Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: Скот Сноўдэн з ААЭ

Сапраўдны фрылансер: Скот Сноўдэн з ААЭ

Чаму я вырашыў стаць фрылансерам? Гэта не было маім выбарам, насамрэч. Я пераехаў у ААЭ следам за жонкай, якая тры гады таму уладкавалася тут на працу... ...

Узровень журналістыкі тут надзвычай прымітыўны; адзіная газета ў Абу-Дабі, дзе я знаходжуся – гэта The National, і яна, насамрэч, належыць ураду. Адпаведна, яна далёкая ад таго, каб быць незалежнай, і гэты адносна важны факт, у спалучэнні з вельмі нізкай якасцю рэдагавання і нязначным накладам, у канчатковым выніку прыраўноўвае штатную журналістыку да прафесійнага самагубства. Таму я вырашыў застацца фрылансерам, і такім чынам магу надалей пісаць для брытанскіх газет і часопісаў.

Калі вучыліся, распавядзіце, дзе. Калі не, як Вы сталі фрылансерам?

Я вучыўся ва ўніверсітэце. І ў мяне больш як 15-гадовы досвед працы...і мне ўжо даводзілася быць фрылансерам раней, і ў Злучаным Каралеўстве, і калі жыў у Сіднэі шмат гадоў таму... З гэтае прычыны я, насамрэч, добра ўсведамляў, як працуе менавіта гэты падыход.

Ці спецыялізуецеся Вы ў нейкай пэўнай галіне і пра што менавіта Вы пішаце?

Раней спецыялізаваўся. Мая адукацыя ахоплівае сферу падарожжаў і турызму, як спажывецкага, так і гандлёвага, аднак апошнім часам я пішу праважна пра пытанні, звязаныя з маім знаходжаннем тут. Як вам добра вядома, Дубаі, да прыкладу, ніколі не знікаюць з навінаў надоўга. Аднак гэта ўсё можа быць надрукавана толькі па-за межамі ААЭ. Любы, хто вырашыць напісаць матэрыял, падаючы краіну ў негатыўным святле, можа быць дэпартаваны. Сур’ёзна.

У якіх выданнях Вы друкаваліся?

З таго часу, як працую пазаштатна? Ва ўсіх газетах у ААЭ (іх усяго чатыры) і амаль ва ўсіх спажывецкіх і бізнэс-часопісах. Акрамя гэтага, the Sunday Times, Esquire, the Evening Standard, The Mail on Sunday, CNN, Travel Weekly і інш.

Якімі артыкуламі, у якіх выданнях Вы найболей ганарыцеся?

Я напісаў вялікі артыкул пра Востраў Пасхі для брытанскай нацыянальнай газеты пасля таго, як наведаў яго, каб зірнуць, ці турызм перайшоў мяжу ў гэтым рэгіёне і ці не наклала гэта адмоўны адбітак на невялічкі востраў на поўдні Ціхага Акіяна. Я пісаў артыкулы і рэцэнзіі пра вартыя ўвагі цікавосткі тут у ААЭ, і мне падаецца, я быў значна больш крытычны і аналітычны, чым іншыя аўтары.

Якія найлепшыя і найгоршыя аспекты працы фрылансера?

Пазаштатная журналістыка – гэта рызыкоўная справа тут. Ты павінен быць гатовы, што цябе могуць... абдзерці, у канчатковым рахунку. Можна атрымаць замову на 2000 словаў, напрыклад, аднак, калі толькі 1000 словаў з напісанага табой надрукуюць –  гэта ўсё, за што табе заплоцяць. Або, калі твой тэкст не спатрэбіцца ўвогуле, ты не атрымаеш анічога. Часопісы адкрываюцца і закрываюцца тут пастаянна – многія выходзяць на медыя-рынак такімі сабе “каўбоямі на продажы”, якім трэба хутка зарабіць. Таму ёсць верагоднасць, што на пэўным этапе ты атрымаеш замову ад выдання з назвай, скажам, Мікі Маўс, а яно так і не будзе выдадзена, ні праз паўгода, ні праз год, і выплату заробку будуць адкладаць да таго моманту, пакуль яны не зачыняцца ўвогуле. І расцэнкі дрэнныя. Найлепшыя аспекты? Значна больш свабоды ў выбары тэмаў для матэрыялаў. І, мяркую, тут я насамрэч маю магчымасць пісаць пра некаторыя...ммм, з’явы, якія (як сцвярджаюць) адбываюцца тут – для газет і часопісаў па-за межамі ААЭ. Амаль усе гэтыя матэрыялы мусяць быць напісаныя пад псеўданімам, вядома.   

Ці можаце распавесці якую-небудзь цікавую гісторыю, звязаную з Вашым досведам працы фрылансерам?

Баюся, асабліва цікавых гісторый не адбывалася з таго часу, як я пераехаў сюды. Толькі балючыя хіба! Тым не менш, з аднаго выпадку я смяюся дагэтуль, калі ўспамінаю. Гэта здарылася, калі я ўпершыню перасякаў мяжу ААЭ з Аманам. Памежны кантроль уяўляе сабой невялікі гарадок, збудаваны з паўразваленых халуп. Ёсць там тры заняпалыя трухлявыя хаціны, збудаваныя з іржавых рыфлёных жалезных лістоў. Заходзіш у першую – там спякотна, пыльна і цёмна. Сонечныя промні прасочваюцца скрозь шчыліны і адтуліны імправізаваных сценаў, а хісткі вентылятар пад столяй над тваёй галавой гудзіць так шумна, быццам ён няспраўны. У пакоі ёсць толькі адзін драўляны стол, на ім – пакрыты пылам персанальны кампутар антыкварнага выгляду, быццам яго толькі што прынеслі з музея. За сталом сядзіць араб, паглыблены ў чытанне газеты. Больш у пакоі нікога няма.

Чакаю. Азіраюся наўкол і вырашаю не сядаць на тое, што калісьці было канапай. Чакаю далей. Араб перагортвае старонкі газеты. Ніхто болей не ўваходзіць. Прыблізна праз 10 хвілінаў араб складае сваю газету і робіць знак рукою, запрашаючы мяне падысці да стала. Падаю яму пашпарт, ён праглядае яго. Затым ён уручае мне форму і, жэстыкулюючы рукою, кажа на ледзь зразумелай ангельскай мове: “Наступная хаціна. Наступная хаціна.”

І вось, з пашпартам і формай я заходжу ў сумежную рыфлёную хаціну. Інтэр’ер практычна ідэнтычны папярэдняму. Такія ж стол і крэсла, пакрытыя пылам. Такі ж антыкварны кампутар і такі ж зламаны хісткі вентылятар пад столяй. Выпадковыя палоскі сонечнага святла, што прарываюцца скрозь сцены і столю, на  імгненне губляюцца ў патоку яркага святла, калі за маёй спінай адчыняюцца дзверы. Уваходзіць той самы араб з першай хаціны і спакойна уладкоўваецца за сталом. Ён чакае некалькі хвілінаў, потым знакам запрашае мяне падысці і паказвае, што я мушу даць яму пашпарт і форму, якую толькі што атрымаў.

На гэтай стадыі я сур’ёзна задумаўся пра рэальнасць гэтага дзіўнага працэсу, аднак араб ставіць пячатку на маёй форме і кажа тым самым сухім дзелавым тонам: “Наступная хаціна. Наступная хаціна”.   

Я бяру сваю праштампаваную форму, прыпыняюся на імгненне, затым праходжу ў трэцюю заняпалую напаўразваленую хаціну з гафрыраванага жалеза. І… так, яна дакладна такая ж. Цёмная і пыльная, з такім жа сталом, такім жа прымітыўным кампутарам, такой жа разваленай канапай і такім жа хісткім вентылятарам пад столяй. І зноў жа, там пуста. Чакаю ўсяго некалькі хвілін, і зноў той самы араб уваходзіць і спакойна ўладкоўваецца на працоўным месцы за пыльным драўляным сталом. Ён сядзіць, перакладае паперы на стале, потым робіць знак, каб я падышоў. Ён бярэ маю праштампаваную форму, праглядае яе, пасля кладзе на пыльны латок для паперы, ставіць штамп у маім пашпарце і кажа: “Гатова.”

Нават не ведаю, ці голасна рассмяяцца, ці зрабіць спробу патлумачыць, якім чынам гэткі адміністрацыйны працэс можна было б паскорыць, на будучыню. Я вырашаю проста сказаць “дзякуй”, забраць свой пашпарт і выйсці.

Адчуванне, што ўдзельнічаў у фарсе Монці Пайтан.

...У дадзены момант Скот Сноўдэн знаходзіцца на невялікім караблі, што плыве па акіяне на дакладна супрацьлеглым ад ААЭ баку зямной кулі.

Скот Сноўдэн даў інтэрв'ю брытанскаму рэсурсу напрыканцы 2011 года.

Крыніца journalism.co.ukпераклад Наталлі Аляксандравай