Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: тэлеаператар Анджэй Чапкоўскі з Польшчы

Сапраўдны фрылансер: тэлеаператар Анджэй Чапкоўскі з Польшчы

Беларускія журналісты Алег Ражкоў і Алесь Ляўчук сустрэліся са сваім польскім калегам, аператарам-фрылансерам Анджэем Чапкоўскім, каб распытаць калегу пра выгоды і мінусы ...

Анджэй Чапкоўскі – выпускнік прэстыжнай кінашколы ў Лодзі, прафесійны аператар. Працуючы ў журналістыцы больш за 20 гадоў, Анджэй прайшоў шлях ад асістэнта аператара да супрацоўніка найбуйнейшай камерцыйнай тэлекампаніі Польшчы TVN. Цяпер у асноўным займаецца фрылансам і плануе перайсці на ўласны медыя-бізнэс. Але пры гэтым вельмі скептычна ставіцца да будучыні менавіта прафесійных журналістаў.

А. Чапкоўскі: Разумееш, сёння той час, калі навіны робяцца хутка, цягам літаральна некалькіх хвілінаў. Проста пішаш на свой тэлефон, калі трэба, мінімальна апрацоўваеш элементарнымі рэдактарамі – і ўсё, ты ў навінах.

Апроч таго, шмат рэпарцёраў налаўчыліся здымаць сябе самі на шырокакантовую, напрыклад, партатыўную камеру. Нядаўна быў акурат такі выпадак. Паехалі мы ад рэдакцыі ў Нью Ёрк пісаць матэрыял пра ўраган. Я ўвесь дзень бегаў з усім абсталяваннем на сабе па закаркаваным горадзе, выбіраў месцы здымкаў, лепшыя кадры, лепшае святло. У выніку збольшага былі выкарыстаныя здымкі, якія рабіў сам рэпарцёр. Ён здымаў выключна сябе ў розных позах і сітуацыях: як ён, напрыклад, ідзе па лесвіцы і штосьці там гаворыць. Ну дзе гэта бачна?

Ты ж паглядзі – цяпер не толькі навіны, але нават рэпартажы пішуцца па скайпе, з мабільных тэлефонаў, планшэтаў. Глядач любіць такія кадры, бо заўжды ёсць эфект прысутнасці, нейкі псіхалагічны інтэрактыў. І для працадаўцы таксама такі варыянт нашмат зручней і фінансава выгадней, чым утрымліваць прафесіянала, плаціць за яго сацыяльныя выплаты, прытрымлівацца кантракту.

А хіба з фрылансерамі кантракт не падпісваецца?

А.Ч.: На сённяшні дзень большасць вялікіх карпарацый адыходзіць ад сталых кантрактаў. Я маю на ўвазе доўгатэрміновыя ці бестэрміновыя ўмовы аб працы. Большасць працадаўцаў выбірае аўтарскі кантракт. Ён аднаразовы ці падпісваецца на кароткі тэрмін, паводле яго няма ніякіх дадатковых сацыяльных выплат, фактычна ніякіх гарантый для працаўнікоў. Для мяне як для аператара гэта, канешне, кепска. Але для майго працадаўцы гэта вельмі карыснае і зручнае выйсце.

У такім выпадку атрымліваецца, што фрылансер ніяк не забяспечаны на выпадак розных жыццёвых форс-мажораў?

А.Ч.: Безумоўна. Але гэта кампенсуецца абсалютнай свабодай у творчасці, то бок ты не абмежаваны ніякай карпаратыўнай ці рэдакцыйнай этыкай. У цябе няма ніякай ідэалагічнай, рэдакцыйнай ці, барані Божа, камерцыйнай цэнзуры. Ты можаш працаваць дзе хочаш і як хочаш. Сам можаш усталёўваць памер свайго ганарару.

Пры гэтым, калі хочаш мець нейкія сацыяльныя гарантыі, калі ласка, засноўвай сваю прадусарскую фірму, плаці падаткі – і будзеш мець усе гарантыі.

Але тут ёсць небяспека, што ты можаш не атрымаць ніякіх замоваў на наступны месяц і амаль нічога не зарабіць. Але падаткі трэба плаціць рэгулярна.

Таму, як правіла, у абсалютны фрыланс ідуць людзі з імем, сувязямі і сталымі ўжо кліентамі.

І ты з такіх?

А.Ч.: Ну як табе сказаць? (смяецца) За столькі год досвед, канешне, ужо ёсць. І знаёмствы таксама. Але казаць пра тое, што я б меў вельмі шмат кліентаў і замоваў, таксама не магу. Таму тут дапамагае яшчэ падпрацоўка ў "Dzień dobry TVN". Там я маю некалькі дзяжурстваў і ўжо такі-сякі заробак.

Напрыклад, адзін працоўны дзень аператара ацэньваецца ў прыкладна 100 еўра. Маючы нават 10 дзяжурстваў на месяц, я ўжо магу тое-сёе зарабіць. Плюс дадаткова працую кліпмэйкерам, раблю часам навіны ці рэпартажы для іншых тэлекампаній. І такім чынам атрымліваецца прыстойны заробак.

Пры гэтым я, напрыклад, ніколі не саромеўся здымаць вяселлі ці нейкія карпаратывы, бо гэта таксама заробак, а неяк сям’ю ўтрымліваць мусіш заўсёды. Дзіцяці не скажаш, што працы няма, правільна?

Цяпер вось пакрысе набываю ўласнае абсталяванне, бо думаю пачаць працаваць над сваім сайтам, дзе можна будзе прадаваць нейкія ўласныя рэчы.

Якім чынам плануеш арганізаваць працу?

А.Ч.: Па шчырасці, яшчэ не ведаю. Маю цвёрдае перакананне, што сайт мусіць быць, але як з ім працаваць, не маю нават уяўлення. Таму што ты заўсёды рызыкуеш праляцець незаўважным у медыя-прасторы. Тым больш, калі ёсць такія каласальныя рэсурсы, як youtube ці vimeo.

Думаю, што хутчэй за ўсё буду рабіць нейкія відэазамалёўкі, невялікія рэпартажы, выстаўляць іх у горшай якасці ці з пазнакай, а за выкарыстанне ў HD буду браць нейкую аплату. Быць можа, нават нешта атрымаецца. Тут жа ніколі не ўгадаеш, што і як. Можна зрабіць некалькі здымкаў звычайнага памідора і прадаць яго некалькі тысячаў разоў, разумееш.

Таму трэба проста працаваць, не здавацца, нават калі твае кадры ідуць проста “ў стол” ці проста на сайт. Бо калі вельмі старацца, напэўна, прыйдзе час, і цябе заўважаць.

Тэкст Вольгі Чарных