Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: Джайлз Крос з Велікабрытаніі

Сапраўдны фрылансер: Джайлз Крос з Велікабрытаніі

"Замест таго, каб шукаць чарговую працу на поўны дзень, я падумала, што для мяне мае сэнс папрацаваць на самоце. Пагатоў, з маім 10-гадовым досведам напісання і рэдагавання ...

Чаму Вы вырашылі стаць фрылансерам?

Пэўны час я працавала рэдактарам для інтэрнэт-сайтуwww.netregs.gov.uk Брытанскай экалагічнай агенцыі. Таму замест таго, каб шукаць чарговую працу на поўны дзень, я падумала, што для мяне мае сэнс папрацаваць на самоце. Пагатоў, з маім дзесяцігадовым досведам напісання і рэдагавання тэкстаў на глабальныя экалагічныя тэмы...

Калі Вы навучаліся, то дзе? Калі не, то як Вы сталі фрылансерам?

Я абараніла дыплом і вучылася ў аспірантуры па экалагічным праве ЕС. Пасля ўніверсітэта я валанцёрыла шэсць месяцаў у адным некамерцыйным экалагічным выданні. Давялося навучыцца практычна ўсяму: і пісаць, і рэдагаваць, і дызайніць, і карэктаваць – усё разам. Ліхаманкава, але займальна.

Ці ёсць у Вас спецыялізацыя ў нейкай канкрэтнай галіне? На якія тэмы Вы пішаце?

Мая спецыялізацыя – устойлівасць навакольнага асяроддзя. У гэтай сферы я атрымала дадатковыя спецыяльныя веды па такіх кірунках, як ўзнаўляльныя прыродныя рэсурсы, перапрацоўка на другасную сыравіну, біяматэрыялы і біянавука, узноўленае чалавекам прыроднае асяроддзе, экалагічнае заканадаўства і кліматычныя змены. Калі ў друку з’яўляюцца публікацыі, датычныя аптымізацыі ўплыву дзейнасці чалавека на планету, існуе вялікая верагоднасць, што пра гэта пісала я.

У якіх выданнях вы публікаваліся?

The Guardian, BBC online, Yahoo Green, шматлікія гандлёвыя і спажывецкія часопісы, у тым ліку Рalladium, Bioplastics World, The Somerfield Magazine, Pro Sport Business, Venue. Таксама пісала артыкулы для сайтаў і рэдагавала публікацыі для IF&P, Haymarket, EMAP, Prince's Trust, Ernst & Young, Sustrans, Forum for the Future, Our Future Planet, reNews, Peugeot, Global Heritage Fund, EPR Direct, FC Business Intelligence.

Якімі артыкуламі і ў якіх выданнях вы ганарыцеся?

Я люблю пісаць для такіх выданняў, як The Guardian, бо маеш адчуванне, што вялікая колькасць людзей сапраўды чытае цябе, заўважае тваю працу, і, цалкам верагодна, падпадае пад твой уплыў. Разам з тым, вы можаце напісаць невялікую нататку пра мясцовыя экалагічныя праблемы для дабрачыннай арганізацыі. На дзіва, і такі матэрыял можа шырока распаўзціся па сетцы і чытацца вялізнай колькасцю народу.

Якія плюсы і мінусы фрлансерства?

Магчыма, найвялікшы плюс – гэта эйфарычныя пачуцці самастойнасці. Ты – не другая скрыпка ў аркестры, не сядзіш бессэнсоўна за сталом з 9.00 да 17.00 толькі таму, што нехта табе кажа быць там, хоць рабіць і няма чаго. Я лепей папрацую вельмі старанна і інтэнсіўна, каб потым заняцца нейкімі іншымі цікавымі справамі. У фрылансерстве няма нічога кепскага.

Ці ёсць у вас нейкія цікавыя гісторыі з вашага фрылансерскага досведу?

Я часта завітваю на вялікія экалагічныя сустрэчы і форумы, якія ладзяцца ў грамадскім сектары, і часцяком дзіўлюся, што арганізатары абсалютна не заўважаюць навалы аднаразовых кубкаў, талерак, пакункаў ад цукру, кавы і гарбаты, не размяшчаюць у даступным месцы кантэйнеры для наступнай утылізацыі адкідаў. Пасля мерапрыемства гэтыя “гора-эколагі”пакідаюць свае аднаразовыя прычындалы ў самым незаўважным куце і выклікаюць таксоўку, спасылаючыся на “тэрміновасць” наступнай сустрэчы, замест таго, каб скарыстацца грамадскім транспартам. Гэта даволі пацешна спалучаецца з тым, як некаторыя людзі лірычна “пяюць” са сцэны пра неабходнасць гаспадарлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя.