Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: Ёрн Вад з Нарвегіі

Сапраўдны фрылансер: Ёрн Вад з Нарвегіі

"Мне не падабалася ўставаць рана і я хацеў абіраць самастойна тэмы публікацыяў без аглядкі на замовы босаў", — Ёрн Вад прыгадвае пачатак свайго фрылансерскага шляху. ...

Чаму Вы вырашылі працаваць журналістам-фрылансерам?

Прычынаў майго прыходу ў фрыланс-журналістыку было некалькі. Па-першае, мне не падабалася ўставаць рана. Па-другое, я хацеў абіраць самастойна тэмы публікацыяў без аглядкі на замовы босаў. Аднак вымушаны зазначыць, што мая дзейнасць у фрылансе не надала мне магчымасці адсыпацца.

Ці праходзілі Вы адмысловае журналісцкае навучанне? Дзе?

Я навучаўся на фатографа і скончыў універсітэт па гэтай спецыяльнасці. Пазней я праходзіў вытворчую практыку ў мясцовай газеце ў Драмэне. Гэтая магчымасць стажыроўкі скончылася разам з завяршэннем майго навучання на факультэце ў 1979 годзе.

Як Вы сталі журналістам-фрылансерам?

У Нарвегіі няма магчымасці навучання на журналіста-фрылансера, акрамя як на “курсах павышэння прафесіяналізму”, якія мы ладзім у згуртаванні фрылансераў. Мы распачалі іх, бо пабачылі, што шмат з тых, хто абірае кар’еру журналіста-фрылансера, мае патрэбу ў навучанні, каб даць рады з адмысловымі выклікамі, якія тоіць у сабе гэта праца. Сярод іншага, неабходна змірыцца з рэальнасцю заўсёднай работы насамоце, а таксама з наяўнасцю сталай прывязкі журналісцкай дзейнасці ў фрылансе да заканадаўства аб аўтарскіх правах.

Ці пішаце Вы на нейкую асобную тэму? Пра што вашыя публікацыі?

На маю асабістую думку, журналіст-фрылансер абавязкова мае спецыялізавацца ў пэўнай тэматыцы дзеля дасягнення поспеху на працоўнай ніве. На любым рынку вашыя асабістыя здольнасці і адмысловыя веды прывабліваюць кліента. Спецыялізацыя можа быць абсалютна рознай. Напрыклад, я спецыялізуюся ў галіне будаўніцтва. Маючы ўнікальную спецыялізацыю, Вы маеце магчымасць пісаць як на мясцовыя, гэтак і на міжнародныя тэмы.

Дзе Вы друкаваліся?

Працуючы безліч год у фрылансе, я друкаваўся не менш як у 200 часопісах і газетах у Скандынавіі. Аднак не магу сказаць дакладную колькасць публікацыяў. Трэба сказаць, што некалькі артыкулаў майго аўтарства з’явіліся ў замежных СМІ, сярод іншага ў анлайн газеце Texas Watchdog” (Тэхас, ЗША).

Якімі артыкуламі Вы ганарыцеся?

Цяжка вылучыць нейкія паасобныя артыкулы. Аднак гэта дакладна тыя публікацыі, дзякуючы якім атрымалася дапамагчы простым людзям у іх справядлівай барацьбе за ўласныя правы супраць урадаў і мясцовай палітыкі. Такія перамогі надаюць дадатковае вартасці журналісцкай працы, якая часта можа быць даволі руціннай у маім выпадку.

Якія найлепшыя і найгоршыя аспекты фрыланс-журналістыкі?

Асабіста мне здаецца, што найлепшым аспектам працы ў якасці пішучага ці фотажурналіста-фрылансера з’яўляецца магчымасць выбару ўласных тэмаў. Вы можаце самастойна выбраць, куды скіраваць уласныя навыкі. Такая свабода надае новыя магчымасці.

Найгоршы? Адчуванне небяспекі праз сталую працу насамоце. Аднак гэта пачуццё ўласціва ўсім фрылансерам. Менавіта яно падштурхнула мяне да засноўвання і развіцця адмысловай cекцыі для фрылансераў на сайце Нарвежскага саюза журналістаў (NJ).

Ці маеце Вы нейкія дасціпныя гісторыі, звязаныя з Вашай працай у якасці журналіста-фрылансера?

Вядома, іх было шмат, і мне складана выбраць нейкую адну. Аднак не так мала з іх спрычыньвае дзіўнае меркаванне, распаўсюджанае, сярод іншага, і сярод калег-журналістаў, пра тое, што мы, фрылансеры, усе з’яўляемся такімі, бо дагэтуль нам не пашэнсіла знайсці працу. Вядома ж, гэта памылковая думка, праз якую ўзнікае шмат смешных эпізодаў.

Пераклад з ангельскай мовы Андруся Клікунова, фота Змітра Кармазіна