Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: журналіст Інга Петц з Нямеччыны

Сапраўдны фрылансер: журналіст Інга Петц з Нямеччыны

Нямецкі журналіст Інга Петц больш як 10 гадоў працуе ў свабодным палёце і пра вяртанне ў рэдакцыю нават не падумляе. Падарожжы, цікавыя мясціны, людзі, гісторыі. Ён зрабіў сабе ...

Са спадаром Петцам мы сустрэліся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры  на семінары па сацыяльным рэпартажы. Ён быў трэнерам і дзяліўся з беларускімі калегамі журналісцкай мудрасцю. Даведаўшыся, што перад намі прафесійны фрылансер, мы папрасілі падзяліцца досьведам і з чытачамі FBB.

Каму бы Вы параілі станавіцца фрылансерам? Якія якасці важныя для такой працы?

Калі ты гэтага не хочаш, то нічога не атрымаецца. Будзеш працаваць, траціць вельмі многа энергіі, а быць незадаволеным. Калі ў цябе няма волі або вялікага жадання, то нічога не атрымаецца. Ты мусіш любіць свой занятак. Гэта зусім іншы рэжым жыцця. Людзі, якія любяць сваю свабоду, якія крыху нефармальныя, — гэта заўсёды вельмі добрыя фрылансеры. У іх галовах арыгінальныя думкі і падыходы да працы, яны вельмі крэатыўныя.

Як вызначыць, ці добры перад Вамі фрылансер?

Ха-ха. Я не ведаю. Калі ты зарабляеш столькі, што можаш пражыць на ганарары і твая сям’я таксама, то ты добры фрылансер.

Таксама шмат што залежыць ад таго, як ты працуеш. Калі я рэдактар і дасылаю фрылансера, да прыкладу, у Новую Зеландыю на 4 дні для пэўнай тэмы, то важна, наколькі хутка ён можа зарыентавацца на месцы. Калі журналіст падае складаную тэму  простай даступнай мовай, то я буду задаволены гэтым супрацоўнікам. Для журналіста мова — вельмі важная, гэта наш прафесійны інструмент. Яна не мусіць быць сумнай, банальнай. Трэба пісаць арыгінальна і жыва.

Як фрылансер можа даражэй прадаць сваю працу?

Праца для часопісаў заўсёды вышэй аплочваецца. У Нямеччыне працаваць для газет становіцца зусім нявыгадна. Напрыклад, я працую для сур’ёзнага нацыянальнага выдання “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, і хачу сказаць, што ганарары там не такія высокія. Эканамічны крызіс, рэклама сыходзіць у інтэрнэт, тыраж падае. У часопісаў тыраж таксама падае, але параўнайце кошт часопіса і газеты: часопіс прадаюць за 5-6 еўра. Таму часопісы могуць плаціць больш высокія ганарары.

Ці можа фрылансер пражыць толькі на ганарары, не займацца іншымі падпрацоўкамі?

Я магу. У мяне шмат розных тэмаў і адпаведна шмат работы. Я займаюся і беларускай тэматыкай, таксама пішу пра яхты, літаратуру, кіно, музыку, эканоміку, падарожжы. У мяне шырокае кола тэмаў. Калі не атрымліваецца прадаць артыкул пра яхты, я проста пераходжу на іншую тэму. Самае галоўнае — заўсёды мець цікавыя тэмы і арыгінальны падыход да іх.

Інга Петц (вольны журналіст) пра Парламенцкія выбары ў Беларусі

У чым сакрэт паспяховасці фрылансера?

Для фрылансера важна, каб яго ідэі былі намнога цікавейшымі за ідэі штатнікаў. Калі твае ідэі слабыя, то іх ніхто не купляе, бо ў рэдакцыі штатнікі самі могуць гэта прыдумаць

Ці праўда, што фрылансерам прыходзіцца працаваць больш за штатнікаў?

Я заўсёды працую. Мой мозг фрылансера заўсёды нечым заняты, гэта, канешне, праблема, таму што патрэбны адпачынак. Але я так люблю свой занятак, што нават на выходных, калі іншыя адпачываюць у парку або сядязць у кафэ, я магу папрацавацб. І мяне гэта не бянтэжыць, бо я, у параўнанні з іншымі, маю больш свабоды. Я маю свой парадак дня, у мяне няма начальнікаў, і я больш незалежны. Гэта зусім іншае жыццё.

У чым перавага фрылансу над штатнай працай?

Я ніколі не хацеў быць штатнікам — хацеў быць рэпарцёрам. Дванаццаць гадоў таму я працаваў у газеце “Koelnische Rundschau” і бачыў, што шмат хто сядзіць цэлы дзень за кампутарам і займаецца смешнымі справамі: абірае фотаздымкі, апрацоўвае іх. Гэта не для мяне — я хацеў падарожнічаць, пабачыць свет. І ў гэтым сэнсе фрыланс мяне цалкам задавальняе. А штатнікаў, якія таксама могуць сабе гэта дазволіць, зусім мала, і не толькі ў Германіі.

 Размаўляла Таццяна Бублікава