Навіны і артыкулы

34mag.net: Ганарар залежыць ад калорый, спаленых падчас падрыхтоўкі матэрыялу!

34mag.net: Ганарар залежыць ад калорый, спаленых падчас падрыхтоўкі матэрыялу!

У рубрыцы "Размова з рэдактарам" пра стасункі з фрылансерамі выказваецца cурэдактар інтэрнэт-часопісу “34mag.net” Даніла Беранцаў. ...

"34mag.net – моладзевы часопіс пра актуальнае і цікавае ў Беларусі і свеце: трэнды, падзеі, людзі і з’явы, якія нас бударажаць. Крыніца інфармацыі ды натхнення для чытачоў. Нашы каштоўнасці – свабода, творчасць і сяброўства", – гавораць пра выданне яго стваральнікі.

34mag.net – хіба, самы арыентаваны на фрылансераў беларускі сродак масавай інфармацыі. Гутарым з Данілам Беранцавым.

− На Вашу думку, хто такі фрылансер?

Д.Б. − Гэта чалавек, які можа сабе дазволіць працаваць там, дзе яму цікава, а не там, дзе ляжыць працоўная кніжка. У нашым ідэальным разуменні фрылансер – гэта прафесіянал, які не жадае абмяжоўваць сябе рамкамі адной канторы, а сам шукае пад свае ідэі, тэмы і герояў такія пляцоўкі, на якіх яго матэрыялы лепш за ўсё прагучаць. Гэта чалавек, які ўпэўнены ў сабе, любіць свабоду і ўвесь час знаходзіцца ў руху.

− Як Вы ставіцеся ды журналістаў-фрылансераў?

Д.Б. − Я лічу, што актыўнае выкарыстанне фрылансу – самы адэкватны шлях для беларускіх медыя. Важна, каб у праекце была пара-тройка чалавек, якія неслі б адказнасць за якасць выдання, разумелі канцэпцыю і кантралявалі працэс, а ўся астатняя праца цалкам можа даручацца людзям па-за межамі штата. І тут гаворка ідзе не толькі пра журналістаў, але і пра тых, хто працуе з візуальным афармленнем, мультымедыя ці праграмаваннем. Эпоха папяровых газет сканчаецца ў прынцыпе, а ў Беларусі ўжо даўно скончылася. Таму штатны расклад, першая паласа, адказны сакратар, прэс-рэліз і журналісты на заробку – гэта ўсё з эры пішучых машынак. Рэдакцыя сёння павінна быць мультыінструментальнай, мабільнай і метабалічнай.

− Наколькі шырока Ваша выданне супрацоўнічае з журналістамі-фрылансерамі?

Д.Б. − У нас увесь часопіс трымаецца на фрылансе. Амаль усе нашы аўтары, мастакі, фатографы, праграмісты, карэктары, дызайнеры, відэамэйкеры працуюць па гэтай схеме. Пры працы над часопісам людзей не павінны аб'ядноўваць кантракты, ёсць рэчы мацней – жаданне рэалізавацца ў рамках цікавага праекту, задавальненне ад працы з энергічным калектывам, магчымасць удасканальвацца і ўзаемаўзбагачацца і г.д. Ну і, вядома ж, магчымасць у любы момант сысці ці, прынамсі, ад чагосьці адмовіцца. Да таго ж, на сваім досведзе мы пераканаліся, што многія людзі, якія пачынаюць працаваць на поўную стаўку, маюць схільнасць расслабляцца і зарастаць мохам. У дадзеным кантэксце фрыланс – гэта яшчэ і сталы прыток свежай крыві і свежых ідэй.

− Матэрыялы на якія тэмы ваша выданне часцей за ўсё бярэ ў журналістаў-фрылансераў?

Д.Б. − Усе матэрыялы, якія выходзяць у нас на сайце, робяцца фрылансерамі або пры іх удзеле. Кожны чалавек валодае вызначаным талентам. Мы імкнёмся заўважаць гэтыя таленты і прапаноўваць людзям толькі тое, што ім будзе цікава рэалізаваць, тое, што яны зробяць прафесійна і з любоўю.

Мы імкнёмся пазбягаць стандартных схем, калі за вызначанай тэматыкай замацаваны пэўны журналіст. Гэтак жа ў нас няма і асобных заданняў для фрылансераў. Паўтаруся  нам важна, каб з працоўнага працэсу не знікаў прысмак навізны, каб рэдакцыя не падзялялася на "штатнікаў" і "пазаштатнікаў", "правых" і "левых". У нас над адным матэрыялам можа адначасова працаваць дзесяць чалавек. Галоўнае, каб кожны выразна разумеў сваю задачу. Нават сур'ёзныя рэчы мы імкнёмся рабіць з лёгкасцю.

− Фрылансеры вельмі частая скардзяцца на адсутнасць доступу ды інфармацыі і горшыя ўмовы ў гэтым плане ў параўнанні са штатнымі журналістамі. Ці падзяляеце гэтую думку?

Д.Б. − Мне здаецца, гэта трызненне. У журналістаў у Беларусі ў прынцыпе няма свабоды. Напрыклад, у працаўнікоў дзяржаўных СМІ больш далікатныя стасункі з чыноўнікамі. І што ж ім гэта дае? Сенсацыйную інфармацыю? Права яе публікаваць? А калі ты журналіст недзяржаўнай газеты, чым табе дапаможа пасведчанне? Зможаш чытаць сакрэтныя архівы? Ці спакойна фатаграфаваць былога міністра культуры на якім-небудзь канцэрце? Калі табе патрэбна інфармацыя, трэба шукаць спосаб яе атрымання, а не апраўданне.

− Наконт аплаты працы: ганарар фрылансера павінен быць большы ці меншы, чым у штатнага журналіста? Як з гэтым у Вас?

Д.Б. − Ганарар можа залежаць ад калорый, спаленых падчас падрыхтоўкі матэрыялу, але ніяк не ад формы супрацоўніцтва журналіста з рэдакцыяй. Прынамсі, у нас так.

− Ці хацелі б самі стаць фрылансерам?

Д.Б. − Ды я і ёсць фрылансер. Я імкнуся, каб з працай мяне злучала толькі ўзаемная цікавасць, а не працоўная дамова і перспектыва 13-га заробку. У момант, калі я зразумею, што гэта праца мне не цікавая, я проста пераключуся на штосьці новае. Не хочацца ператварыцца ў сівавалосага мэтра, які з года ў год робіць адно і тое ж, пакуль аднойчы не зразумее, што на яго ўжо кідаюць зямлю.

Гутарыў Барыс Гарэцкі