Навіны і артыкулы

Фрыланс ля франс: што свеціць журналісту-фрылансеру ў Францыі

Фрыланс ля франс: што свеціць журналісту-фрылансеру ў Францыі

Тыповы французскі журналіст-фрылансер — гэта малады чалавек, дакладней, жанчына. Яна зарабляе да 1,5 тысяч эўра ў месяц і працуе на тэлебачанні або радыё. FBB высвятляе, ...

 

Закон Крэсара

У хуткім часе Францыя святкуе 40-годдзе прыняцця закона, вядомага пад назвай «закон Крэсара». Закон быў адзінагалосна прыняты французскімі дэпутатамі ў 1974 годзе. Паводле гэтага закону, які, дарэчы, не мае аналагаў у Еўропе, статус журналістаў-пазаштатнікаў прыраўноўваецца да статусу журналістаў-штатнікаў, а гэта значыць, што фрылансеры маюць тыя ж сацыяльныя правы, што і журналісты, працуючыя на поўную стаўку.


Ідэя заканадаўцаў палягала ў тым, каб зрабіць зварот да журналістаў-фрылансераў менш прывабным; спакуса найму «часовых работнікаў» для збору і апрацоўкі інфармацыі сапраўды характэрная для сродкаў масавай інфармацыі, якія ўсё часцей належаць індустрыяльным або фінансавым групам, бо такім чынам яны эканомяць на заробках, а значыць, расце іх прыбытак.

Даведка

Фрылансеры складаюць каля 10% членаў французскага Нацыянальнага саюза журналістаў. Іх інтарэсы прадстаўляе адмысловая камісія па справах журналістаў без сталага працаўладкавання. Некалькі асобаў з ліку членаў гэтай камісіі абіраюцца ў Нацыянальны камітэт — Калегіяльную раду, што ўзначальвае Саюз. Некаторыя фрылансеры, асабліва з ліку фотажурналістаў, заключаюць кантракты нацыянальнага маштабу.
Мяркуецца, што сяброўскія складкі павінны быць у памеры 1% ад заробку, аднак сума можа рэгулявацца ў адпаведнасці з сітуацыяй і даходамі.

 

Гэты закон таксама ставіць за мэту абарону журналістаў, якія прэтэндуюць на права быць фрылансерамі, шляхам скарачэння колькасці журналістаў, якія пад ціскам згаджаюцца працаваць пазаштатна. Было б вельмі дарэчы, каб хартыя Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў падтрымала гэтую ідэю надання фрылансерам у Еўропе роўных правоў з журналістамі, працуючымі паводле іншых тыпаў кантрактаў.

Праца журналістаў у Францыі нестабільная

На шчасце, у час, калі быў прыняты закон Крэсара, у Францыі было шмат фрылансераў, якія самі абіралі гэты спосаб працы, аднак сёння сітуацыя змянілася. Расце ўзровень нестабільнасці працы: у 2012 з 37 477 уласнікаў журналісцкага пасведчання, 21.3% не мелі стабільнага працаўладкавання (фрылансеры ці часовыя кантрактнікі), што на 0.8% болей чым у 2010. Маладзейшыя журналісты часцей застаюцца без стабільнай занятасці: 67,9% журналістаў, маладзейшых за 26, у параўнанні з 50% у 2009, 60% — у 2010, 63,2% — у 2011.

Ва ўзроставай катэгорыі 26-34-гадовых 33% журналістаў не маюць стабільнага месца працы.

Узнагароджанне ды ганарары

У 2012 30% фрылансераў зарабілі менш за 1500€ у месяц. Розніца ў аплаце працы фрылансераў паміж мужчынамі і жанчынамі склала 7.2% у параўнанні з 12.2% сярод журналістаў, працуючых на аснове пастаянных кантрактаў. Сярод фрылансераў большасць складаюць жанчыны — 53.4%, у той час як агулам сярод уласнікаў журналісцкага пасведчання жанчыны складаюць 45.7%.

Віды сродкаў масавай інфармацыі

Нестабільнасць журналісцкай працы вар’іруецца ў залежнасці ад віду СМІ. У тэле-радыёвяшчанні, 51% супрацоўнікаў не маюць пастаяннай працы, а сярод супрацоўнікаў газет — 20.4%. У вяшчанні, 89% журналістаў, якія падаюць першасную заяўку на атрыманне пасведчання, працуюць на аснове часовага кантракта. У цяперашнім сацыяльна-эканамічным кантэксце фрылансеры збольшага не схільныя змагацца за ажыццяўленне закона Крэсара, паколькі кіраўніцтва кампаній заваблівае моладзь перспектывамі пастаянных кантрактаў у будучыні. Такім чынам, зазвычай менавіта па сканчэнні такога супрацоўніцтва фрылансеры звяртаюцца да прафсаюзаў і закона, каб разабрацца ў сітуацыі, у якой яны апынуліся.

Фотакарэспандэнты

У дадзены момант у Францыі праходзяць перамовы паміж рэдактарамі, фотакарэспандэнтамі і прафсаюзамі, пад эгідай Міністэрства Культуры і Сувязі, якое прызначыла пасярэдніка. Нацыянальны саюз журналістаў пры Усеагульнай канфедэрацыі працы прапануе, каб фотаздымкі аплочваліся пасля ўзгаднення бланка замовы паводле затрачанага працоўнага часу (са спасылкай на заробкавыя тарыфы пастаянных фотакарэспандэнтаў у кожным адгалінаванні прэсы). Напрыклад, у друкаванай прэсе колькасць працоўных дзён будзе падлічвацца зыходзячы з патрабаванняў рэдактара (адна старонка=адзін працоўны дзень, і г.д.). Такая сістэма ўжо працуе ў некаторых інфармацыйных агенцтвах.

Нацыянальны саюз журналістаў пры Усеагульнай канфедэрацыі працы вядзе кампанію за ўключэнне ў ганарар фрылансераў платы за час, патрачаны на афармленне дакументаў яшчэ да пачатку выканання ўласна задання, а таксама за час на падпісанне (для друкаваных выданняў) і рэдагаванне (вяшчанне і фотажурналістыка) працоўнага матэрыялу. У выпадку, калі фотакарэспандэнт мае ва ўласнасці фотаабсталяванне, ён павінен атрымліваць надбаўку на абсталяванне, і, калі фрылансер арганізуе сваё працоўнае месца дома, мяркуецца яшчэ адна надбаўка звыш ганарару.

Прафсаюзы насамрэч шчыра зацікаўленыя ў гэтых перамовах, якія могуць пераканаць агенцтвы пайсці на саступкі. Любое заключэнне пасярэдніка ў бок лепшай сацыяльнай абароны ўзмацніць статус усіх фрылансераў, незалежна ад іх кваліфікацыі і навыкаў.

ПК для FBB