ў 2013 годзе, таксама прыпадаюць на долю журналістаў-фрылансераў. Таксама да арыштаў можна аднесці гісторыю адтэрмінаванага пераследу Руслана Мерзоева, які па сутнасці зрабіў журналісцкую працу (вядомыя дакументальныя відэа пра жыццё буйнога завода), якога спачатку арыштавалі, а пасля асудзілі на год пазбаўлення волі.

Найцяжэйшыя для фрылансера па наступствах спробы ціску адбываюцца радзей і могуць выглядаць як выключнае здарэнне, аднак гэта ніяк не адмяняе іх недапушчальнасці.

Ператрусы ў жылых памяшканнях фрылансераў — у 2012 і 2011 гадах гэта было другое па распаўсюджанасці парушэнне прафесійных ды грамадзянскіх правоў. Яны адбываюцца ў межах заведзенай крымінальнай справы, а таксама без яе, на падставе «ананімнай» заявы аб злачынстве, што адбываецца ў дадзеным памяшканні. Звычайна ператрус суправаджаецца канфіскацыяй тэхнікі і абсталявання. Праводзілі такія мерапрыемствы ў 2013 годзе міліцыя і Следчы камітэт, па адным разе.

Перашкоды падчас збору інфармацыі, праца ў полі

Чые правы парушаліся

З тых дадзеных, якія магчыма прааналізаваць, вынікае, што найчасцей парушаліся правы тэлежурналістаў і тэлеаператараў: па 8 выпадкаў (ці па 24%) для кожнай катэгорыі. На долю пішучых журналістаў выпаў 21% парушэнняў прафесійных правоў (7 разоў), фотажурналістаў — 5 разоў, ці 15%. Радыёжурналістам перашкаджалі ў 12% выпадкаў ад усіх парушэнняў (4 разы), блогеру адзін раз — 3%.

Папулярнасць катэгорыі тэлеаператараў (і часта працуючых у пары з тэлежурналістамі) тлумачыцца іх большай заўважнасцю для крыўдзіцеляў, бо аператары звычайна маюць пры сабе камеры са штатывамі. Таксама значэнне мае іх неабходнасць быць у гушчыні падзеяў, каб паказаць гледачу самае цікавае.

У маніторынг трапіў выпадак неадтэрмінаванага (ён жа потым стаўся і адтэрмінаваным) пераследу блогера з боку супрацоўнікаў ДАІ: «4 верасня 2013 сп. Жалноў з сынам каля будынка мясцовага ДАІ (вул. Лынькова, 6) знялі на відэа парушэнне правіл дарожнага руху — няправільную паркоўку машын на тратуары. Па словах Жалнова, машыны належалі супрацоўнікам аддзела наркакантролю, які месціцца ў тым жа будынку. Блогер звярнуўся з вуснай заявай з гэтай нагоды да інспектара ДАІ Аляксандра Бутоўскага, які таксама заехаў у той час на тратуар. Інспектар заявіў, што яго працоўны дзень скончаны, і выклікаў па мабільным тэлефоне іншых работнікаў міліцыі. Супрацоўнікі ДАІ, што прыбылі на месца (Аляксандр Аляксандраў, Віталь Падута, Яўген Сераштанаў), спрабавалі забараніць відэаздымкі, а пасля затрымалі абодвух Жалновых, звінаваціўшы ў парушэнні п. 35 правілаў дарожнага руху (неабгрунтаванае стварэнне першкодаў руху транспартнага сродку). З прымяненнем сілы абодвух зацягнулі ў будынак і павалілі на падлогу, надзеўшы кайданкі. Затым даставілі ў міліцыю, дзе правялі асабісты дагляд і забралі некаторыя рэчы: тэлефоны, відэакамеру, смартфон, банкаўскія карткі, пропуск на працу, пашпарты. Затрыманых адпусцілі праз тры гадзіны, пасля таго, як следчы ўзяў з іх тлумачэнні. Рэчы вярнулі вечарам наступнага дня, але відэакасету і карту памяці смартфона, дзе былі зафіксаваныя падзеі каля будынка ДАІ, так і не аддалі»...

Хто парушае правы фрылансераў падчас збору інфармацыі

Сумнае лідэрства сярод суб’ектаў, што парушаюць права фрылансераў на збор інфармацыі, як і ў мінулых гадах, займае міліцыя. Яе доля сярод неадтэрмінаваных выпадкаў парушэнняў правоў фрылансераў складае 57% (19 разоў з 33).

На другім месцы рознага кшталту прадстаўнікі служб аховы, старшыні, загадчык будоўлі, адвакат і нават рэдактар — агулам 9 выпадкаў, што складае 28%. Напрыклад, паказальны выпадак: «Мікалай Петрушэнка, карэспандэнт газеты „Товарищ“, прысутнічаў на кожным паседжанні Аршанскага суда па справе былога кіраўніка таварыства ўласнікаў „Юнацтва“. Падчас апошняга пасяджэння адвакат Дудкіна запатрабавала тлумачэнняў наконт законнасці знаходжання Петрушэнкі ў зале суда, запатрабаваўшы звесткі аб рэгістрацыі газеты „Товарищ“. З пазіцыяй адваката пагадзіўся і пракурор. Падсудны Дудкін пайшоў яшчэ далей: запатрабаваў выдаліць Петрушэнку з залы суда на той падставе, што ён прадстаўляе палітычную газету, а яго крымінальная справа да палітыкі ніякага дачынення не мае». Але варта дадаць і канцоўку гісторыі: суддзя Ігар Палякоў адмовіўся задаволіць дадзеныя хадайніцтвы, аргументуючы тым, што судовае паседжанне з’яўляецца адкрытым і на ім можа прысутнічаць любы ахвотны.

Невядомыя, якія заміналі працаваць журналістам-фрылансерам у 2013 годзе, фігуравалі у трох выпадках, што складае 9% ад усіх неадтэрмінаваных пераследаў. А таксама ДАІ ў выпадку з двума фрылансерамі (6%): «Каля 12-й гадзіны 26 лістапада на ўездзе ў Глыбокае (Віцебская вобл.) затрымалі незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Насту Рэзнікаву. Яны ехалі рыхтаваць відэасюжэт для сайта газеты „Новы час“. Машыну, якой кіраваў Пяшко, спынілі на ўездзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакументы, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава машыны. Пасля праверылі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку. Спачатку на размову выклікалі Пяшко, а затым — Рэзнікаву. Прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Гутарыў з імі старшы оперупаўнаважаны Мікалай Кватэра. „Выглядала ўсе даволі падазрона“, — падзяліўся з прэс-службай ГА „БАЖ“ Вячаслаў Пяшко пасля вызвалення. На просьбу журналстаў паказаць „арыенціроўку“ — апісанне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, — міліцыянты прад’явілі нейкі непераканаўчы дакумент на камп’ютары з агульным апісаннем мужчыны „еўрапейскай знешнасці“. Раздрукаваць дакумент адмовіліся».

Як парушаюцца правы фрылансераў падчас збору інфармацыі

У 52% адбываюцца прамыя перашкоды ў доступе да інфармацыі «тут і цяпер», калі журналіст ці то не можа нават пачаць працаваць, ці то ў яго выдаляюць запісаны матэрыял і гэтак далей, так было ў 17 выпадках з 33 неадтэрмінаванага пераследу. Затрыманнямі на кароткі тэрмін скончалася 12 разоў (36%), а арышты на 3-12 сутак здараліся 4 разы (12% ад зафіксаваных правапарушэнняў катэгорыі «неадтэрмінаваны пераслед»).

Падагульнім. Паводле сталай практыкі, этап збору інфармацыі найбольш небяспечны для журналістаў-фрылансераў у аспекце парушэння іх прафесійных і грамадзянскіх правоў. Найчасцейшымі ахвярамі становяцца тэлевізійныя аператары і журналісты. Побач ідуць пішучыя журналісты.

Да фрылансераў прымяняюцца затрыманні міліцыяй, здзяйсняюцца арышты на суткі паводле рашэння судоў. Зафіксавана таксама вялікая колькасць выпадкаў адмовы даваць інфармацыю або перашкодаў падчас збору інфармацыі з боку іншых суб’ектаў. Іх здзяйснялі службы аховы камерцыйных або дзяржаўных установаў і іншыя.

З маніторынгу ды прафесійнай практыкі відаць, што найбольшай рызыцы журналісты-фрылансеры падвяргаюцца падчас працы на масавых мерапрыемствах, у зонах рызыкі. Але гэта не значыць, што менш цяжкія правапарушэнні, напрыклад, адмова ў інфармацыі, здараюцца радзей.

Адтэрмінаваны пераслед за журналісцкую дзейнасць

Нагадаем, што ў нашым маніторынгу, парушэнні правоў свабодных журналістаў падзяляюцца на дзве сітуатыўныя катэгорыі. Гэта выпадкі, што адбыювацца непасрэдна ў час выканання прафесійных задач, і выпадкі адтэрмінаванага пераследу журналістаў-фрылансераў. Першую катэгорыю правапарушэнняў мы разглядалі вышэй. Звярнемся да разгляду другой катэгорыі, доля якой сярод усіх правапарушэнняў складае 35% (18 выпадкаў з 51).

Пад адтэрмінаваным пераследам за прафесійную дзейнасць мы разумеем ціск, парушэнне правоў журналістаў з боку розных суб’ектаў, якія прымяняюць супрацьпраўныя меры і дзеянні з прычыны сваёй незадаволенасці: а) вынікамі прафесійнай дзейнасці журналістаў, б) наўпростым фактам такой дзейнасці або в) фактам дачынення журналіста да нейкага непрымальнага для ўлады СМІ.

Маніторынг парушэння правоў журналістаў-фрылансераў дазваляе прасачыць, хто ды як прыціскае ў Беларусі людзей непажаданай прафесіі.

Чые правы парушаюць

Усе катэгорыі фрылансераў, што падвергліся адтэрмінаванаму пераследу, — тэлежурналісты, тэлеаператары, блогеры, пішучыя журналісты, рэдактары незалежных сайтаў, радыёжурналісты — маюць, па дадзеным, якія магчыма прааналізаваць, аднолькавую колькасць выпадкаў парушэнняў іх правоў, па тры (блізу 16,5-17% кожны).

Хто парушае правы фрылансераў

У наш маніторынг патрапілі выпадкі адтэрмінаванага пераследу журналістаў з боку дзяржаўных структур, а таксама некалькі выпадкаў пераследу з боку невядомых. Гэты ціск, а таксама бачны за ім намер скасаваць свабоду слова ў краіне, маюць моцную палітычную матывацыю.

Органы, якія здзяйснялі адтэрмінаваны пераслед: Пракуратура — 9 выпадкаў з 18 (па катэгорыі толькі адтэрмінаваных пераследаў), што складае 50%; Следчы камітэт, міліцыя і невядомыя — па два выпадкі (па 11%); суд, ДАІ і нават рэдактар газеты — па аднаму разу (прыкладна 6%).

Нетыповы выпадак: «Вера Пратасевіч, рэдактарка газеты „Адзінства“ (друкаваны орган Барысаўскага райвыканкама), лічыць, што пазаштатны карэспандэнт недзяржаўнага выдання „Борисовские новости“ Валерый Ніцкі паўторна цягам года паклёпнічаў на яе, ужо маючы адміністратыўнае спагнанне за гэта (ч. 1 арт. 188 КК РБ). Праўда, справа тычыцца не журналісцкай дзейнасці адказчыка, а яго ліставання з прадстаўнікамі органаў мясцовай улады».

Сітуацыя, вядома, абуральная. Аднак, разам з адмоўнымі, у ёй можна разгледзець і станоўчыя бакі. Амаль кожны такі выпадак, за выключэннем ціску з боку «невядомых», суправаджаецца складаннем афіцыйных дакументаў. Вядзенне справы звычайна патрабуе выканання працэсуальных патрабаванняў ды датрымкі закона.

Спосабы парушэння правоў журналістаў-фрылансераў

З дадзеных, якія магчыма прааналізаваць па адтэрмінаваным пераследзе, мы маем наступныя лічбы: пракурорскія папярэджанні — 39%, 7 выпадкаў парушэнняў правоў журналістаў— фрылансераў; «іншае» (вынік трох спраў немагчыма прааналізаваць) — 16%; знявагі, пагрозы і абразы ад невядомых — 11% (два разы); ператрусы — 2 выпадкі, 11%; прафілактычныя размовы — таксама 2 разы з 11%; прыцягненне да сведчання па крымінальнай справе і арышт — па аднаму разу, прыкладна 6%

Гісторыя з прыцягненнем да сведчання па крымінальнай справе: «16 верасня маці рэдактара інтэрнэт-старонкі „Белсату“ Змітра Ягорава дастала з паштовай скрыні позву са Следчага камітэту на імя сына. Паводле заканадаўства, позву Змітру Ягораву мусілі перадаць асабіста, узяўшы ягоны подпіс. Таму ісці ў Следчы камітэт ён не збіраецца. „Я не быў сведкам ніякага злачынства ні на транспарце, ні звязанага з выкананнем вайсковай службы. Магчыма, гэта спроба аказаць на мяне ціск у сувязі з выкананнем маіх прафесійных абавязкаў“, — патлумачыў Зміцер Ягораў».

Маніторынг кампаніі ГА БАЖ «За Фрыланс», падрыхтаваў Антон Сурапін