Навіны і артыкулы

Матляй на вус: як журналісту замежнага СМІ сэканоміць на падатках?

Матляй на вус: як журналісту замежнага СМІ сэканоміць на падатках?

Нетыповы бонус прапануе беларускае заканадаўства тым грамадзянам, якія атрымліваюць даходы з-за мяжы. Сплочваючы падаткі ў Беларусі, вы маеце права нічога ў літаральным ...

Пры якіх ўмовах дзейнічае такая ільгота — чытайце ў нашых парадах.

Нетыповы бонус

Замест звычайных 12% ад прыбытку вы можаце плаціць у дзяржаўную скарбніцу 0% падатку, калі атрымліваеце даход з-за мяжы. Гэты падарунак уладаў датычыць фізічных асобаў, даходы якіх залічваюцца на рахунак у беларускім банку. І калі вы стала працуеце на замежнае СМІ або выконваеце часовыя замовы, прадаеце ім свае праекты, перадачы і іншую прадукцыю, то можаце ашчадзіць значную частку сваіх фінансаў. Далей раскажам, як скарыстацца гэтай магчымасцю.

Вызваленне ад падатку

У Беларусі звычайная стаўка падатку на прыбытак фізічных асобаў складае 12%. Гэта азначае, што, калі вы вырашыце легалізаваць свае даходы і падасцё дэкларацыю, то падатковая здыме з вас 12% ад паказанай сумы. Для параўнання: у суседняй Польшчы стаўка гэтага падатку складае 20%.

Аднак для некаторых грамадзянаў прадугледжаныя падатковыя ільготы. Паводле падпункта 1.50 п. 1. арт. 163 Падатковага кодэкса РБ, вызваляюцца ад сплаты падаткаў “прыбыткі фізічных асоб у выглядзе заработнай платы, а таксама па дамовах на аказанне паслуг (выкананне работ), атрыманыя імі ад крыніцаў за мяжой РБ у грашовай форме”.

Умовы вызвалення ад падатку

У згаданым вышэй 163 артыкуле Падатковага кодэкса пералічваюцца ўмовы, пры якіх даходы з-за мяжы вызваляюцца ад падаткаабкладання.

1. Фізічныя асобы мусяць атрымліваць сродкі ад замежных крыніц на падставе працоўных дамоваў або дамоваў на аказанне паслуг (накшталт дамовы падраду).
2. Арганізацыя, якая вам плаціць, павінна быць замежнай або міжнароднай.
3. Сродкі мусяць быць пералічаныя на рахунак/рахункі, адкрытыя ў банках на тэрыторыі РБ.
4. Ільгота дзейнічае да 1 студзеня 2016 года.

Тры крокі для журналістаў

Калі прымяніць гэта да журналісцкай рэчаіснасці, то вызваліцца ад сплаты падатку вы можаце наступным шляхам.

Крок першы. Вы атрымліваеце падпісаную працоўную дамову або дамову падраду з замежным масмедыя: “Белсат”, “Радыё Рацыя”, “Еўрарадыё”, “Радыё Свабода”, “Нямецкая хваля” і інш., а таксама з фірмамі, якія дзейнічаюць ад іх імя.

Крок другі. Вы адмаўляецеся ад сплаты падатку ў скарбніцу замежнай краіны. Парадак сплаты падатку прапісваецца асобным пунктам у вашай дамове. Да ўжо заключанай дамовы вы можаце падпісаць з замежнай фірмай-замоўцай дадатак, які будзе рэгуляваць пытанне падаткаабкладання. Некаторыя замоўцы просяць прадставіць даведку падатковага рэзідэнта. Гэты дакумент атрымліваеце ў Беларусі, у мясцовым падатковым органе па месцы сталай рэгістрацыі. Для яго атрымання неабходна з’явіцца ў падатковую з пашпартам і напісаць заяву. Па магчымасці, бярыце некалькі экзэмпляраў даведкі. Даведку неабходна перакласці належным чынам на мову краіны, якую прадстаўляе ваш працадаўца/замоўца.

Трэці крок. Вы заводзіце рахунак (пажадана валютны) у беларускім банку і дамаўляецеся, каб ваш заробак/ганарары пералічваліся на гэты рахунак. Рахунак можна адкрыць у любым банку-рэзідэнце РБ. Некаторыя банкі прадастаўляюць магчымасць закладання рахунку праз інтэрнэт. Пры выбары банку і віду рахунку даведайцеся, ці мусіце вы плаціць за валютныя пералікі і колькі, а таксама пра ўмовы правядзення транзакцый.

Далейшыя дзеянні і неабходныя дакументы

Калі вы зрабілі апісаныя вышэй крокі, то можаце жыць спакойна аж да наступнага года. Да 1 сакавіка падаецца дэкларацыя аб сукупным гадавым прыбытку за папярэдні год. Разам з дэкларацыяй у падатковую падаюцца наступныя дакументы:

1. Дамова з замежнай арганізацыяй аб працы па найме і (ці) дамова на аказанне паслуг.
2. Дакумент аб прыбытках ад крыніц за мяжой, пацверджаны падатковым органам гэтай замежнай краіны.
3. Дакумент з банка РБ, які пацвярджае залічэнне сродкаў ад крыніц за мяжой на ваш рахунак.

У выпадку, калі ўсе дакументы аформлены належным чынам, падатковая аўтаматычна вызваляе вас ад сплаты падатку.

Дадатковую інфармацыю аб фінансавым баку супрацы журналістаў з замежнымі СМІ чытайце ў чацвертым раздзеле парадніка і прававога даведніка “Анатомія фрылансу”.

Падрыхтавала Таццяна Бублікава