Навіны і артыкулы

Станем за журналістыку і журналістаў разам!

Станем за журналістыку і журналістаў разам!

Далучайцеся да кампаніі “Станем за журналістыку!” online i offline. ...

 Мы стаім за правы Алеся Дзянісава, Андрэя Мялешкі, Алеся Залеўскага, Марыны Маўчанавай,Алеся Буракова, Міхаіла Аршынскага, Аліны Літвінчук, Віталя Сямашкі, Юрыя Дзешука, Яўгена Скрабца, Мікалая Бянько, Юліі Сівец, Святланы Сцяпанавай, Алены Сцяпанавай, Максіма Хлябца і многіх іншых журналістаў, аштрафаваных і папярэджаных за прафесійную дзейнасць.

5 лістапада ў свеце праходзіць кампанія "Станем за журналістыку!" Яна ладзіцца ўжо сёмы год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), сябрам якіх з'яўляецца ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

На працягу тыдня журналісты ва ўсім свеце ладзяць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія маюць прыцягнуць увагу грамадскасці да самых надзённых праблем.

На гэты раз еўрапейскія журналісты абралі тэму канцэнтрацыі медыяўласнасці і ўплыў гэтага фактару на якасць журналістыкі і працоўныя ўмовы. Медыйныя магнаты выкупляюць выданні і шмат у якіх краінах кантралююць СМІ. Амаль у кожнай краіне ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе ўласнікі СМІ таксама займаюцца і іншымі відамі бізнесу. Усе яны ўплываюць на рэдакцыйную палітыку ці прасоўваюць палітычныя ідэалогіі.

Інфаграфіка пра шэсць найбуйнейшых кангламератаў у Еўропе

Банер кампаніі

Але кожная краіна найперш канцэнтруецца на праблеме, важнай менавіта для яе.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць найвастрэйшай праблемай пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ і атрымліваюць за гэта вялікія штрафы і афіцыйныя папярэджанні.

ГА “БАЖ” прапануе калегам некалькі спосабаў далучыцца да кампаніі - як online, так і offline.

З 5 лістапада да канца гэтага месяца ў офісе ГА “БАЖ” (Мінск, вул. Камсамольская, 7-32) будзе стаяць шчыт з выявай журналіста-вязня, які “друкаваўся на замежных сайтах”, “выступаў на замежным ТБ і радыё” і за гэта быў пакараны. Запрашаем усіх ахвотных адчуць сябе “ў скуры” беларускага журналіста і сфатаграфавацца на памяць – для сябе і для гісторыі.

Таксама на сайце ГА «БАЖ» 5 лістапада стартавала online-гульня «Акрэдытацыя»(правілы якой няхай застануцца ў сакрэце для тых, хто не згуляў :)

Хэштэг сусветнай кампаніі #SUFJ

Хэштэг беларускай кампаніі #станем

Далучайцеся!

Да кампаніі ў абарону калег-фрылансераў цягам тыдня будуць далучацца сябры ГА “БАЖ” у рэгіёнах. Некаторыя гэта ўжо зрабілі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"