Навіны і артыкулы

Сапраўдны фрылансер: Фрэдрык Нэйман (Швецыя)
FBB

Сапраўдны фрылансер: Фрэдрык Нэйман (Швецыя)

Журналіст са Швецыі Фрэдэрык Нэйман расказвае, чаму стаў фрылансерам і як такая доля прывяла яго на пірушку з віцэ-мэрам Данецка. ...

— Чаму Вы вырашылі стаць фрылансерам?

— Каля дзесяці год я быў журналістам Expressen, адной з найбуйнейшых газетаў Швецыі. Працаваць у рэдакцыі было весела і цікава, але, у пэўным сэнсе, я дасягнуў там сваёй столі. Мне хацелася рабіць штосьці іншае, і заняцца гэтым самому. Не шкадую аб гэтым ані на хвіліну.

— Ці навучаліся Вы фрыланс-журналістыцы? Калі так, то дзе?

На пачатку маёй журналісцкай кар’еры я не ведаў нічога пра фрыланс. Я навучаўся ў Poppius Journalist School у 80-х гадах мінулага стагоддзя, і нам там анічога не распавядалі пра журналістыку ў фармаце фрылансу.

— І як вы сталіся фрылансерам?

— Я хацеў быць сам сабе босам.

— Ці спецыялізуецеся Вы ў пэўнай галіне? Пра што Вы пішаце?

— Я пішу на розныя тэмы, але пераважна пра эканоміку, СМІ і журналістыку. Таксама спецыялізуюся ў тэматыцы фрылансу, з’яўляюся суаўтарам падручніка для журналістаў-фрылансераў.

— У якіх выданнях Вы друкаваліся?

— Я ўжо збіўся з ліку. У мяне выйшла не менш як дзесяць тысячаў публікацыяў у розных газетах, часопісах і кнігах.  

— Якімі артыкуламі і ў якіх выданнях Вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Калі мы разам з калегам раскапалі гісторыю пра заснавальніка Шведскай футбольнай асацыяцыі і распаўсюдзілі яе ў СМІ. Гэты чалавек быў нацыстам падчас вайны і пасля яе. У выніку з’яўлення артыкулаў на гэтую тэму Асацыяцыя перастала выдаваць свой першапачатковы кубак пераможцам гульняў Шведскай футбольнай лігі. Ім давялося вырабіць новы кубак з новай назвай.

— Якія найлепшы і найгоршы аспекты фрылансу?

— Свабода, перамены, а таксама магчымасць рабіць шмат розных рэчаў у журналістыцы. Напісанне артыкулаў і кнігаў, выкладчыцкая дзейнасць, праца па праектах за мяжой.

Аднак здараецца, што я сумую па вялікім ньюзруме, асабліва падчас нейкіх вялікіх падзеяў.

— Ці адбываліся з Вамі цікавыя або смешныя здарэнні, звязаныя з Вашай працай у фрыланс-журналістыцы?

— Так, багата. Адзін такі выпадак здарыўся, калі я працаваў ва Украіне па праекце Шведскай асацыяцыі журналістаў. Ні з таго, ні з сяго падчас семінару па журналісцкай этыцы ў аўдыторыі з’явілася кабета ў вельмі кароткай міні-спадніцы. Яна прадставілася і запрасіла мяне на вячэру з віцэ-мэрам Данецка ў той самы дзень. Я распытаў маіх украінскіх калегаў пра гэтую кабету і пра дзіўнае запрашэнне. На што яны адказалі, што мы ўсе разам пойдзем на тую вячэру, і што віцэ-мэр – вельмі важная персона. Увечары нас адвезлі на чорным лімузіне ў рэстарацыю з экстравагантнай падлогай у выглядзе акварыўма, кандэлябрамі ды іншымі прыбамбасамі. Вячэра была добрая, і віцэ-мэр нажлукціўся ўшчэнт. Раптам ён заявіў, што пакажа нам шахты. Проста зараз. Ён пабег па рэстарацыі да падначаленых, але ягоныя калегі запярэчылі, бо было ўжо занадта позна. Урэшце, праз якую гадзіну яны адвезлі нас назад у гатэль.