Навіны і артыкулы

І.Сярэдзіч: Яшчэ ніводзін пазаштатны журналіст не быў расчараваны ганарарам у “Народнай волі”

І.Сярэдзіч: Яшчэ ніводзін пазаштатны журналіст не быў расчараваны ганарарам у “Народнай волі”

У межах кампаніі “За фрыланс” працягваем гутарыць з галоўнымі рэдактарамі незалежных беларускіх выданняў і цікавяцца, якія ўмовы для фрылансераў яны прапануюць і як ...

– На Вашу думку, хто такі фрылансер?

І.С.: На мой погляд, гэтым людзям трэба толькі спачуваць. Бо ў большасці сваёй, думаю, яны згубілі магчымасць працаваць у штатах выданняў: друкаваных, сайтаў, тэлеканалаў. І вымушаныя вось такім чынам зарабляць сабе нейкую капейчыну. Мабыць, надыдуць тыя часы, калі кожны фрылансер зможа нармальна існаваць дзякуючы свайму свабоднаму статусу. Але пакуль гэта вельмі складана.

– Як Вы ставіцеся да журналістаў-фрылансераў?

І.С.: Я стаўлюся да фрылансераў вельмі станоўча і станоўча ацэньваю любы іх матэрыял, калі ён зроблены на высокім прафесійным узроўні. І калі заўтра хоць дваццаць фрылансераў з’явяцца ў рэдакцыі, пакладуць на стол дваццаць матэрыялаў, зробленых на добрым узроўні, я іх шчыра абдыму, падзякую і заплачу за працу.

Любы чалавек, які звярнуўся ў рэдакцыю і прапанаваў добры матэрыял, заслугоўвае павагі і заахвочвання.    

– Наколькі шырока “Народная воля” супрацоўнічае з журналістамі-фрылансерамі?

І.С.: На жаль, на дадзены момант гэта з’ява вельмі рэдкая – вельмі мала матэрыялаў нам прапануюць рэпарцёры-фрылансеры. А патрэба ёсць.

– Матэрыялы на якія тэмы “Народная воля” хацела б браць у журналістаў-фрылансераў?

І.С.: Такіх тэм нямала, бо нас саміх вельмі мала. Калектыў “Народнай волі” не можа ахапіць усёй палітры жыцця. Таму любая тэма, распрацаваная глыбока, не павярхоўна, а з майстэрствам, была б для нас цікавай, і мы б з задавальненнем супрацоўнічалі з такімі аўтарамі. Фрылансер – такі ж журналіст, як і той, што працуе ў штаце, толькі ён не зацугляны рэдакцыйнымі абавязкамі.

– Журналісты-фрылансеры вельмі часта скардзяцца на адсутнасць доступу да інфармацыі і горшыя ўмовы ў гэтым плане ў параўнанні са штатнымі журналістамі. Ці падзяляеце Вы гэтую думку?

І.С.: Праблема доступу да інфармацыі існуе не толькі ў свабодных аўтараў, але і ў тых, хто ёсць у штаце. Дагрукацца да нейкага чыноўніка вельмі складана і штатным журналістам, асабліва калі ён даведваецца, што ты працуеш на незалежнае выданне. Чыноўнік, як чорт ладану, баіцца незалежнага журналіста.

Што ж датычыць пасведчанняў, то, калі ў нас атрымліваецца супрацоўніцтва з кімсьці з аўтараў, няма ніякіх праблем. Мы, дарэчы, за васямнаццаць год вельмі многіх забяспечылі нашымі пасведчаннямі. На жаль, большасць з іх даверу не апраўдала.

– Наконт аплаты працы: ганарар фрылансера павінен быць большы ці меншы, чым у штатнага журналіста? Як з гэтым у “Народнай волі”?

І.С.: У першую чаргу мы заахвочваем людзей з увагі на якасць матэрыялу. У нашым калектыве і рэдактар, і мае намеснікі – гэта прафесійныя журналісты, якія ведаюць кошт кожнаму слову, кожнай кропцы і кожнай косцы. І не было яшчэ выпадку, каб нехта з нашых пазаштатных аўтараў крыўдзіўся, што мы недаацэньваем іх працу. Яшчэ ніводзін пазаштатны журналіст не быў расчараваны ганарарам у “Народнай волі”.

Галоўнае, яшчэ раз паўтару, – гэта якасць, сенсацыйнасць, арыгінальнасць, свежасць, глыбіня распрацоўкі тэмы, адраснасць. Адна справа, калі чалавек піша матэрыял паводле інфармацыі з Facebook ці нейкай прэс-канферэнцыі, а іншая – з’ездзіць у глыбінку і на месцы глыбока распрацаваць тую ці іншую тэму. У адпаведнасці з усімі гэтымі крытэрамі мы і ацэньваем працу кожнага журналіста.

– І апошняе традыцыйнай пытанне цыклу: ці хацелі б самі стаць фрылансерам?

І.С.: Напэўна, мне ўжо позна станавіцца фрылансерам. Ніколі пра гэта не думаў, бо працую ў журналістыцы ўжо больш за сорак гадоў, і не было яшчэ такога перыяду, каб я заставаўся без працы. Нават тады, калі сваім загадам Аляксандр Лукашэнка абсалютна незаконна мяне звольніў, я адразу ж пайшоў у Міністэрства інфармацыі і зарэгістраваў “Народную волю”.

Я калі ўжо і буду кудысьці збірацца, дык не на вольныя хлябы, а на законны, як кажуць, адпачынак. Думаю, што я яго ўжо заслужыў. Проста трэба дачакацца той сітуацыі, калі калектыў будзе перакананы, што пры любым рэдактары “Народная воля” будзе існаваць. Сёння такой упэўненасці нават у мяне самога няма...

Адазвацца на выказванні Іосіфа Сярэдзіча можна ў каментарах пад артыкулам. Асабліва запрашаем да дыскусіі пазаштатных аўтараў “Народнай волі”!

Гутарыў Барыс Гарэцкі