Навіны і артыкулы

Свабодны палёт, першае месца: Мой свабодны палёт у тэму

Свабодны палёт, першае месца: Мой свабодны палёт у тэму

У конкурсе "Свабодны палёт-2014" работа Яўгена Бяласіна з Берасця заняла першае месца. Расповед пра прыгоды фрылансера прыйшліся журы па густу. ...

Наўпроставае дачыненьне да журналізму я атрымаў з-за забароны на прафесію – у 2001 годзе быў звольнены з Брэсцкага ўніверсітэта, дзе выкладаў на факультэце замежных моў нямецкую. Пошук хлеба надзённага вёў навобмацак.

Паколькі здаўна пісаў тэксты, то празь нейкі час паспрабаваў сябе ў журналістыцы. Супрацоўнічаць апынулася магчымым на ўмовах фрылансу. Тэмы ішлі ў рукі самыя розныя, але хацелася, каб больш ішло любімых. Гэтае натуральнае жаданьне  і прывяло мяне ўвечары 21 жніўня 2011 года ў Брэсцкую крэпасць, на Кобрыньскае прадмостнае ўмацаваньне,  на правы бераг правага рукава ракі Мухавец перад яе ўпадзеньнем у Заходні Буг.  Ужо некалькі месяцаў, як  тэрыторыя  ўмацаваньня была перададзеная ад вайскоўцаў гораду, і той дазволіў доступ да ракі рыбакам.  Мяжа, якая праходзіць літаральна па Брэсцкай крэпасьці – па Бугу –  уводзіць разам з асобым рэжымам для людзей  такую сабе ахоўную зону для рыбы, і тут яе… сказаць “надта шмат”  гэта нічога не сказаць.  Таму туды адразу навастрыліся браты па розуму. Ну, і я – зрабіць рэпартажык для “Брестского курьера” пра  даволі нечакана вызваленае клёвае месца.

 РЫБА

Прыехаў я ў крэпасьць  на веліку. Прыкаваў непадалёку ад міліцэйскага паста на ўездзе на Цытадэль. Сонца ўжо хілілася да дахаў кальцавой казармы.  Мухавец пачаў параваць.  Вячэрняя зорка – самы клёў! Заглянуў у будку. Там былі два маладыя міліцыянты. Павітаўся, спытаў, кудою тут ходзяць рыбакі да новых месцаў. Старэйшы адраіў ісьці адразу берагам: “Там каля знака сьцежачка, але ёй ня йдзіце – боксы зносяць, не прайсьці. У абход трэба, ад паркоў-кі”.

20150216_work2_4

Памежнікі аб’язджаюць Цытадэль на кацеры.

Іду – росна пакрысе, “Кэль-мі” мае  блі-шчэць  пачынаюць. Пайшоў дарогай. Праз метраў 200 пачынаецца зусім густая “зялёнка”.  Сям’я на пікнічку, расклалі на прасцірадле бутэрброды, тэрмасы. Дзеці бегаюць па лузе.  Далей, у кустаўі, іхні “Пасат”. Дарога травяная. але накатаная. Вакол дрэвы. Зьлева ўгадваецца рака.  Далей яшчэ дзеці, двое, іграюць у мяч. Побач мама, адсочвае.

Трэба сказаць, што Брэсцкая крэпасьць гэта ўлюбеная зона адпачынку  берасьцейцаў. Як-ніяк займае яна цэлых 4 квадратных кіламетры! Пакінутае чалавекам адваявала прырода, раскінула зялёныя шаты – і вось мы пад імі.

На падыходзе ў тупічок , – Буг ужо недалёка – бачу зь дзясятак аўтамабіляў. Па незнаёмай сьцежцы ўзабраўся на абвалованы бераг. Паміж дрэвамі купкамі сядзелі мужчыны і засяроджана вудзілі. Р-раз !!  – падсёк і выцягнуў прыгажэннага ліня каржакаваты саракагодка. Іду далей – нейкі сьцюдзент … клюе і ў яго. Паспрабаваў разгаварыць. Але ўсе пры справе, кажуць неахвотна. Яшчэ мужык, валачэ з вады пры беразе нешта чорнае, зьмяюкаватае. З пашлёпамі па вадзе цягне, важка. Сом! На што ўзяўся, пытаю. А на курыную пячонку.

Яшчэ клюе на звычайнага чарвяка.  Ляшчы? Зраньня клявалі, пад вечар не.

ПАЛЁТ…

Раблю некалькі фота. Радуюся: сакавітыя! Праходжу далей да Буга. Ужо відзен бык разбуранага моста цераз Мухавец. Упіраюся ў калючку. Трэба назад. Падымаюся на вал. Гліняная глеба ад туману стала коўзкай і гразкай. Непрыемна. Іду па паваленым бетонным плоце. Далей выбар: або зноў уніз, і потым наверх і назад, сваімі сьлядамі, або… Гляджу ў прагаліну ў кустах і дрэвах, бачу аўтамабілі… Можна прайсьці напрамую. Нават нейкае падабенства сьцежкі ёсьць, хоць паляна ўся зарасла крапівой, паўзункамі. Вырашаю ня гразіцца, ісьці наўпрост. Бяруся лявей – там нейкі друз, цэглы ды каменьне. Далей завал з патрушчаных бетонных слупоў. Выходжу зноў на паляну. Засталіся метраў дзесяць. Травы па костачкі. У думках ужо сядаю на ровар.

20150216_work2_2

Месца здарэньня 21 жніўня 2011

Як раптам… Адна нага ступае ў пустату, сьледам робіць паўкрока другая… Лячу! Вінтом, з паўпаваротам. Перад вачыма праплываюць вершаліны белых таполяў на беразе, чырвонае сонца глыбока ў прагале паміж імі, вал з паваленым плотам, нейкі земляны зАбераг-варонка… Мне рэзка падбівае ўверх абедзьве рукі, цьвердзь зьдірае з плячэй сумку з апаратурай, дакументамі, грашыма, – маім усім… Усьведамляю, што праваліўся і падаю ў нейкую дастаткова старую дзіру. Мільгае думка, што калі гэта старажытная шахта, то… дзясяткі метраў буду ляцець… а калі каналізацыйны люк, то ўнізе напэўна стаіць жалезная закрутка з вострым восевым шворнем, і зараз на яе сяду… Чаканьне – але праз імгненьне  чую ня храст удару, не – чую ўс-с-сп-п – леск! Маё цела пачынае хутка пагружацца …ў ваду, хіба… Плытка будзе? Тады зламаю ногі! Але не, грузну без канца… На дзясяткі метраў мне ну ня хочацца, таму праціўлюся, тармажу асьцярожненька, як мага імкнуся на паверхню. Думаю: вынырну – а там газ!

 …І НЕСПАДЗЯВАНАЕ ВЫРАТАВАНЬНЕ

Вынырваю. Удыхаю – паветра. Глыбока ўверсе кружок блакітнага неба. Боўтаюся ў нейкай камеры.  Справа, сьпераду і ззаду круглая цагляная муроўка, старая, яўна старэй за “польскі час”.  Мур нетынкаваны, даволі гладкі. У метрах паўтара над вадой зьлева падымаецца бетоннае скляпеньне, пад ім управа і наўпрост цёмная прастора. Нейкі пакой, ці што.

Ацэньваю свой  фізічны стан. Крыху смыліць правае калена, але ногі працуюць.  Правая рука ў парадку, а вось левая…зь ёю найгорш. Кожны рух баліць. Галава… нібыта мая.

Паралельна думаю: я ж тут назаўсёды! Бо я не ў трубе, расьперціся няма як – збоку пустата. Да скляпення з паверхні вады не дастаць. Гарлаць – дык увесь гук уверх пойдзе, да Бога, таксказаць, а рыбакі, яны яшчэ і за валам, не пачуюць. Бетонныя паверхні гладкія. На цаглянай кладцы нібыта выступаюць пару цэглаў…

Тут мяне працінае думка пра апаратуру. Электронныя і фотаапарат, натуральна, і дыктафон. Вада ім сьмерць! А і як мабільніку. Мацаю  наўкол сумку, рукамі і нагамі. Няма. Паднырваю, кораценька, пад сябе, нават у бок камеры, асьцярожна – няма. Думаю пра магчымых тут зьмей, спыняю выпады ўбок. Хоць самому вылезьці, паспрабаваць хоць…

Бяруся здаровай рукой за цагляны выступ, дапамагаю нагамі, пераймаю  напалову паднятай, цераз боль, левай, чапляю правай наступную цэглу, у метры.  Нейкую хьвілю вішу (як левая? ці не зламаў?), потым выгружаю цела з вады, стаўлю адну нагу на ніжні выступ, распростваюся, стаю. Зь мяне цурболіць вада. Чыстая, нібыта. Думаю пра ўзровень вады ў Мухаўцы. Ён яўна метры на чатыры яшчэ ніжай за гэтае вось люстэрка. Значыць, сістэмы – прыродная і гэтая – не сазлучаныя.

 Галава мая ўжо вышэй за скляпеньне, але каб быў нейкі хоць шанец, трэба ўпірацца сьпіной. Да верха трубы метры з тры яшчэ. Трубадело, думаю!

Але правая рука намацвае ў муры ямку. Якаруся ў ёй,  падымаюся на адзін выступ уверх.  Упіраюся сьпіной у трубу. Вішу і прыслухоўваюся да цела.  Па-за вадой калена і левая рука апынаюцца пашкоджанымі больш, чым здавалася, але выдае на тое, што адно прыстукнутымі. Мацаю левае плячо. На месцы. Разумею, што вісець бясконца не атрымаецца: абсунуся назад. Пагатоў што сьцяна трубы, шырэйшай за стандартныя савецкія каналізацыйныя калодзежы,  набірае вільгаці ад мокрага мяне і становіцца здрадліва-коўзкай. Таму з усяе сілы ўпіраюся сьпіной і спрабую перастаўляць ногі ўверх ад выступаў. Крыху ўдаецца, але гэта рызыка. Без выступаў ногі сьлізгаюць, і дзесьці ўжо прабівацца ў адчуваньнях цела сцэнар паўторнага абрынаньня. Да верху цаглянай трубы яшчэ ладных два метры.  Зашмат…

Як тут заўважаю, што акрамя тонкіх уюнкоў, у трубу занурылася ўсьлед за маім целам сантыметровай таўшчыні лазіна. Так, думаю, толькі не лапаць за верх, бо будзе як пры праполцы бульбы ў дзяцінстве – бярэш за верх таўсматай лебяды – а яна адрываецца! Карэніска ў зямлі, і што толку ад тэй праполкі… Каля камля трэба браць, пры зямлі – там, каб вырваць, усё цела трэба пружыць.  Таму ад сілы кідаю сваё цела па трубе яшчэ на паўметра ўверх, ашчаперваю лазіну каля яе ўкараненьня ў земляной сьценцы дзіры і паволі цягну сябе за яе ўверх, папутна адрыхтоўваючы  становішча цела адносна лазіны, каб было найбольш латва караскацца. Раўняецца з карэніскам галава,  потым плечы. Цяпер мне можна скарыстацца з варонкавай формы верху дзіркі. Паціху перавальваю верхнюю палову цела цераз земляную абвалоўку дзіркі, ляжу-адпачываю нейкі час, потым  падбіваю пад сябе ногі і ўстаю.

МАЕ ПАМАГАТЫЯ  ТАНЯ ДЫ ГЕНА

Сонца ўжо блізка да пасадкі. Прыцемкі. Навокал зялёная палянка. Дзірка, зь якой вылез, выглядае фантасмагарычна. Іду да ровара, але думка пра апаратуру павяртае да рыбакоў. Там жа яе на тысячу долараў з добрым нечым! Фоцэк доўга выбіраў, перш чым купіў… Японскі, арыгінальнай зборкі. Якія кадрыкі!

Іду да бліжняга, “сьцюдзента”. Юнак адмахваецца: не да цябе, дзядзька, клюе! Цьфу ты, зараза.

Потым думаю: а ну як  іду толькі на нервах? Што са здароўем? Трэба ехаць да медыкаў. Завяртаюся на выхад.

Ужо на чыстым насустрач ідзе колішняя жанчына. Гэтым разам зь вялізным догам на ворцы. Сунуся міма, але яна заўважае: “Што гэта Вы такі бледны?”.  Бачна, што запомніла, калі йшоў да рыбакоў. Ага, азываюся, былі б і Вы бледная, каб з Вамі прыключылася, што са мною.  Потым кажу ёй, што трэба выцягнуць апаратуру. Ці няма ў іх вяроўкі якой? Не, кажа, у нас няма. А ці не паспытае ў рыбакоў? “Вы жанчына, Вам дадуць напэўна”.  Яна пакідае сабаку сямейнікам і выпраўляецца са мной.

Па дарозе дыктую ёй нумар аўтамабіля, які стаяў найбліжэй да вады. Неяк запомніў! І пытаю яе імя і тэлефон. Пасьля невялікай развагі піша сама.

Тацьцяне рыбакі адмаўляюць. Тады ў мяне  прачынаецца злосьць. Адрасна зьвяртаюся да саракагадовіка. Той унікае ў сітуацыю і кажа, што так, мае буксіровачны фал.

Ідзем да машыны – нумар акурат  гэтага Рэно я маю ў кішэні. Тацьцяну я адпускаю з падзякай. Далей мужчынскія чыста справы.

20150216_work2_3

Разбураны мост перад упадзеньнем Мухаўца ў Буг. За ім, у перыметры апоры моста, бераг падзей

Дзірку, у сутоньні, шукаем даволі доўга. Генадзь кажа, што служыў у тутэйшым артпалку тэрміновую, –  абслугоўваў  інжынерныя збудаваньні.  “Як свае пяць пальцаў тут усё ведаю”. Ідзе метраў сто. Нейкія разьлівы вады. “Тут была КНС-ка, зьнесьлі нядаўна…”  Не, кажу, там проста дзірка ў зямлі. Падбіраю па дарозе карча. З разьлікам, каб пакласьці яго ўпоперак дзіркі, і цераз яго ўжо пускаць вяроўку. Генадзь раіць выкінуць. Слухаюся.

Нарэшце выцярэбліваюся з зарасьніку на палянку, знаходжу дзірку. Генадзь зьдзіўляецца, адкуль яна тут, і што я зь яе вылез. Выклікаецца лезьці,  а мне кажа трымаць вяроўку. Пярэчу. Там зьмеі могуць быць, газы, і чаго Вам рызыкаваць. А я так і так мокры.

Абвязваюся, пераадольваючы жах, лезу.  Там коратка абсьледую, з агідай ды страхам. Нічога. Торгаю, каб цягнуў. Шкадую, што выкінуў карча. Каб не дапамагаў моцна нагамі, ня выцягнуў бы ён мяне.

НАРМАЛЬНЫЯ МІЛІЦЫЯНТЫ І НЕНАРМАЛЬНЫЯ ІНШЫЯ

 Па дарозе ў цывілізацыю асэнсоўваю, што маёй віны ў тым, што адбылося, няма. Тэрыторыя перададзена ў карыстаньне афіцыйна, знаходзіцца, фактычна, у 300 метрах ад цэнтра 300-тысячнага горада, у 50 метрах, калі наўпрост, ад Мемарыяла, таму яна павінна быць безумоўна забясьпечана.

Таму вырашаю, што трэба тое, што адбылося, зафіксаваць, а заадно яшчэ раз паспрабаваць выцягнуць сумку з майном.

Дзеля гэтага заглядваю да міліцыянтаў. У будцы іх няма. Напэўна, патрулююць. Афіцыянтка кавярні цераз дарогу мае зь імі кантакт, выклікае па тэлефоне.

Юрый ды Сяргей апынаюцца зычлівымі людзьмі. Бачачы, што я змок, зьмерз і клацаю зубамі, уключылі ў будцы электраабагравальнік, нават чаю прапанавалі.  З сержантам Юрыем Бычакам схадзілі да дзіры – спраўдзіць, што я распавёў. З ліхтаром ужо.  Ён нават лезьці па сумку выклікаўся, але я на такое не пагадзіўся. Здароўе найперш –  пагатоў, калі гэта здароўе  іншага чалавека. Згадаў пільны міліцыянт і пра дзяцей, якія тут былі днём. “Гэта ж каб хто зь іх зваліўся туды – без шанцаў…”.

20150216_work2_6

Судовы эксперымент, ліпень 2012

Вярнуліся, склалі пратакол. Служывыя пагадзіліся з маім жаданьнем падключыць МНС.  Юрый набраў іх. Выклаў пра сітуацыю. Будуць, кажа, праз хьвілін дваццаць.

Як потым яму набірае нехта. Юрый слухае і …неяк памяняўся ў твары. Потым кажа: “Вы ж чулі, мабыць – мяне нават, што я на службе, а і тое… паслалі”.  Нешта такое  я чуў, але ж не прызнаЮ. “Можа, Вы самі пагаварыце”, – кажа міліцыянт, – “можа Вас паслухаюць”.  Набіраю, але мой тэлефон блінкнуў і “здох”. З-за вады, зразумела. Юрый дае мне свой, дыктуе нумар.  На тым канцы дрота згаджаюцца, што сітуацыя надзвычайная, як і служба іхняя называецца. Абяцаюць прыехаць.

Праз паўгадзіны прыязджае  максімальны такі аўтамабіль, брыгада з васьмі чалавек. Садовяць мяне ў кабіну. Мы ўжо амаль паехалі, як  старшаму каманды набірае нехта. Той слухае, дае мне мабілу. На тым канцы адпярэзаны голас паведамляе мне, што я ня меў права выклікаць МНС: “..мы выезжаем только в светлое время суток, а в темное если только на труп, да и то течения не должно быть… вещи вообще не достаем…за ложный вызов вам знаете что будет,  завтра же в суд передадим…”. Стоп, кажу, з кім я гавару?  Апынулася, што з дзяжурным па МНС. “А  ці  ў курсе, з кім Вы гаворыце?” – пытаю.  – “Вы гаворыце з выжыўшым, і тое ня з Вашае ласкі або дапамогі, а што ў нас у мірны час ратаваць сабе жыцьцё даводзіцца, дык гэта больш па Вашай частцы, чым па маёй”.

20150216_work2_7

Судовы эксперымент, ліпень 2012

Гэтая частка майго адказу мела ўплыў, а наконт апаратуры дзяжурны сказаў набраць заўтра з самага раньня.  “Будзе вам вадалаз”.

У траўматалогію зьвяртацца было ўжо позна, дый я быў “на мяжы”. Пайшоў да ровара – а ў таго кола спусьціла. Папрасіў “надзвычайных”, каб падвезьлі – сказалі, што толькі да сваёй базы маглі б, – пры ўмове, што без веліка. Не падыйшло мне двойчы: паўдарогі, і што мне жалезнага свайго сябра пакідаць, пакінуўшы і так шмат іх, у невядомай шахце.

НАВОДШЫБЕ АД ЧАЛАВЕЧЫХ КАШТОЎНАСЬЦЯЎ

Дома, позна ўначы, ацаніў страты.  Дачка-медык сказала, што трэшчыны ў руцэ, мабыць, няма, але затое падраныя сьпіна, локці, гуз на патыліцы. Трэба да траўматолага.

Вырашыў, заўтра.

Устаў на нервах. Левая рука падымаецца толькі на палову, – як быццам  абмежавальнік у плячы стаіць. Набраў адразу МНС. Тыя ў вадалазе адмовілі. “Не наша тэрыторыя. Няхай тыя рухаюцца, чыя”. Набраў, наўскідку, Водаканал. Тыя перавялі стрэлкі на ЖКГ. У ЖКГ адхрысьціліся: “Мемарыяла гэта”. У Мемарыяле аніхто з адміністрацыі трубку не бярэ.

На аўто з адной рукой не паедзеш. На грамадскім транспарце перасадак шмат. Паставіў падменную камеру, паехаў з адной рукой на вела.

Гэта сябе апраўдала. Бо крэпасьць апынулася вялікай. Там знайшоў заўгаса, той сказаў, што іхняе толькі на Цытадэлі ўсё, а там камунгас, і ахоўнік нават ёсьць. Даў мне праважатага, на Кобрыньскім востраве знайшлі стоража.  Ён схадзіў да дзіркі, выклікаў свайго начальніка. Той, з выгляду і  манераў былы адстаўнік, спачатку паспрабаваў “наехаць”: а што ж гэта ты ходзіш дзе забаронена?  МАю адваротную інфармацыю, кажу. А калі і так было б: дзе вашы шыльды? І – навошта Вам за чужую віну пакутаваць? Ваша задача ахоўваць, каб не расьцягвалі, а не закрываць дзіркі.

Тады той прапаноўвае разам ісьці даставаць сумку. Я адмовіўся. Мала ці што там, спецабсталяваньне трэба мець. А мне – да медыкаў ехаць.

З тым і выправіўся. Па дарозе заехаў у ЖКГ, напісаў заяву на імя кіраўніка пра абставіны справы, свае страты.

На выхадзе тэлефануюць на мабільнік – узяў доччын, з “сімкай” пасушанай са свайго, і фотаапарат ейны, на ўсялякі выпадак. Едзьце, кажуць, дасталі Вашу сумку.

Што ж, паехаў.

Каля старожкі, на лаўцы, мая чорная журналісцкая ляжыць. Побач начальнік аховы і стораж. Аказваецца, вырубалі дзьве асіны па пяць метраў кожная, зьвязалі ў вадно, прыбілі на канец двухцалёвага цьвіка, загнулі і гэтым крукам вылавілі.

Неўзабаве поўны джып іхняга начальства пад’ехаў. Заклапочаныя. Мне віну нейкую спрабуюць падсунуць. Я ў дыскусію ня ўлажу. Блага мне, і фізічна, і на душы.

Пад’язджае міліцэйская “буханка”. Выходзіць малодшы лейтэнант, адклікае мяне ўбок і кажа, што перадае мне як пасяроднік прапанову ад ЖКГ, каб я напісаў заяву, што ня маю да іх прэтэнзій.  “Так і Вам лепш будзе. Сумку яны, вунь, знайшлі.”

Амаль пагадзіўся ўжо, бо, як кажуць, “плыў на аўтапілоце”. Але потым схамянуўся. “Малады чалавек, Вы ж з юрыспрудэнцыяй кантакт нейкі напэўна маеце”, – кажу. – “Навошта мяне на ілжэсьведчаньне штурхаць. Буду пісаць толькі тое, што адпавядае рэчаіснасьці”.

Адкрыў сумку. Нібыта, усё на месцы. Хоць мокрае ўсё, вядома. Напісаў акт, што па колькасьці зьмесьціва сумкі прэтэнзій ня маю, а ці спраўнае, невядома. Сфатаграфаваў яго, аддаў.

СТРАТЫ: КАШТАРЫС

Калі пад’ехаў пад вечар да траўматалогіі, апынулася, што ў іх выходны.

Назаўтра мне дыягнаставалі шматлікія драпіны, выцятыя месцы і вывіх пляча. Ад бальнічнага адмовіўся: нахалеру ён фрылансэру. Паехаў таксама ў бюро судмедэксьпертызы,  атрымаў, за ўласны кошт, і са шматлікімі праблемамі,  заключэньне эксперта. Якімі? А вось.

Спачатку там сказалі прыйсьці праз пару дзён. Калі спытаў, а які ў гэтым будзе сэнс, саступілі: “Можа, заўтра”. Заўтра кошт экспертызы раптам вырас удвая. Эксьперт агледзеў мяне, сумленна перапісаў з даведкі пра драпіны, а пра плячо запатрабаваў  прадаставіць рэнтгенаўскі здымак з траўматалогіі. “Бо перапіскай доўга будзе”.  Мусіў сам ехаць у траўматалогію, даставаць з архіву, везці. Эксьперт паглядзеў і напісаў, што вывіху няма. “Мала што рука ня рухаецца. Трэба, каб было бачна па марфалогіі”.

Усё гэта я рабіў, будучы хворым ад стрэсу. Аднойчы нават падумаў: а што яны робяць, калі чалавек настолькі пацярпеў, што ня можа сам за сябе пахадзіць? Такім чынам, рабіў “на аўтапілоце”  – што падказвала інтуіцыя.

А інтуіцыя атрымала асабліва магутны штуршок яшчэ ўвечары дня перадачы сумкі, калі стала зразумела: гісторыя з падзеньнем у дзірку ў зямлі будзе мець працяг.  Таму што акрамя стратаў здароўю і маральных выдаткаў, наступіла і вялікая матэрыяльная шкода.

У фотаапараце ўнутры пялёхалася вада. Яна стаяла нават у аб’ектыве. Дыктафон падміргнуў чырвоным і “памёр”.  Набрыняў вадой нядаўна менены пашпарт. Расплылося журналісцкае пасьведчаньне. ператварыліся ў адзін камяк дакументы і паперы.  Толькі беларускія “зайчыкі” не падвялі: удалося высушыць да прыдатнага стану.

Сябар сказаў: электроніцы з такім анамнэзам “капут”. Інтэрнэт пацьвердзіў: “Як правіла, рамонт даражэй за куплю новага”.

Таму назаўтра пасьля траўматалогіі  паехаў  зафоткаў месца здарэньня. Дзірка  апынулася незакрытай. Побач знайшліся яшчэ некалькі расхлябененых люкаў. Напісаў заяву ў пракуратуру аб неабходнасьці забясьпечыць мясцовасьць, прыклаў апісаньне здарэньня, тэрыторыі і фота на дыску.

Пасьля судмедэксьпертызы адправіў у гарвыканкам ліст з прапановай, каб мне  скампенсавалі панесеныя матэрыяльныя страты, “таму што надаваць справе розгалас значыць  нанесьці страты турыстычнаму іміджу горада і Брэсцкай крэпасьці як яго брэнда”.

Паралельна давялося хадзіць на аднаўленчыя працэдуры ў фізіядыспансер. Акрамя таго, мне сьніліся кашмары, у якіх я бясконца кудысьці падаў. Ня дзіўна. Але калі прысьнілася, што ў нетры Брэсцкай крэпасьці ўпала дачка,  я мусіў пракансультавацца ў псіхатэрапеўта.

Карацей, ня хлебны настаў для мяне час.  Вы ўжо разумееце – ня толькі таму, што месяцы з два тэксты набіраў адным пальцам правай рукі.

Прыйшоў адказ з гарвыканкама. “Ня маем магчымасьці Вам кампенсаваць… Але маеце права зьвярнуцца ў суд”.  Многія адгаворвалі. “Без персьпектываў…”. Але я вырашыў скарыстацца з гарвыканкамаўскага “дазволу”. Да кампенсацыі за страчаную апаратуру далучыў яшчэ кошты медыцынскіх працэдураў і маральнае адшкадаваньне. За “жалезьзе” запатрабаваў  каля дзевяці мільёнаў рублёў, некалькі сот тысяч за папраўку здароўя і маральнае адшкадаваньне (пагроза жыцьцю) 50 мільёнаў рублёў – прыкладна, у 10 разоў больш за кошт страчаных рэчаў.

Судовыя пасяджэньні  забралі шмат энэргіі і грошай.  Асабліва эксьпертызы – даражэй абыйшліся за паслугі юрыста па складаньні іску (на судзе фармуляваў сам). Даведкі аб нерэмонтнасьці апаратуры даваць не хацелі. “Нам жа неяк працаваць далей трэба”. Паколькі ніхто не хацеў прызнаваць тэрыторыю сваёй, я з парады юрыста напісаў іск да некалькіх  бакоў з тым, каб адказьнік быў вызначаны ў ходзе судовага разьбіральніцтва. Прадстаўнік гарвыканкама не дапамог суду разабрацца, хто адказвае за дзіравую зямлю ў крэпасьці. Затое ён раптам заявіў, што з той трубы нельга вылезьці. Магчыма разьлік быў такі: “мы ўсё роўна выйграем, а калі ён забярэ іск, то можна будзе ўсьлед  учыніць іск аб махлярстве”.  На дзіва, судзьдзя… спытала, а ці не хачу ўзяць удзел у судовым эксперыменце. Не, адказваю, ні наймалога жаданьня … і ворагу не пажадаю”.  “А ў якасьці сьведкі?”. “Калі ласка”, – кажу і думаю сабе дзьве рэчы. Ня буду сам сабой, калі не здыму гэты эксперымент па-журналісцку добра. І другая: Слава мне, што не падаў адразу ў суд, а то б дакладна зьвінавацілі ў ачарненьні сьветлай брэсцкай рэчаіснасьці і зьняслаўленьні тутэйшых “харашуноў” на карысьць Захаду.

Ужо без думаньня, адразу адмысловым хадайніцтвам  падняў кошт маральнага адшкадаваньня ў два разы. “Калі я, зь меркаваньня адказьніка, супэрмэн, то і жыцьцё маё павінна каштаваць болей”.

Сьледчы эксперымент з удзелам трэніраваных байцоў МНС (вось куды і паехалі, і адпампоўвалі ваду з сутарэньняў, і апускалі байца на лябёдцы) быў для адказчыкаў плюхаю. Удар кулаком у ваду атрымаўся, як немцы кажуць. Юрыст гарвыканкама спрабаваў дыктаваць, маўляў,  пішыце, нельга вылезьці… а яшчэ ў такія гады… а баец пасьля пад’ёму з васьміметровай глыбіні вазьмі і скажы сакратару суда ў пратакол: “Можа чалавек вылезьці, асабліва калі жыць хоча”.

Потым, дарэчы, гісторыкі архітэктуры паказалі на карце: збудаваньне гэта адзін з двух крапасных рэзервуараў пітной вады, пабудаваны каля 1850 года. Адкрылі яго выпадкова, – мабыць, жалезнае века пры разрабаваньні былога месца дыслакацыі вайскоўцаў скралі на металалом, а пройму ў рэзервуар не закрылі. За лета яна зарасла ўюнкамі і –  вуаля!

ПАВАРОТ ДА ГАЛОЎНАЙ ТЭМЫ

Больш пакручастым апынуўся паварот з ЖКГ.  У рэдакцыю “Брестского курьера” на маё імя прыйшоў ліст. На канверце выдуманы адрас, унутры брудны тэкст, пісаны друкаванымі літарамі. Потым у малавядомую электронную скрыню прыйшоў ліст з намёкамі пра інфармаванасьць аўтара тэксту і пагрозамі.  На судзе  прыцягнуты ў якасьці сьведкі начальнік аховы раптам пачаў выказвацца, што  я стаў ахвярай уласных росшукаў. Маўляў, публікую ў газетах расповеды пра брэсцкія падзямельлі – значыць, далазіўся.

ПАДЗЯМЕЛЬЛІ ЯК НАЙВЫШЭЙШЫ ТЭМАТЫЧНЫ ЎЗЛЁТ

Гэтае сьцьверджаньне было хлусьнёй, таму што пра брэсцкія падзямельлі я ўпершыню пачуў празь месяц пасьля прымухавецкага палёту ў бездань. Размова  з “крыніцай”  апынулася задакументаванай, а першая публікацыя пра падзямельлі горада адстаяла ад здарэньня ў крэпасьці на паўгода.

Але тэма падзямельляў на час судовых баруканьняў зь нядбайнікамі мяне ўжо цалкам трымала ў палоне, – гэта ж, фактычна, наша матэрыяльная гісторыя, прычым даволі добра захаваная. На той час чытачы даведаліся праз “Брестский курьер” і “Новы час”  пра версіі сьведкаў па таямнічых тунэлях пад самім Брэстам, убачылі арыгіналы фота і схемы сярэднявечных хадоў паміж храмамі каля Брэста і ў Пінску, якія раскапалі, засыпалі і гадамі замоўчвалі.  Тэма стала хітом мясцовых сайтаў. Пайшла вялікая пошта. Праект стаў, фактычна, народным.

Я пазьбягаў тэматызаваць тунэлі рэжымных тэрыторый, сам ня лез безаглядна ня лез абы куды і чытачам закідваў: ня лезьце пад зямлю, гэта вельмі небясьпечна. Толькі з удзелам дзяржавы. Асобна, з самага пачатку, я дакладна вызначыў мэту публікацый: вярнуць беларускаму народу частку ягонай гісторыі і па магчымасьці адкрыць яе для турыстаў.

Таму на правакацыйныя заявы ў судзе і  лісты з пагрозамі вырашыў адказаць наступным  чынам. Пайшоў у офіс ЖРЭУ, дзе месьцілася камунгасаўскае начальства, знайшоў непасрэднага начальніка змагарнага сьведкі, які быў на перадачы сумкі ў крэпасьці, сказаў пра ананімныя лісты, маё разуменьне іхняга паходжаньня і прапанаваў яму зьдзелку: я адклікАю іск да ЖКГ, а яны перадаюць мне планы падземных тунэляў горада і крэпасьці, якія могуць быць у персьпектыве адкрытыя для доступу грамадзянаў і турыстаў. Апынуўся там нейкім чынам і збыт старанлівы сьведка. Стаяў на калідоры, ня ведаў, куды сябе падзець. Надта зьбянтэжыўся. Калі глядзеў на яго,  вострая канкурэнцыя была паміж двума пачуцьцямі: шкадаваньня, але і сораму за яго.

Параіліся службоўцы гурмой, і кіраўнік службы аховы агучыў нязгоду. “Можаце зьвярнуцца да начальніка ЖРЭУ, ва ўстаноўленым парадку…”.  Натуральна, я адмовіўся.

Затое ў судзе наўпрост запытаў сьведку, ці ён аўтар лістоў. Гэтым разам спадар апынуўся больш псіхалагічна падрыхтаваным, чым пры начальніку ў “родным” офісе –  ўсё рашуча  адпрэчыў. Тады я пахадайнічаў далучыць “падмётныя” лісты да матэрыялаў справы. Судзьдзя завярнула хадайніцтва. Зэканоміла сабе папяровай працы, мабыць.

Каб паставіць кропку на…, разам з рэдактарам газеты, куды прыйшоў адзін з “брудных” лістоў, пагаварылі з прэс-аташэ Брэсцкага  абласнога Ўпраўлення Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі па Брэсцкай вобласьці.  Маўляў, як гэта так, нехта расстаўляе кляксы на рэпутацыі арганізацыі, рассылае ананімкі з сігналамі аб валоданьні аператыўнай інфармацыяй. Ня можа быць, быў адказ. Але ж і разуменьне, слава Богу, было, – з таго часу ніводнага ліста.

У выніку стварылася містычная сітуацыя паралелізму. Я судзіўся за мала не сьмяротны палёт пад зямлю , але гэтая тэма не перасякалася з асноўным маім на той час журналісцкім расьследаваньнем падзямельляў.

ФІНАЛ СУДОЎ

Пасьля няўдачы са сьледчым эксперыментам юрысты гарвыканкама відавочна вырашылі аддаць на закланьне ЖКГ. Тыя яшчэ дабіліся, каб паклікалі ў суд сьведкамі міліцыянтаў з крэпасьці . Як быццам пратакола  і пракурорскіх рапартаў аб раздалбайскім утрыманьні тэрыторыі недастаткова. Завучыў напамяць, як верш, іх імёны – Юрый Бычак ды Сяргей Бруско. Тыя адзін раз не з’явіліся, у другі раз прыкульгаў адзін Юрый, са зламанай нагой. Паўтарыў, што напісаў у пратаколе. Я падыйшоў пасьля пасяджэньня, выбачыўся за валаводаў, маўляў, ня я хадайнічаў. Спытаў, дзе Сяргей. Не атрымалася, кажа. Празь якіх паўгады ў зводцы прачытаў, што расшукваюць пэўнага Сяргея Бруско, які паехаў на заробкі ў Расію. Ёкнула ўнутры. Хай быў бы ня ён, добра да мяне паставіўся, годны чалавек…

Праз больш чым паўгода пасьля пачатку разгляда судзьдзя вынесла рашэньне: маральнае адшкадаваньне на 500 тысяч рублёў, у іншым адмовіць. Я палічыў такое рашэньне ўнутрана супярэчлівым і абскардзіў яго ў абласным судзе. Той  даволі нечакана сам прыняў рашэньне часткова задаволіць мой іск, – без накіраваньня справы на паўторны разгляд.  За зьнішчаную вадой апаратуру  грошы мне вярнулі ў межах, выстаўленых  тэхнічнай эксьпертызай. Больш дробныя выдаткі рпкінулі без кампенсацыі. Мусіў я таксама вырашаць, ці каштуе пагроза жыцьцю такі мізэр як 500 тысяч беларускіх. Аднак больш аспрэчваць не схацеў.

НЯ БЫЎ ВЫПАДАК ВЫПАДКОВЫМ?

Цяпер разважаю рэтрасьпектыўна, што “палётная” тэма нейкім містычным чынам ўсё ж зьвязана са скразной тэмай  “крайніх” чатырох гадоў майго журналізму. Бо вылез я, тры разы разьвітаўшыся з жыцьцём, усё ж З-ПАД ЗЯМЛІ.  І таму  апасьля  факт, што атрымаў асаблівую чуйнасьць да розных расповедаў на “падземную” тэму.

Пасьля памятнага жніўня больш востра згадваліся гады працы пазаштатным экскурсаводам у Брэсцкай крэпасьці (падзарабляў  грошы,  да настаўніцкіх), кніга Сяргея Сьмірнова пра абарону крэпасьці ў 1941 годзе  з указаньнем таго, што пад ёй існуе цэлая сістэма падземных камунікацый.  Людзі прызвычаіліся да гэтых радкоў як да старой мэблі, але мне гэта стала бачным інакш.

Таму атрымалася зрабіць дзясятку грунтоўных газетных публікацый пра падземныя тунэлі, хады і лазы  Берасьцейшчыны, Гародні, Мінска, зьнітаваць мясцовае з глабальным досьведам (тунэлі для ўцёкаў з сацыялістычнай Нямеччыны пад Берлінскай сцяной, ваенныя тунэлі В’етнама і Палесціны)… Увесну 2014 года, у якасьці прамежкавага фінішу, выдаў напрацаваны матэрыял у брэсцкім выдавецтве “Поліграфіка” кнігай “Подземелья Бреста, крепости и…”.

20150216_work2_9

Вокладка кнігі пра падзямельлі

Выданьне мае падзагаловак “Журналистское исследование с элементами литературы выживания”, 57 фотаздымкаў, зь іх палова рэдкія, тры ўнікальныя. Дзясяткі сьведчаньняў. Шматгалосьсе, дзеля дакументальнасьці  беларуска-рускае дзвюхмоўе…

У тым ліку, акурат пасярэдзіне,  знайшла там месца і фактура гэтага нарысу – як белетрызаваная “разынка” непазьбежна дакументальнай кнігі.  Хоць “рэпартаж пасьля падзеньня ў калодзеж” да тэмы кнігі наўпрост фармальна  і належыць, але  я прыслухаўся да  меркаваньня дачкі: “Належыць па сутнасьці, і аж так, што без гэтага кніжка шмат страціць”.

“Ня  быў выпадак выпадковым”. Містыка… Што ж, фрыланс гэта вольны палёт, ён увесь сатканы з містыкі. Асабліва ў Беларусі.