Навіны і артыкулы

Журналісты-фрылансеры ў Нарвегіі

Журналісты-фрылансеры ў Нарвегіі

Фрылансеры ў Нарвегіі ўсё менш разлічваюць на даходы з журналістыкі, спадзеючыся збольшага на прыбытак у іншых сферах працы. ...

Даход фрылансера

Нарвежскі саюз журналістаў правёў апытанне фрылансераў. Лічбы апынуліся не вельмі дакладныя, паколькі не існуе агульнапрынятага спосабу фіксацыі даходаў журналістаў-фрылансераў.

Вынікі паказалі, што фрылансеры ўсё менш разлічваюць на даходы з журналістыкі, спадзеючыся збольшага на прыбытак у іншых сферах працы. Гэта тэндэнцыя можа спрычыніць паступовы выхад часткі фрылансераў з саюза, паколькі яны ўсё больш занятыя іншымі відамі дзейнасці, такімі як піяр, інфармацыйныя і камерцыйныя паслугі і інш.

Тым не менш, падобна на тое, што невялікая колькасць фрылансераў атрымлівае прыстойныя ганарары, у той час як сярэдні прыбытак нарвежскага журналіста-фрылансера складае каля паловы заробку штатных членаў саюза.

Каля 7000 членаў Нарвежскага саюза журналістаў працуюць ў штаце на поўную стаўку. Менш за 800 сябраў саюза з’яўляюцца журналістамі-фрылансерамі.
 

Сітуацыя: скарачэнне бізнесу

Вынікі 2013 года пацвердзілі, што нарвежскі медыя-бізнэс звужаецца. Наклад папяровых сродкаў масавай інфармацыі скарачаецца, а пашырэнне новых СМІ не скампенсоўвае агульнае падзенне накладаў і рэкламнага рынку. У 2013 г. многія нарвежскія навінавыя сродкі масавай інфармацыі пачалі браць плату за наведванне сваіх анлайн-старонак. У той жа час назіраецца імклівы рост агрэгатараў анлайн-кантэнту. Да таго ж, новы кансерватыўны ўрад трымаецца палітыкі скарачэння льгот і субсідый для нарвежскіх СМІ.

У дадзенай сітуацыі многія супрацоўнікі рэдакцыяў былі звольненыя з прычыны скарачэння штату. Колькасць працаўладкаваных журналістаў цягам апошніх пяці гадоў скарацілася на 10 працэнтаў, і такое скарачэнне набірае абароты.Фрылансеры, нягледзячы на перасцярогі саюза, усё часцей падпісваюць нявыгадныя кантракты, каб захаваць крыніцы даходаў. Яшчэ адной навіной у 2013-м стала скарачэнне колькасці афіцыйна зарэгістраваных журналістаў-фрылансераў, якое склала каля 4 % цягам года.
 

Асноўныя падзеі 2014 г.

Сярод прыярытэтных задач на гэты год вылучаюцца павышэнне даходаў і паляпшэнне ўмоў працы для членаў саюза. Паколькі прадстаўнікі перыядычных часопісаў і газет адмаўляюцца абмяркоўваць калектыўныя даходы, Нарвежскі саюз засяроджвае ўвагу на паляпшэнні здольнасці паасобных членаў саюза весці перамовы пра свае ганарары. Сёлета Нарвежскі саюз журналістаў звяртае больш увагі на трэнінгі і навучанне, а таксама на ўдасканальванне т.зв. “Калькулятара фрылансера” , каб ён лепей адпавядаў патрэбам сябраў прафесійнага згуртавання. Нашая мэта – зрабіць Калькулятар фрылансера больш даступным для членаў саюза (магчыма, у якасці дадатку для мабільных тэлефонаў) і прасцейшым у выкарыстанні, у тым ліку праз удасканаленне вэб-інтэрфэйсу. Мяркуецца, што выкарыстанне калькулятару стане больш распаўсюджаным сродкам падліку пагадзіннай аплаты працы ў бліжэйшай будучыні.

(Неабходна адзначыць, што статыстыка заробкаў сябраў саюза складае аснову для падліку аптымальнага ўзроўню аплаты працы журналіста-фрылансера, якая закладзена ў калькулятары.)

Пасля даследавання становішча з аўтарскімі правамі фрылансераў на запыт Нарвежскага саюза журналістаў нацыянальным заканадаўцам было прапанавана ўнесці змены ў закон аб аўтарскіх правах з мэтай паляпшэння становішча фрылансераў у часе перамоваў і прадухілення перакупу кантрактаў. Быў таксама завершаны план паляпшэння ўмоваў для пазаштатных фатографаў, найменш абароненых фрылансераў ва ўмовах звужэння медыя-рынка.

Адной з найважнейшых задач Нарвежскага саюза журналістаў з’яўляецца пошук новых сябраў з ліку журналістаў-фрылансераў. Вітаюцца журналісты новых медыяў, пазаштатнікі і медыя-адмыслоўцы, якія працуюць на ўмовах падраду.

На дадзены момант умовы ўступлення ў Нарвежскі саюз журналістаў абмяжоўваюць далучэнне апошніх, бо кожны сябра саюза мае прысвячаць журналістыцы больш за 50 працэнтаў сваёй працы, паводле прынятых правілаў для незалежнай прэсы і нормаў журналісцкай прафесійнай этыкі.

Нарвежскі саюз журналістаў імкнецца пашыраць супрацоўніцтва з прафесійнымі групамі, што не падпісваюць калектыўныя дамовы – фрылансерамі і студэнтамі. Усё больш фрылансераў бяруць удзел у мерапрыемствах і камісіях саюза, і ўсё болей пытанняў і праблем пазаштатнікаў адлюстроўваецца ў палітыцы саюза. Відавочна ўзрасло разуменне таго, што паляпшэнне ўмоваў для фрылансераў садзейнічае таксама інтарэсам журналістаў-штатнікаў. 

Toralf Sandåker, Нарвежскі саюз журналістаў