Навіны і артыкулы

5 лайфхакаў для паспяховага фрыланса ад аўтараў кнігі “Фрыланс у мас-медыя: Швецыя—Беларусь”

5 лайфхакаў для паспяховага фрыланса ад аўтараў кнігі “Фрыланс у мас-медыя: Швецыя—Беларусь”

Журналісты Мікаэль Бэрлінг і Фрэдэрык Рэйман у фрылансе з 2000 года. Абмінуўшы безліч падводных камянёў у вольным плаванні, яны вызначылі значныя моманты для удалай працы. ...

Шведскія журналісты-фрылансеры Мікаэль Бэрлінг і Фрэдэрык Нэйман разам з юрыстам ГА “БАЖ” Аляксандрам Жуком у Мінску і Гародні прэзентавалі кнігу “Фрыланс у мас-медыя: Швецыя-Беларусь” у перакладзе на беларускую мову. Выданне фактычна з’яўляецца дапаможнікам для фрылансераў з канкрэтнымі парадамі.

5 асноўных парад, як стаць паспяховым фрылансерам

1. Забудзьцеся на міфы пра багему, якая днямі сядзіць у кавярнях і ловіць натхненне

Паспяховы фрылансер увесь час прадае сябе. Добра, калі ў вас ёсць свой сайт с прыкладамі работ і кантактамі, які можна прасоўваць праз сацсеткі. Памятайце, што жыццё не абмежавана інтэрнэтам: хадзіце па публічных мерапрыемствах, заводзьце новыя знаёмствы, падтрымлівайце правераныя прафесійныя кантакты.

2. Знайдзіце сваю тэматычную нішу

Паразважайце, у якой прафесійнай галіне ў вас дастаткова досведу, каб развівацца і стаць экспертам: адукацыя, медыцына, рамёствы і г.д. Сёння немагчыма выжыць у фрылансе без тэматычнай спецыялізацыі. У вас павінна быць свая ніша.

“Жыццё фрылансера – гэта не толькі напісанне артыкулаў, фатаграфаванне, пераклад або праца над дызайнам. Тут і пытанні продажу, вядзення бюджэту, наладжвання кантактаў, арэнды працоўнага памяшкання і выпраўлення тэхнічных збояў у кампутарах. Карацей, фрылансер – гэта прадпрымальнік”.

3. Засвойвайце новыя формы падачы інфармацыі

Выкарыстоўваючы розныя жанры, спосабы і віды працы з медыя-кантэнтам, вы станеце больш універсальным спецыялістам. Вучыцеся рабіць відэа, інфаграфіку, рэпартажы ці інтэрв’ю, калі раней вы іх не выкарыстоўвалі. Гэта павялічыць шансы продажу матэрыялу і падвысіць вашу прафесійную каштоўнасць.

4. Шукайце людзей блізкіх па духу, фрылансераў у іншых прафесіях

Гэта дапаможа вырашыць праблему адзінтоты ды пашырыць магчымасці па пошуку прац: фрылансеры часта падкідваюць работу адзін аднаму. Разам вы таксама можаце зняць памяшканне для работы. Дарэчы, так утварыўся адзін з найбуйнешых шведскіх каворкінгаў “Сіні офіс” на чале з аўтарамі кнігі.

Скантактуйцеся з прафесійнымі асацыяцыямі. Так вы заўседы зможаце атрымаць своечасовыя кансультацыі і дапамогу розных спецыялістаў.

5. Вырашыце пытанне рэгістрацыі і фінансаў

Трэба ўлічваць факты выплаты падаткаў, прафесійнага назапашвання, медстрахавання, а такасама выдаткаў, звязаных з працоўнымі момантамі: арэнда памяшкання, пакупка і абслугоўванне тэхнікі і г.д.

Пра заканадаўчыя аспекты працы беларускіх фрылансераў вы можаце даведацца ў трэцім раздзеле кнігі “Фрыланс у мас-медыя: Швецыя—Беларусь”, напісаным юрыстам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандрам Жуком.

Поспехаў ва ўсіх пачынаннях і плённай працы вам, калегі!

Кацярына Пакаместава, FBB