Навіны і артыкулы

Фрыланс становіцца будучыняй журналістыкі  – еўрапейскія журналісты

Фрыланс становіцца будучыняй журналістыкі – еўрапейскія журналісты

Зараз у Шведскім Саюзе Журналістаў каля 15% фрылансераў, гэта прыкладна 1800 чалавек. У Нарвежскім Саюзе Журналістаў гэтая лічба складае каля 10% (800 чалавек з 7 тыс. сябраў), у ...

 

Такая інфармацыя была агучаная 13 кастрычніка ў Мінску на круглым стале з удзелам экспертаў шэрагу журналісцкіх арганізацый Еўропы.

У дыскусіі «Роля і месца журналіста ў грамадстве. Асаблівасці дзейнасці журналістаў-фрылансераў у Еўропе і Беларусі» бралі ўдзел Рэната Шродэр (дырэктарка Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў), Оса Уільсан (Шведскі саюз журналістаў), Джон Тоўнэр(Нацыянальны саюз Журналістаў Вялікабрытаніі), Торальф Сандонкер (Нарвежскі Саюз журналістаў), Джудзіт Рэйтстэтар (Аўстрыйскі Саюз журналістаў).

З беларускага боку прысутнічалі старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна, юрыст ГА “БАЖ”, намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Бастунец, намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец, рэдактар штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі, кіраўнік Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Анатоль Гуляеў, юрыст, сябра ГА “БАЖ” з Віцебска Павел Левінаў, сябра праўлення арганізацыі, прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук, журналісты шэрагу іншых незалежных СМІ.


Міхась Янчук


Паўлюк Быкоўскі

Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

 

Вячаслаў Хадасоўскі: СМІ робяць свет такім, якім яны яго апісваюць

Якія выклікі сёння стаяць перад журналістамі? Рэдактар штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі лічыць, што адна з найбольшых праблем на сёння – маніпуляванне грамадскай думкай пры дапамозе СМІ, выкарыстанне прапаганды ў якасці зброі ў інфармацыйнай вайне.

Вячаслаў Хадасоўскі

На думку В. Хадасоўскага, зараз СМІ набылі неверагодны абсяг і ўплыў на грамадства і здольныя схіляць людзей да калектыўных дзеянняў. “З-за свайго ўздзеяння СМІ робяць свет такім, якім яны яго апісваюць. Яны ўплываюць на працу, адпачынак, звычкі і памкненні людзей. Гэты ўплыў расце на вачах. Мы перажываем перыяд інфармацыйнай глабалізацыі, межаў ужо няма. Гэта выклік для СМІ і для журналістаў, роля якіх мяняецца”, – адзначыў В. Хадасоўскі. Зараз людзі не толькі спажываюць, але таксама прадукуюць інфармацыю без усялякіх абмежаванняў. На думку В. Хадасоўскага, з-за гэтага мы маем шмат няспраўджанай інфармацыі. “Але прафесійныя СМІ могуць змагацца з гэтым, выкарыстоўваючы свой аўтарытэт”, – лічыць Вячаслаў Хадасоўскі.

Яшчэ адна праблема – маніпуляцыя пры дапамозе СМІ дзеля дасягнення палітычных мэтаў. “Гэта не новая праблема, але менавіта яна ператварыла медыйнаю прастору ў яшчэ адно поле змагання, – гаворыць В. Хадасоўскі. – Беларусь таксама сутыкнулася з гэтай з’явай, і зараз мы нават маем ахвяраў несапраўднай інфармацыі і хлусні”.

“Ахвярамі” В. Хадасоўскі лічыць аўдыторыю, якая сфармавала сваё меркаванне пра падзеі ва Украіне пад уплывам расійскіх СМІ. “Хоць афіцыйныя беларускія СМІ і тэлебачанне захоўваюць нейтралітэт па гэтым пытанні, іх унёсак у нашу інфармацыйную прастору непараўнальна меншы, чым унёсак расійскага тэлебачання. А на ТБ Расіі пануе класічная прапаганда – хлусня, падмена фактаў, фальсіфікацыя, дэманізацыя ворага,” – гаворыць В. Хадасоўскі. На яго думку, інтэрнэт таксама ахоплены гэтай праблемай. Там яна ўскладняецца тым, што далёка не ўсе карыстальнікі здольныя сур’ёзна аналізаваць інфармацыйныя плыні ў сеціве і карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія яно дае.

Як супрацьстаяць гэтаму гібрыднаму інфармацыйнаму наступу? “Ва ўмовах сучаснай Беларусі адказ палягае ў палітычным полі. Пакуль што дзяржава ўсімі сродкамі захоўвае манаполію ў медыяпрасторы. Гэта значыць, што грамадства павінна змагацца за свабоду слова, – лічыць В. Хадасоўскі. – Інфармацыя не павінна прыносіцца ў ахвяру іншай дзяржвае, нават калі Беларусь залежыць ад яе эканамічна і звязана з ёй моцнымі інтэграцыйнымі ланцугамі. Бо ў такім выпадку ў нас няма будучыні”.

 

Рэната Шродэр: Многія наймальнікі ахвяруюць журналісцкімі стандартамі ў эканамічных мэтах


Рэната Шродэр (дырэктарка Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў)

На погляд дырэктаркі ЕФЖ, па-ранейшаму актуальнай застаецца кантралюючая роля журналістаў, якая, на яе думку, служыць на дабро ўсім грамадзянам.

“Мы згодныя, што журналісты і рэдактары павінны працаваць незалежна, шукаць ісціну і імкнуцца да дакладнасці. Гэтая праца адыгрывае вельмі важную ролю ў мінімізацыі шкодаў для грамадства і павінна быць мастом паміж рознымі сацыяльнымі групамі. Такую журналістыку мы называем “агульным дабром”, – гаворыць Рэната Шродэр.

Звычайная мадэль медыяпрасторы ў еўрапейскай краіне ўключае ў сябе якасны сектар грамадскага тэлебачання, якое кіруецца незалежнымі рэгулятарамі, і сектар друкаваных СМІ, які, паводле Р. Шродэр, зараз змяншаецца і ўсё больш інтэгруецца з анлайн-выданнямі.


Оса Уільсан (Шведскі саюз журналістаў)


Торальф Сандонкер (Нарвежскі Саюз журналістаў)


Джудзіт Рэйтстэтар (Аўстрыйскі Саюз журналістаў)

Якія выклікі сёння стаяць перад еўрапейскімі журналістамі? Падчас круглага стала еўрапейскія калегі распавялі, што ў іх краінах класічная журналістыка знаходзіцца ў крызісе, у тым ліку і ў эканамічным. Пераход з друкаванага на анлайн-фармат не заўсёды прыносіць эканамічную выгоду. Самы распаўсюджаны адказ на гэтую сітуацыю – скарачэнні ў рэдактарскіх аддзелах. “Гэта не спрыяе якасці журналістыкі. Многія наймальнікі ахвяруюць журналісцкімі стандартамі ў эканамічных мэтах. У выніку спажывец атрымлівае менш прафесійнага прадукту, скарачаецца колькасць журналісцкіх раследаванняў,” – гаворыць спн. Шродэр.

Увогуле прафесійныя супольнасці ў Еўропе прыходзяць да высновы, што канцэпцыя працы журналіста на поўны працоўны дзень у рэдакцыі згубіла сваю актуальнасць. Акрамя таго, такая праца ўсё менш аплочваецца. Сёняшні “залаты век журналістыкі” ствараюць тэхналогіі, якія адкрываюць неверагодную колькасць магчымасцяў для прафесійнай дзейнасці. Тэхналогіі і крызіс старой мадэлі пачынаюць новую гісторыю ў прафесіі. Героі гэтай гісторыі – фрылансеры.

“Адна з мэтаў ЕФЖ – інтэграваць журналістаў-фрылансераў і стварыць для іх роўныя ўмовы працы, а таксама змагацца з недахопам мадэляў наймання і працы, шукаць новыя магчымасці для прафесіяналаў зарабляць грошы”, – гаворыць Рэната Шродэр. На яе думку, самы дзейсны спосаб – гэта ўзяць свой лёс у свае рукі і паспрабаваць стаць прадпрымальнікамі ў сваім уласным СМІ, шукаць грошы праз фундацыі, рэкламу і іншыя крыніцы. “Гэта “нішавая” магчымасць, але гэта той накірунак, у якім можна рушыць”, – лічыць дырэктарка ЕФЖ.

 

Джон Тоўнэр: Фрылансеры патрэбныя дзеля дэмакратыі


Джон Тоўнэр (Нацыянальны саюз Журналістаў Вялікабрытаніі)

Пра брытанскі досвед інтэгравання фрылансераў у актуальную медыяпрастору распавёў Джон Тоўнэр з Нацыянальнага саюза журналістаў Вялікабрытаніі. Ён некалькі гадоў працуе ў экспертнай групе па фрылансе Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў. Падчас свайго выступу на пасяджэнні круглага стала «Роля і месца журналіста ў грамадстве. Асаблівасці дзейнасці журналістаў-фрылансераў у Еўропе і Беларусі» сп. Тоўнэр адзначыў тры найбольш праблемныя пытанні, з якімі сёння сутыкаюцца журналісты-фрылансеры ў Вялікабрытаніі.

- Аўтарскія правы. Фрылансеры павінны аўтаматычна валодаць аўтарскімі правамі на тую працу, якую яны ствараюць. “На жаль, гэта тая перавага фрылансу, якая не падабаецца ўласнікамі СМІ. За апошнія 20 гадоў стала звычайнай справай прадастаўляць фрылансеру кантракт, у якім яго абавязваюць перадаваць аўтарскія правы выдаўцу”, – гаворыць Джон Тоўнэр.

- Прэс-карта. У Вялікабрытаніі прэс-карты маюць як фрылансеры, так і супрацоўнікі медыяў, і дзеля гэтага не трэба мець нейкую адмысловую кваліфікацыю ці адукацыю. «Але мы бачым, што ў супрацоўнікаў нацыянальных СМІ, такіх як ВВС, Sky і інш., ёсць больш правоў доступу да інфармацыі”, – кажа сп. Тоўнер.

- Дэмакратыя. Сп. Тоўнэр прывёў прыклад працы СМІ падчас рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі. Камерцыйныя СМІ Вялікабрытаніі, а таксама ВВС (грамадская ўласнасць) занялі субъектыўную пазіцыю і абаранялі толькі адзін бок. Фрылансеры сталі на іншы бок спрэчкі. “Такім чынам, без фрылансераў вялікія палітычныя дэбаты не адбыліся б. Фрылансеры зрабілі магчымым дэмакратычны выбар. Мы бачым, што журналісты- фрылансеры, патрэбныя дзеля існавання дэмакратыі”, – лічыць Джон Тоўнэр.

“У Беларусі фрылансеры патрэбныя так жа, як і дэмакратыя”, – пракаментаваў юрыст ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец выказванне калегі з Вялікабрытаніі.

Ці могуць фрылансеры ў Беларусі ўвогуле лічыцца журналістамі? Наш закон дазваляе працу журналіста па-за межамі рэдакцыі. Але праблема ў тым, што журналісту неабходна падцвярджаць свой статус дакументам, а дакумент маюць права выдаваць толькі зарэгістраваныя СМІ.

“Да 2010 года ГА “БАЖ” выдавала сваім сябрам прэс-карты, што дазваляла часткова вырашыць гэтае пытанне. Але Мінюст забараніў гэтую практыку”, – гаворыць Андрэй Бастунец.

Акрамя таго, у Беларусі інтэрнэт-рэсурсы не лічацца сродкамі масавай інфармацыі, і гэта пагаршае сітуацыю: тыя, хто працуе на інтэрнэт-медыя, паводле нашага закона не лічацца журналістамі. “Такім чынам, чым больш журналістаў у Беларусі працуюць на інтэрнэт-выданні, тым больш мы маем неабароненых журналістаў”, – робіць выснову А. Бастунец.

Калі казаць пра аўтарскія правы, то беларускія фрылансеры маюць такія ж праблемы з выкананнем гэтых правоў, як і фрылансеры ва ўсім свеце. “Нашы журналісты мусяць адмаўляцца ад сваіх аўтарскіх правоў. Яны сутыкаюцца з сацыяльнай неабароненасцю і маюць меншыя заробкі. Супрацоўнікі рэдакцый у Беларусі зарабляюць больш”, – кажа юрыст.

 

Жанна Літвіна: Наша рэпутацыя – толькі ў спраўджаных фактах, толькі ў праўдзівасці

Уся сітуацыя вымагае сістэмнага падыходу і захадаў, якія будуць мець комплексны эфект. “Пачаць трэба з таго, каб змяніць вызначэнне “журналіст” ў законе Рэспублікі Беларусь і зрабіць яго больш сучасным і адпаведным рэчаіснасці”, – гаворыць Жанна Літвіна. Яна паведаміла, што ГА “БАЖ” звярнулася да міжнародных арганізацый з просьбай падтрымаць гэтую ідэю і прыцягнуць беларускія ўлады і дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў РБ да дыскусіі на гэты конт.


Жанна Літвіна

Узняла старшыня ГА “БАЖ” і пытанне медыя-адукацыі беларусаў. “Прапаганда ўзрастае на вельмі спрыяльнай глебе. Гэта сведчыць, што ў грамадстве заніжаная запатрабаванасць якаснага інфармацыйнага прадукту і не стае крытычнага стаўлення да інфармацыі. Трэба вучыць людзей адрозніваць факт ад прапаганды. Наша рэпутацыя – толькі ў спраўджаных фактах, толькі ў праўдзівасці”, – лічыць Жанна Літвіна.

З іншага боку, трэба адзначыць, што афіцыйны Мінск у апошні час выяўляе зацікаўленасць у аднаўленні статусу спецзапрошанага ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Гэта, на думку спн. Літвіной, можа станоўча паўплываць на вырашэнне праблем журналісцкай супольнасці, выкананне правоў чалавека ў Беларусі і пашырэнне прынцыпаў свабоды слова

Марыя Савушкіна для www.baj.by, фота А. Сурапіна