Навіны і артыкулы

Сафі Хейнэ: Журналіст-фрылансер павінен увесь час быць напагатове

Сафі Хейнэ: Журналіст-фрылансер павінен увесь час быць напагатове

Вядомая шведская журналістка-фрылансерка Сафі Хейнэ дае парады, як быць паспяховым у фрылансе. ...

 

Сафі Хэйнэ наведвала Мінск з адкрытай лекцыяй аб фрылансе ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Даведаўшыся, што гуру фрыланса ў Беларусі, сябры БАЖ папрасілі правесці сустрэчу з калегамі. Журналістка распавяла пра ўласны досвед ды ўмовы працы журналістаў-фрылансераў у Швецыі, а таксама дала рэкамендацыі, як можна пражыць у рэжыме фрыланс цэлае жыццё.

Што такое фрыланс?

Часта многія людзі нават у Швецыі думаюць, што фрылансер – гэта беспрацоўны журналіст, які не можа знайсці сталай працы, альбо гэта чалавек, які займаецца журналістыкай як хобі.

Але трэба цвяроза разумець, што фрылансер – гэта паўнавартасны журналіст і прадпрымальнік. У мяне асабіста ёсць уласная старонка ў інтэрнэце, каб рэкламаваць сваю дзейнасць. Калі я пачынала працаваць, то самарэклама абсалютна мяне не цікавіла. Але потым я разумела, што, калі журналіст-фрылансер хоча выжыць, да такой рэкламнай дзейнасці трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

Часам ствараецца ўражанне, што фрылансер – гэта чалавек адзінокі, бо сядзіць дома, а не ў рэдакцыі. Але пры гэтым журналіст застаецца і незалежным. Калі ў мяне з’яўляецца нейкая ідэя, я тэлефаную ў рэдакцыю і распавядаю рэдактару сваю задуму, але не сяджу там увесь час.

Калі чалавек робіцца фрылансерам?

Для гэтага ў Швецыі нічога асаблівага не патрабуецца: ты працуеш так, як і іншыя журналісты. Каб трапіць у Шведскі саюз журналістаў, трэба мець альбо журналісцкую адукацыю, альбо стала працаваць у СМІ, альбо мець 60 і больш адсоткаў даходу ад журналістыкі.

Большасць фрылансераў выбіраюць магчымасць адкрыць уласнае прадпрыемства. Для гэтага неабходна выслаць свае дакументы ў рэгіструючыя органы, атрымаць рэгістрацыю і ў саюзе журналістаў атрымліваць прэс-карту. Усё!

У шведскім саюзе журналістаў прыкладна 25% сябраў з’яўляюцца фрылансерамі. У нас нават ёсць адмысловы аддзел у саюзе па працы з фрылансерамі, бо іх колькасць увесь час расце. Шведскі саюз журналістаў дапамагае фрылансерам у пытаннях аўтарскага права, вызначэння ўзроўню ганарараў, падаткаабкладання і агульнага прававога статусу фрылансераў.

Секцыя фрылансераў у саюзе журналістаў таксама ладзіць шмат сустрэч для журналістаў-фрылансераў, бо фрылансерам важна сустракацца і абмяркоўваць супольныя праблемы. Часта на такія сустрэчы запрашаюць рэдактараў тых ці іншых выданняў, каб абмеркаваць набалелае ці пэўныя прапановы.

Што тычыцца статусу – фрылансер у Швецыі з’яўляецца такім жа журналістам, як і штатныя супрацоўнікі, бо прэс-карты наконт прыналежнасці чалавека да журналісцкай прафесіі мае права выдаваць не толькі рэдакцыі СМІ, але і журналісцкі саюз. Рэдактары шведскіх СМІ таксама ставяцца да фрылансераў з павагай, актыўна кантактуюць і з задавальненнем размяшчаюць матэрыялы журналістаў, якія не ўваходзяць у штат іх СМІ.

Якія небяспекі чакаюць фрылансераў?

Вельмі часта фрылансеры трапляюць у складаныя сітуацыі, бо пазбаўленыя юрыдычнай і іншай абароны рэдакцыі. Напрыклад, пры працы за мяжой ці ў гарачых кропках, дзе яны не маюць акрэдытацыі мясцовых уладаў, бо не працуюць на канкрэтны СМІ. Найлепшая абарона для журналіста ў такіх паездках – гэта прапісаныя ў кантракце гарантыі: страхоўка, гарантаваная аплата выдаткаў і гэтак далей.

Колькі павінен зарабляць фрылансер?

Пры запатрабаванні ганарару ў Швецыі журналісты ў першую чаргу кіруюцца тым, колькі часу пайшло на напісанне дадзенага матэрыялу. Рэкамендацыі тут наступныя: 1 гадзіна, паводле рэкамендацый саюза журналістаў, павінна каштаваць 100 еўра. Адпаведна, дзень працы журналіста – 720 еўра. Хоць у гэтай сферы ёсць вельмі шмат акалічнасцяў, бо часам журналісту за матэрыял могуць залічыць адзін дзень працы, а адзін дзень у яго толькі сыходзіць на тое, каб дабрацца да месца падзеяў.

Ёсць таксама адмысловы сайт www.arvodesguiden.se, дзе журналісты дзеляцца паміж сабой інфармацыяй пра памер ганарараў у тым ці іншым выданні. Наяўнасць такога сайта дазваляе зрабіць гэтую сферу максімальна адкрытай.

Што тычыцца падаткаў – у Швецыі яны, разам з пенсійнымі і медыцынскімі адлічэннямі, забіраюць 30% прыбытку.

Як працуеце Вы асабіста?

У сваім доме пад Стакгольмам у мяне ёсць працоўны кабінет. Яшчэ адно маё працоўнае месца знаходзіцца ў co-working, дзе працуюць яшчэ некалькі журналістаў-фрылансераў. Такі другі офіс я лічу вельмі карысным, бо тут мы можам паміж сабой кантактаваць, дзяліцца нейкімі прафесійнымі сакрэтамі, абмяркоўваць прафесійныя пытанні. Гэты офіс належыць невялікаму журналісцкаму аб’яднанню, дзе мы ўсе разам складаемся і плацім арэндную плату.

Што да тэмаў – для таго, каб выжыць, фрылансеру трэба мець нейкую ўласную нішу. Я асабіста раблю радыёгазеты для людзей з кепскім зрокам, спецыялізуюся на праблемах людзей з інваліднасцю. Таксама пішу для розных газет і часопісаў. Каб знайсці ўласную нішу, фрылансер павінен “прасканаваць” рынак і знайсці там сваё месца. Добра, калі гэта будзе нейкі ўнікальны ўласны накірунак.

Калі ў мяне з’яўляецца ідэя нейкага журналісцкага матэрыялу, я адразу думаю – якому выданню гэты матэрыял прадаць і ў якім выглядзе. І пасля гэтага пачынаю працу, дамаўляюся з выданнем, падпісваю пагадненне, рыхтую альбо радыё-, альбо пісьмовы матэрыял, прыкладаю фотаздымкі. І пасля перадаю ў рэдакцыю гатовы матэрыял згодна з ранейшымі дамоўленасцямі.

Бывае, што папярэдняга пагаднення з канкрэтнай рэдакцыяй у мяне няма, таму я дасылаю ўжо гатовы матэрыял у канкрэтнае выданне са сваімі патрабаваннямі па аплаце. Калі рэдакцыя зацікаўленая, яна можа са мной звязацца, падпісаць кантракт і апублікаваць дадзены матэрыял.

Якія агульныя парады журналістам-фрылансерам?

Я лічу, што журналіст-фрылансер павінен разбірацца ў заканадаўстве, знайсці нейкую ўласную "фішку", быць адказным, вельмі пільна ставіцца да заключэння кантрактаў з рэдакцыямі. Пажадана, каб журналіст, які імкнецца, каб у яго замаўлялі больш матэрыялаў, быў увесь час на сувязі -- каб рэдакцыя магла тэрмінова з ім звязацца, і каб яго кантакты былі на заўважным месцы на асабістай старонцы.

Таксама для фрылансера вельмі важна ведаць кошт уласнай працы і настойваць на годнай аплаце. Адсочваць закранутыя тэмы, сачыць за публікацыямі калегаў па дадзенай тэматыцы. Журналіст-фрылансер павінен увесь час быць напагатове. Менавіта тады ён можа стаць паспяховым.

Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"